Ответы на актуальные вопросы торговли получили читатели во время «прямой линии»

Зваротная сувязь

Практычна кожны, хто дазваніўся на “прамую лінію” з начальнікам аддзела эканомікі Ушацкага райвыканкама Т.У.ДЗЯМЕШКАЙ і старшынёй праўлення райспажыўтаварыства У.М.КРУГЛІКАМ, задавалі не па адным пытанні. І хоць не на ўсе можна было даць адказы адразу і не ўсе яны задавальнялі заяўнікаў, усё ж прайшла адведзеная гадзіна вельмі прадуктыўна, а сёння нашы чытачы могуць атрымаць адказы правераныя і абгрунтаваныя. І хоць пытанні мелі прывязку да канкрэтных адрасоў, адказы на іх датычацца літаральна ўсіх жыхароў раёна.

З.Л.Бурнейка скардзілася на малы асартымент тавараў для дыябетыкаў. Салодкага хапае, а вось хлеба, абястлушчанага тварагу, кефіру жанчына можа знайсці не заўсёды.
– Заяўкі даём. І хоць “Савушкін прадукт” апошнім часам абмяжоўвае пастаўкі, гарантую, што на мінулым тыдні малочная прадукцыя з паніжаным утрыманнем тлушчу ў магазінах была, правяраў асабіста, – запэўніў старшыня райспажыўтаварыства. – Мабыць на час вашага наведвання разабралі. Кожную пятніцу ў “Цэнтральны” будзем завозіць і дыябетычны хлеб.
Чаму б не адкрыць у райцэнтры камісійны магазін. У аддзеле, які існуе, прымаюць толькі новыя рэчы з этыкеткай, – задала яшчэ адно пытанне наша чытачка.
Пасля ўдакладнення Уладзімір Мікалаевіч даў наступны адказ: “Рэчы ў камісійным аддзеле магазіна “Абутак” прымаюць не толькі з этыкеткай, але і няновыя, галоўнае патрабаванне – каб мелі таварны выгляд. Калі плошчы аддзела не будзе хапаць, будзем шукаць іншыя памяшканні для адкрыцця магазіна”.
– Чаму ў аўтакраме няма касавага апарата? Ды і шыльду з надпісам тавараў варта было б памяняць, – паступіла пытанне ад жыхароў вёскі Любжына, якое таксама патрабавала высвятлення.
Паколькі літаральна ўсе аўтамагазіны маюць касавыя апараты, іх адсутнасць тлумачыцца толькі няспраўнасцю, што і пацвердзілася.
Чаму камбікорм на ПУП “Сарочына” каштуе 66 тысяч, а ў сістэме райспажыўтаварыства 98? Ці магчыма пры такіх цэнах трымаць падсобную гаспадарку, хацелася б, каб завозілася нешта патанней, – Л.М.Клімашэўская задала праблемнае пытанне наконт эканамічнай немэтазгоднасці трымання гаспадаркі.
Уладзімір Мікалаевіч адказаў, што на камбікорм нацэнка мінімальная, усё залежыць ад цаны вытворцы, расфасоўкі і інгрэдыентаў. Таваразнаўцы таварыства патлумачылі, што райспажыўтаварыства на цяперашні момант гандлюе барысаўскім камбікормам, які мае не 30, а 35 кілаграмаў расфасоўкі, а віцебскі, які танней, на справе не камбікорм, а кармавая дабаўка. Аднак таваразнаўцы атрымалі загад заказваць розную прадукцыю: як якасны грануляваны камбікорм, так і вотруб’е.
Г.Б.Троцкая як старэйшына аграгарадка Арэхаўна пыталася, калі іх магазін зробяць універсамам, бо зараз вялізныя плошчы выкарыстоўваюцца неэфектыўна, тавар згрувашчаны, немагчыма разгледзець надпісу, праверыць тэрміны рэалізацыі.
У.М.Круглік адказаў, што ў 2013 годзе магазін аграгарадка Арэхаўна стане ўніверсамам. Ён абверг версію жыхароў, што на вёску тавар, у прыватнасці каўбаса, паступае з вышэйшай гандлёвай надбаўкай. “Па ўсім раёне, — запэўніў Уладзімір Мікалаевіч, — нацэнкі аднолькавыя, што-небудзь можа быць танней у “Родным куце”, на каўбасы ж нацэнкі ўсюды мінімальныя, на вараныя – 12 працэнтаў, на вэнджаныя – 16”.
В.М.Ражноўская пыталася, чаму бярэцца кошт за ўпаковачныя пакеты, і чаму на рынку ёй не дазвалялі гандляваць на месцах з подпісам “Мёд”.
– Не толькі ва Ушацкім райспажыўтаварыстве, а літаральна ва ўсіх магазінах краіны кошт упакоўкі закладваецца ў тавар. Выключэнне – поліэтыленавая плёнка, у якую абернуты сыр ці іншы тавар. Што датычыцца месцаў на рынку, то загадзя іх ніхто не выкупляе, адпаведна гандляваць уласнай прадукцыяй можна на адведзеных для гэтых мэт плошчах пры наяўнасці вольных месцаў.

Запісала Вольга КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Ответы на актуальные вопросы торговли получили читатели во время «прямой линии»

  1. Почти на все вопросы не конкретные ответы ,а отговорки вокруг да около

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *