Автономный пожарный извещатель может спасти вашу жизнь!

Cлужба-101

* У Віцебскім раёне бацькі без нагляду пакінулі шасцігадовага хлопчыка, які ў прамым сэнсе слова вырашыў пагуляць з агнём, у выніку чаго адбылося ўзгаранне ў жылым доме. На шчасце, адразу ж спрацаваў устаноўлены ў доме аўтаномны пажарны апавяшчальнік, удалося выратаваць хлопчыка і ліквідаваць пажар на ранняй стадыі.
* У Глыбоцкім раёне мужчына, седзячы на канапе, глядзеў тэлевізар і курыў. Праз некаторы час прачнуўся ад рэзкага і вельмі гучнага гуку пажарнага апавяшчальніка. Пакой быў напоўнены дымам, канапа разгаралася ад трапіўшай на яе цыгарэты. Грамадзянін выпаўз на вуліцу і з дапамогай суседзяў выклікаў выратавальнікаў.
* У навагоднюю ноч ва Ушачах адбылося ўзгаранне ў гаражы, прыстасаваным пад жылое памяшканне. У ім быў устаноўлены пажарны апавяшчальнік, які пры задымленні стаў падаваць гучныя сігналы. Іх пачула суседка і выклікала пажарных. Аднак мужчыну выратаваць не ўдалося, ён знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення, напэўна таму і не змог пакінуць памяшканне. Калі гукі пачулі суседзі, ужо задыхнуўся ў дыме.

За 2012 год у Віцебскай вобласці было зарэгістравана 7 выпадкаў станоўчай спрацоўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, у выніку якіх было выратавана 7 чалавек, у тым ліку і адно дзіця. Гэтыя лічбы можна смела памнажаць у некалькі разоў, бо выпадкаў, калі спрацоўваў апавяшчальнік і людзі не прыбягалі да дапамогі выратавальнікаў, намнога больш.
Аналіз паказвае, што часцей пажары адбываюцца ў начны час, калі людзі не могуць своечасова выявіць пажар і прыняць меры па яго ліквідацыі. Аўтаномны пажарны апавяшчальнік рэагуе на ўзнікшае задымленне і падае моцны гукавы сігнал, пачуць які можа нават чалавек, які спіць. Ён не патрабуе пракладкі лініі сувязі, дадатковага абсталявання. Малое энергакарыстанне дазваляе апавяшчальніку працаваць ад адной батарэйкі “Крона” на працягу двух гадоў. Ён прымацоўваецца да столі памяшкання шрубамі на адлегласці не меней 1 метра ад печаў і 0,5 м ад сцен. Найбольш эфектыўны варыянт устаноўкі апавяшчальніка — размяшчэнне па цэнтры столі ў кожным памяшканні кватэры або дома. Што ж датычыцца эксплуатацыі, то тут усё проста: па меры неабходнасці апавяшчальнік трэба чысціць ад пылу, замяняць батарэйку. Тэрмін службы прыбора – не менш 10 гадоў.
Пры здачы ў эксплуатацыю новых домаўладанняў наяўнасць у іх апавяшчальнікаў з’яўляецца абавязковай умовай, у астатніх жа ўстанаўліваць прыбор – пакуль рэкамендацыя.
Аўтаномны пажарны апавяшчальнік – гэта найбольш даступны сродак, здольны засцерагчы людзей і іх жыллё ад страшных наступстваў. Набыць яго нескладана, а кошт – практычна нулявы ў параўнанні з неацэнным чалавечым жыццём.
Набыць аўтаномны пажарны апавяшчальнік можна ў магазінах райспажыўтаварыства. У райцэнтры вы знойдзеце прыбор без праблем. Калі не будзе ў наяўнасці ў сельскіх магазінах, можна заказаць. Ёсць варыянт набыцця апавяшчальніка праз паштовыя аддзяленні. Кошт яго складае каля 80 тысяч рублёў.

Аляксей ПОЛАЗАЎ, в.а.начальніка дзяржпажнагляду.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *