Сельский городок – сердцу милый уголок, или Как в Ореховно отмечали День агрогородка?

Благоустройство Наши земляки Общество

Маёнтак, вёска, аграгарадок – усё гэта пра населены пункт Арэхаўна, што ўтульна размясціўся непадалёк ад райцэнтра. У мінулую суботу тут ладзілася адметнае мерапрыемства – свята аграгарадка. Арэхаўна за апошні час непазнавальна змянілася і  вось ужо з 2005 года мае адпаведны статус. Пабывалі на мерапрыемстве ў Арэхаўне і мы. Хто быў у той дзень на свяце – успамінайце, а хто не прысутнічаў, па-добраму зайздросце.

Дзень аграгарадка на Ушаччыне праводзіўся ўпершыню. Яшчэ задоўга да пачатку мерапрыемства парк у Арэхаўне поўніўся музыкай, а мясцовыя жыхары займалі лепшыя “глядацкія пазіцыі”. І хоць надвор’е выдалася халаднаватым і ветраным, вяскоўцы адклалі ўбок дамашнія клопаты і, думаецца, не пашкадавалі аб гэтым.

Калі прымалася дзяржаўная праграма будаўніцтва аграгарадкоў, па рашэнні райвыканкама менавіта Арэхаўну наканавана было стаць першапраходцам. Людзі тут заўсёды ўмелі і ўмеюць працаваць, ствараючы не толькі матэрыяльныя каштоўнасці, але і актыўна развіваючы сацыяльную сферу. Цяпер гэта сапраўдны сацыяльна-культурны сельскагаспадарчы цэнтр. У адпаведнасці са стандартамі тут ёсць неабходная інфраструктура: дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры, бібліятэка, магазін, лазня, ашчадная каса, аддзяленне сувязі і інш.  А нядаўна ў цэнтральным парку з’явілася яшчэ сучасная дзіцячая пляцоўка, якую сельвыканкам набыў за ўласныя сродкі. Дарэчы, побач з ёй у самым разгары будаўніцтва дзіцячага дому сямейнага тыпу, а гэта значыць, што дзетак, якія бавяць час на пляцоўцы, стане яшчэ больш.

Добрыя вынікі ў працы паказваюць работнікі сельскай гаспадаркі – КУСГП “Арэхаўна” і ПУП “Сарочына”. Менавіта іх рукамі аблашчаны навакольныя шчодрыя палеткі і тутэйшыя жывёлагадоўчыя комплексы.

Арэхаўна пастаянна прыгажэе, абнаўляецца. Старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч адзначыла, што аграгарадок добра падрыхтаваўся да свайго свята і сустракае гасцей чыстымі вуліцамі і стракатымі ад кветак палісаднікамі. Трэба ўсім пастарацца, каб прыгожы і дагледжаны выгляд Арэхаўна захоўвала заўсёды.

Прозвішчы тых, хто найбольш вызначыўся ў навядзенні парадку на прысядзібнай тэрыторыі, агучыла старшыня Сарочынскага сельвыканкама Л.Я.Птушка. Памятныя сувеніры і шыльды з назвай “Дом узорнага парадку” яна ўручыла сем’ям Літвін, Карбоўскіх, Сяргеевых і Малак, а таксама Бязрукавых, Шчарбаковых, Курбакаў. Дарэчы, кветкі і падарункі ў гэты дзень атрымала ад арэхаўцаў і сама Людміла Яўгенаўна (на здымку) – так склалася, што свята аграгарадка амаль супала з юбілеем жанчыны.

Гонарам для жыхароў Арэхаўна з’яўляецца мясцовая школа і педагагічны калектыў установы. Падрастае на добрай глебе і таленавітая моладзь. З задавальненнем у час святкавання можна было пазнаёміцца з выставай вырабаў школьнікаў, а таксама іншых майстроў і ўмельцаў Ушаччыны.

У любой мясцовасці галоўнае багацце – людзі. Арганізатары мерапрыемства віталі самых старэйшых арэхаўцаў, якія прысутнічалі на свяце: Зою Сямёнаўну Лісоўскую (1925 г.н.), Міхаіла Паўлавіча Долгага (1928 г.н.). Кранальным быў успамін пра воінаў-землякоў, якія загінулі ці прапалі без вестак у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Самыя шчырыя словы – мнагадзетным матулям і тым сямейным парам, што крочаць разам па жыцці больш за 50 гадоў. Самая маладая сям’я, якая зарэгістравала свой шлюб, – Наталля Долгая і Вадзім Храпавіцкі. А самы малады жыхар Арэхаўна нарадзіўся ў сям’і Вольгі і Гурбана Гасанавых  22 жніўня – дачка Эльміра. Дзяўчынка салодка спала ў калясцы і нічога яшчэ не разумела, але менавіта ў ёй і такіх, як яна, дзетках — будучае аграгарадка. І яно, гэта будучае, весела смяялася, бавіла час на новай дзіцячай пляцоўцы, удзельнічала ў гульнях і забавах…

У перапынках паміж выступленнямі самадзейных артыстаў ветлівыя арэхаўцы вялі размовы між сабой і з гасцямі свята. Аб жыцці, прыемных зменах, аб тым, як яны прызвычайваюцца да гэтага, шануючы тое добрае, што з’яўляецца.

Некалькі гадзін доўжылася афіцыйнае святкаванне. Але прамільгнулі яны непрыкметна, настолькі насычаным, цікавым, захапляльным быў сцэнарый. Практычна кожны жадаючы меў магчымасць прыняць актыўны ўдзел у мерапрыемстве: хочаш – спявай разам з артыстамі, хочаш – танцуй пад іх музыку і спевы. Усюды ў гэты дзень панавалі ўзнёслы настрой і шчырая ўдзячнасць  арганізатарам свята. І як адзначыла селькам аграгарадка Арэхаўна (менавіта так тут гучыць пасада старэйшыны) Г.Б.Троцкая, з такім жа  настроем мясцовыя жыхары маюць намер прыняць удзел 23 верасня ў выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *