«Клюнули» на экономию — переплатили вдвое

Выясняем ситуацию

“Цэптар, цэптар, посуд, чулі”, – жэстыкулюючы, на польска-беларускай мове тлумачыў мужчына.
Хто ж з жанчын не чуў пра “Цэптар” і не марыў набыць хоць адзін прыбор гэтай маркі. А тут такі шанс. Нават меней, чым за палову кошту. Няхай і не цэптар, але пабудаваны на тым жа прынцыпе варкі без вады, з выдатнага металу, прыгожы знешне, з тэрмадатчыкамі на накрыўках… і цэлы камплект адразу.

Гэты камплект на наступны дзень і паказвала мне суседка. Шэсць каструль, патэльня, падстаўкі, накрыўкі, сапраўды прыгожы дызайн, не меней прэзентабельная ўпакоўка, інструкцыя – кніга з мелаванай паперы і такі ж дарагі буклет з цэннікамі, на якіх самая маленькая рэч каштуе пад 70 еўра. Адным словам, посуд мне спадабаўся. А калі пачала расказваць пра набытую на вуліцы пакупку знаёмай мінчанцы, тая рассмяялася і сама даказала тое, што не паспела паведаць я.
– Паляк? Не адбылася прэзентацыя новага посуду? Не хацеў з ім ехаць праз мытню? Прадаваў за палову кошту? Трэба ж. І да Ушачы дабраліся, а легенду так і не памянялі. – І паказала каструлю, набытую некалькі гадоў таму на адной з ціхіх вулачак Мінска. – Я люблю на ёй агародніну тушыць, вады сапраўды амаль не дабаўляю.
Як вы разумееце, практычна аднолькавы посуд толькі праз некалькі год з рук на вуліцы набылі дзве мае знаёмыя. Здаецца, як можна нешта набываць вось так, на вуліцы, у першага стрэчнага. Нават малыя дзеці ведаюць, што нельга. А тут дарослыя людзі адважыліся на пакупку, і што цікава, ініцыятарамі былі нават не жанчыны, а іх мужы.
– Калі цягнулі дадому гэты кораб, баяліся, каб там цэглы ці камянёў замест каструль не аказалася, – дабаўляў гаспадар. І мы ўсе утрох меркавалі, што гэта – гіпноз, калі людзі, нават не праверыўшы як след тавар, кінуліся здымаць з банкамата кругленькую суму. – І яшчэ дзіўна, што сайт кампаніі-вытворцы нідзе не пазначаны.
Праз некалькі хвілін пасля ўбачанага я ўжо шукала ў інтэрнэце кампанію “HOFFBURG”. Знайшла без праблем. Праўда не сайт кампаніі, а ссылку, што яго няма і яшчэ шмат цікавых водгукаў аб каралеўскім посудзе, як яго прэзентуюць.
Прачытала, што сплаў металу сапраўды трывалы і неблагі – не саступае іншаму посуду з нержавейкі. Трывалы, дно ж сямі- ці нават дзевяціслойнае, эканамічны – гатуецца па прынцыпе скараваркі: на маленькім агеньчыку і не трэба здымаць шкляную накрыўку. Распаўсюджваецца пераважна праз інтэрнэт-магазіны і коміваяжораў. Яны ходзяць па арганізацыях, дамах, пераважна па акраінах, а зарабляюць многія… на розніцы, на якую давядзецца раскруціць пакупніка. Было прыгадана на сайтах і некалькі гісторый, падобных на нашу, праўда з удзелам расіян, і пераплацілі пенсіянеры тады значна больш, чым мае суседзі.
Так, менавіта ў гэтым і быў сакрэт. У інтэрнэт-магазінах такі набор у залежнасці ад камплектнасці можна было набыць ад 1 мільёна 300 тысяч да 1 мільёна 900. І нават з камплектам ножыкаў, якія ледзь умясціліся ў чамаданчыку на трох ярусах (яго “падарылі” прадаўцы), мае знаёмыя ўсё роўна пераплацілі.
Гэтая гісторыя, як чамадан з двайным дном. На першым – адкрытым узроўні – перасцярога ўшачанам, што з машыны з польскімі нумарамі, якія, дарэчы, круціліся па розных вуліцах гарпасёлка і наваколля, вам могуць прапанаваць “HOFFBURG” ці нешта падобнае (кампаній, дарэчы, з падобным посудам хапае). На патайным – наша жаданне быць падманутым. Колькі гатовы мы аддаць за модную наклейку, “дзешавізну”, верачы ўсяму на слова. “Купляюцца” на падобныя расказы як правіла людзі вясковыя, якія не ведаюць сённяшняга багацця выбару. Мае ж знаёмыя – гараджане.
У кожнага, пераканана, ёсць свая падобная гісторыя. Жадаем даведацца пра лёс – застаёмся без усяго золата, што было апранута. Падзяліліся на трасе бензінам, а нам у знак удзячнасці за паўцаны прапануюць “залаты” пярсцёнак, які чарнее праз некалькі хвілін пасля пакупкі. Колькі прыдумана схем, каб мы клюнулі на эканомію і пераплацілі ўдвая. Цэлая армія махляроў толькі гэтым і зарабляюць на жыццё. Дарэчы, і тавар, што прапануюць нам у кабінетах, у магазінах звычайна аказваецца танней. І тую гарантыю, што пазначана на посудзе, проста няма каму будзе прад’яўляць.
Суседка, дарэчы, посудам задаволена. І тая пераплата – самае бяскрыўднае, чым магла закончыцца гэтая гісторыя. Бо набыць за некалькі мільёнаў можна было сапраўды і камні, і цэглу, і метал, што “тае” на агні.
В.КАРАЛЕНКА.



2 комментария по теме “«Клюнули» на экономию — переплатили вдвое

  1. Сьмешна :-). Але ж лахоу заусёды «кiдалi». Цiкава толькi чаму аутарка артыкулу не напiсала, што прадалi ушацкiм тое брэндаванае лайно цыганы. Палiткарэктнасьць?

  2. для сведения — в Хмельницком такие наборы стоят от 450 до 700 тысяч в зависимости от комплектации.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *