Никто не остался без внимания

Демография Наши дети

У аўторак у хол аддзялення кругласутачнага прабывання для пажылых людзей і інвалідаў у аграгарадку Вяркуды выйшлі нават тыя яго жыхары, якія па сваім фізічным стане рэдка пакідаюць свае палаты. А адна з жанчын, якая практычна страціла зрок, папрасіла адчыніць дзверы пакоя, каб ёй былі чутны добрыя словы і музычныя падарункі, якімі ў Дзень пажылых людзей парадавалі пацыентаў установы навучэнцы Вяркудскай школы і работнікі сельскага Дома культуры.

Зрэшты, вядучая канцэрта Ліза Маковіч прапанавала змяніць назву свята на «Дзень мудрых людзей», каб іншы раз не нагадваць ім аб грузе пражытых гадоў. Пагадзілася з ёй і намеснік старшыні райвыканкама Вольга Іванаўна Карчэўская, якая ў гэты дзень знайшла самыя пранікнёныя словы для герояў свята, падзякавала ім за шматгадовую працу, запэўніла, што ніхто з пажылых і знямоглых не застанецца без увагі і дапамогі. Пацыенты аддзялення атрымалі кветкі і падарункі.

Уся гама непадробных пачуццяў адлюстроўвалася на пакрытых маршчынамі тварах падчас выканання канцэртных нумароў: слёзы блішчэлі на вачах, калі дзевяцікласніца Крысціна Хрэбто спявала шчымлівую песню «Толькі ты, мая мама, жыві», усмешкамі і воплескамі сустракалі прысутныя задорныя прыпеўкі і беларускія народныя песні ў выкананні чацвёртакласнікаў Дзяніса Чумака і Мікіты Казлоўскага, іншых юных артыстаў.

А падчас святочнага чаяпіцця (да яго работніца ўстановы Наталля Бакурына спецыяльна спякла вельмі смачныя і прыгожыя тарты, над якімі варажыла палову дня) не ўтрымаліся ад спеваў і самі гледачы. «Вядома, ніякі нават самы цудоўны догляд не зможа цалкам замяніць цяпла дамашняга ачагу, але ж работнікі аддзялення робяць усё магчымае, каб нашы падапечныя адчувалі сябе ўтульна, каб залатая восень іх жыцця была прыемнай парой», — адзначыла загадчык установы Наталля Дзмітрыеўна Грабоўская.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *