На территории агроусадьбы «Николаевский посад» появился кемпинг

Ушаччина туристическая

Аўтамабіль урэшце стаў для большасці з нас не раскошай, а сродкам руху, а цяпер актыўна набывае і яшчэ адну функцыю – сродку для адпачынку. Зараз у Еўропе, дзе аўтатурызм – адна з галоўных форм правядзення вольнага часу, зарэгістравана 26 тысяч кемпінгаў – спецыяльна абсталяваных месцаў, дзе маюцца ўмовы для прыпынку і пражывання ў палатках і кемперах (“дамах на колах” ці пры­чэпах-дачах). З нядаўніх пор гэты перспектыўны напрамак стаў актыўна развівацца і ў Беларусі: толькі сёлета ў нашай краіне створана паўтара дзясятка кемпінгаў, а да канца года плануецца адкрыццё яшчэ больш 30-ці.

Прыемна, што з’явіўся такі турыстычны аб’ект і на Ушаччыне: многія, напэўна, ужо звярнулі ўвагу на знак-указальнік, нядаўна ўстаноўлены на дарозе ля вёскі Сержаны. Зараз аўтатурысты, якія падарожнічаюць па навакольных мясцінах, змогуць зрабіць прыпынак на тэрыторыі аграсядзібы “Мікалаеўскі пасад”, каб пераначаваць, прыгатаваць ежу, прывесці сябе ў парадак. У адпаведнасці з патрабаваннямі да кемпінгаў, тут маецца месца для паркоўкі і ўстаноўкі палатак, водаправод і электрычнасць, можна скарыстацца кухняй, душам і нават лазняй, зняць пакой для начлегу, да паслуг турыстаў таксама мангалы, альтанкі, спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі, ёсць і “фірменныя” бонусы – магчымасць запячы на вячэру выгадаваную на сядзібе качку ці паласавацца казіным малаком. Вось як тлумачыць рашэнне адкрыць на тэрыторыі сваёй аграсядзібы кемпінг гаспадар Мікалай Дзмітрыевіч Падрэз:

– Лічу гэты від адпачынку вельмі перспектыўным – ён эканамічны і разам з тым аптымальны для многіх: у распараджэнні турыстаў усе даброты цывілізацыі, але пры гэтым яны адчуваюць сябе “дзікімі” падарожнікамі, не залежаць ад шаблонных маршрутаў і раскладаў.

Падзяляе гэтае меркаванне і старшыня ФСК “Ураджай” Дзмітрый Пятровіч Дрозд:

– Кемпінгавы турызм, які адрозніваецца сваёй эканамічнасцю, можа стаць у Беларусі такім жа маштабным і паспяховым, як аграэкатурыстычны напрамак. Зацікаўленыя асобы, якія маюць намер паспрабаваць сябе ў гэтай сферы, могуць атрымаць неабходныя звесткі, звярнуўшыся ў турыстычна-інфармацыйны цэнтр, размешчаны па адрасе: г.п.Ушачы, Ленінская, 12, каб. 77, або па тэлефоне: 2-06-61.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *