Как юные ушачане отмечали Международный день защиты детей

Мир увлечений Наши дети

Свята, прысвечанае Міжнароднаму дню абароны дзяцей, у мінулую суботу сабрала разам многіх маленькіх жыхароў Ушаччыны. Арганізатары святочнай праграмы паклапаціліся, каб шматлікія мерапрыемствы прайшлі цікава, весела і з карысцю.

Пачалося дзейства на цэнтральнай плошчы гарпасёлка, дзе дзяцей і іх бацькоў віталі, запрашаючы на свята, пацешныя клоуны, а таксама вядомыя героі мультфільмаў. Малыя з задавальненнем разгадвалі загадкі, прымалі ўдзел у конкурсе “Рыбалка”, правяралі свае спартыўныя навыкі падчас праходжання паласы перашкод, весяліліся на надзьмутых батутах. Дарэчы, апошнія размясціліся не толькі на плошчы, але і ў цэнтральным скверы гарпасёлка – так што маленькім аматарам актыўнага адпачынку было дзе разгуляцца.
Самыя творчыя прадстаўнікі малодшага пакалення, дзіцячыя калектывы мастацкай самадзейнасці выйшлі ў гэты дзень на сцэну, каб прадэманстраваць гасцям мерапрыемства свае таленты. А паказаць, сапраўды, было што: хтосьці пакарыў гледачоў мілагучнымі спевамі, нехта “запаліў” прысутных дынамічнымі танцамі.
Прыемны падарунак дзецям зрабіла Ушацкае аддзяленне ААТ “Белаграпрамбанк”, супрацоўнікі якога за ўдзел у конкурсе малюнкаў на асфальце ўручалі паветраныя шары і флажкі з лагатыпам банка. Самыя ж адораныя, на думку прадстаўнічага журы, юныя шагалы і рэпіны атрымалі ад аддзялення сувеніры.
Ну і, вядома ж, якое дзіцячае свята без салодкай ваты ці поп-корна? Гэтыя і іншыя прысмакі, якія так любяць дзеці, можна было набыць у гандлёвай кропцы, што працавала на плошчы.
Напэўна, больш за ўсё гэтае трапяткое свята дзяцінства запомніцца семярым выхаванцам дзіцячага сацыяльнага прытулка. Напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей у госці да іх з цёплымі віншаваннямі і памятнымі падарункамі завіталі супрацоўнікі Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яны заўсёды гатовы падзяліцца сваім бацькоўскім клопатам з тымі, каму яго так не хапае.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *