Участники Молодечненского туристического клуба «Пилигрим» посетили Ушаччину в рамках велопохода

Калейдоскоп Ушаччина туристическая

Сабрацца ў велапаход – справа не аднаго дня. Каля года спатрэбілася вопытнаму турысту, кіраўніку маладзечанскага клуба “Пілігрым” Сяргею Бялкову, каб распланаваць разам з падарожнікамі цікавы маршрут. І абавязкова ўключыць у яго Ушацкі раён, у якім дагэтуль ніхто з іх не бываў.

– Мы ўжо аксакалы, не адно дзесяцігоддзе па Беларусі, ды не толькі, ездзім, – дзяліліся з намі ў мінулую сераду ўдзельнікі велапаходу, а гэта 12 турыстаў з Маладзечна, Мінска, Барысава. – Кожнае лета абавязкова кудысьці выбіраемся. Раней рабілі гэта з дзецьмі, але тыя выраслі – давялося “перакваліфікаваць” вандроўкі з сямейных у спартыўныя.

Цяперашні ж для “пілігрымаўцаў” у многім асаблівы. Па-першае, супаў з часам правядзення Другіх Гульняў краін СНД (турысты рушылі ў шлях 6 жніўня, а фінішыравалі 13-га). Па-другое, непасрэдна падчас вандроўкі двое атрымалі медалі ветэранаў спартыўнага турызму і альпінізму Рэспублікі Беларусь, а адной жанчыне, якая ўпершыню пераадолела на веласіпедзе 300 кіламетраў, прысвоены трэці спартыўны разрад па турызме.

– Пабывалі ўжо ў Полацку, наведалі музей універсітэта, паслухалі канцэрт арганнай музыкі. Ну а цяпер атрымліваем асалоду ад убачанага на Ушаччыне, – казалі госці раёна. – Возера Крывое – сапраўды ўнікальнае: не раз чулі, што яно славіцца празрыстасцю вады на 13 метраў, а зараз і самі ў гэтым упэўніліся.
Не менш эмоцый выклікала ў турыстаў Вечалле – з незвычайнымі краявідамі, годна абсталяваным пляжам. Наша ж з імі сустрэча адбылася ля дома-музея Рыгора Барадуліна па вуліцы Школьнай у райцэнтры, пасля чаго работнікі раённай бібліятэкі правялі для гасцей невялікую экскурсію, пазнаёмілі з біяграфіяй, творчасцю пісьменніка і гісторыяй ушацкага краю.

– Для цікавых вандровак, нават такіх працяглых, як нашы, не абавязкова мець наварочаны веласіпед, – заахвочвае ўсіх на карысны занятак майстар спорту С.Бялкоў. – Мой, напрыклад, падарылі сябры ў 1986-м. Канечне, колы, хадавая частка мяняліся, а вось рама, руль, скураное сядзенне – ранейшыя. Савецкая якасць транспартнага сродку на вышыні!
Пасля нашага раёна падарожнікі накіраваліся ў Глыбокае, Варапаева, ну а потым на цягніку вярнуліся ў Маладзечна. Дарэчы, з думкай пра тое, каб у бліжэйшай перспектыве яшчэ большым саставам зноў трапіць, хаця б праездам, на Ушаччыну – надта даспадобы прыйшлася яна ўсім!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *