Даже сложные задания на областной олимпиаде по белорусскому языку были по плечу Юлии Чигряй

Наши дети

Ці ведаеце вы, у якім годзе з’явіліся ў беларускай пунктуацыі такія знакі прыпынку, як, скажам, працяжнік, двукоссе ці дужкі? А ці змаглі б перакласці верш з рускай мовы на беларускую, захаваўшы пры гэтым яго сэнс, рыфму і рытм? Шчыра кажучы, асабіста я, маючы вышэйшую філалагічную адукацыю, з ходу з такімі заданнямі не справілася б. А гэта трэба было зрабіць не прафесіяналам, а простым школьнікам, якія прымалі сёлета ўдзел у абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

Дзесяцікласніца Юлія Чыграй з Глыбачанскай школы ўдзельнічала сёлета ў алімпіядзе не ў першы раз. Годам раней пасля перамогі на раённым этапе дзяўчына заваявала дыплом ІІІ ступені на вобласці. Аднак хоць вынік быў і прызавы, але не дазволіў школьніцы паехаць на рэспубліку, што, напэўна, і стала галоўным стымулам для далейшага самаўдасканалення ў гэтым накірунку. Юля ўсвядоміла галоўнае: каб мець поспех, трэба працаваць на апераджэнне: не толькі “штурмаваць” школьную праграму, але і знаходзіць дадатковую інфармацыю. Бо алімпіяда – гэта зачастую нестандартныя заданні, якія трэба разгадаць, дадумаць і рашыць, часам нават і сваім, арыгінальным спосабам. Крок за крокам прайшла яна разам са сваёй настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Т.П.Чумаковай, набліжаючы пастаўленую мэту. І вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць – сёлета ў школьніцы ўжо дыплом ІІ ступені і магчымасць выступіць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.
– Мне падабалася беларуская мова і літаратура яшчэ ў пачатковай школе, – расказвае дзяўчына. – Ужо ў чацвёртым класе пачала прымаць удзел у алімпіядах па прадмеце, у пятым – трапіла ў надзейныя рукі Тамары Пятроўны, якая пачала са мной плённа займацца. Як эстафетную палачку, перадавала яна мне спецыялізаваныя часопісы з заданнямі, падручнікі, дапаможнікі. Час ад часу заставаліся на дадатковыя заняткі пасля ўрокаў. Менавіта таму назваць цяперашнія вынікі выпадковымі было б няправільна.
Па словах Юлі, найбольш складаным аказаўся сёлета лінгвістычны конкурс, а самым хвалюючым – безумоўна, вуснае выказванне. Аднак дзяўчына добра справілася з хваляваннем, як арэшкі, разлузала ўсе заданні.
– Юля – незвычайная вучаніца, – гаворыць пра сваю выхаванку Т.П.Чумакова. – Сапраўды адораная ў класічным разуменні. У яе атрымліваецца многае, не толькі мой прадмет. Мае нестандартнае мысленне, жаданне ісці наперад. Яна не проста вучыцца, а вучыцца з цікавасцю, захапленнем. А значыць, працавала я недарэмна.
Абаяльная, кантактная, з пачуццём гумару і ўмеранай сціпласцю, Юля адразу ж выклікае прыязныя адносіны да сябе. Падчас нашага з ёю знаёмства дзяўчына апантана расказвала пра ўдзел у алімпіядзе, сваё захапленне беларускай мовай і літаратурай, аб планах на будучае. Дарэчы, размаўляла яна з намі выключна па-беларуску.
Думаецца, Юлі вельмі пашанцавала, што працуе з ёй менавіта Т.П.Чумакова – настаўніца з вялікай літары, сапраўдны прафесіянал, які самааддана выкладае прадмет ужо многія гады, шчодра дзеліцца набыткамі з вучнямі, не шкадуе ні сіл, ні часу для дасягнення поспеху. Сёлета Тамара Пятроўна магла пайсці на заслужаны адпачынак, аднак пакінуць на волю лёсу сваіх старшакласнікаў, у тым ліку Юлю, для якіх на парозе дарослага жыцця вельмі важна яе падтрымка і дапамога, яна не змагла. Гэта вялікае шчасце для школьнікаў, калі побач з імі такі настаўнік і чалавек, здольны нават на ахвяру дзеля сваіх выхаванцаў.
Шчыра віншуем Юлію Чыграй і Тамару Пятроўну Чумакову з перамогай і жадаем новых пакораных вяршыняў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *