Сотрудники центральной аптеки № 65 г.п.Ушачи внимательно относятся к каждому клиенту

К профессиональному празднику

У тым, што аптэка з’яўляецца адным з самых важных і запатрабаваных аб’ектаў сацыяльнай сферы, думаю, ніхто спрачацца не будзе. Кожнаму з нас час ад часу даводзіцца наведваць гэту ўстанову. Мы ходзім туды не толькі за лекамі, але і за касметыкай, сродкамі догляду за сабой, таварамі для здаровага ладу жыцця. У аптэцы вы не сустрэнеце звычайнага прадаўца, трапіць туды без спецыяльнай адукацыі немагчыма, таму непасрэдна кантактуюць з людзьмі фармацэўты і правізары.

У чым розніца паміж гэтымі паняццямі, мне растлумачыла загадчыца цэнтральнай аптэкі №65 Ірына Мікалаеўна Жынь, якая з 2005 года ўзначальвае гэты нешматлікі, але вельмі дружны і выключна жаночы калектыў:

— Фармацэўт прафесія зусім не экзатычная. З імі сустракаўся кожны, хто хоць раз у жыцці заходзіў у аптэку. Правізар — аптэчны работнік з вышэйшай фармацэўтычнай кваліфікацыяй, у фармацэўта ж — сярэдняя спецыяльная адукацыя. Праўда, у Еўропе ўсё наадварот: там правізарамі называюць памочнікаў фармацэўта, лабарантаў. У сучаснай аптэцы большасць работнікаў займаюцца збытам гатовых лекавых сродкаў пакупнікам і розніца паміж правізарам і фармацэўтам вызначаецца толькі ўзроўнем ведаў і вопытам.

Працуе за касай і сама загадчыца. І хоць, як кажа, даводзіцца ёй гэта рабіць «з гора» (аптэка працуе кожны дзень без выхадных і перапынку на абед), але такая работа — не ў цяжар, бо да сваёй сённяшняй пасады шмат гадоў адпрацавала менавіта там.

— Падабаецца кантакт з людзьмі, цікава дапамагаць ім, адчуваць сябе запатрабаванай, — усміхаецца Ірына Мікалаеўна. — Ды і ўлічваючы наш графік работы і колькасць фармацэўтаў, хочаш — не хочаш, а прыйдзецца.

Усяго ў аптэчнай сетцы раёна працуе 12 чалавек, з іх 9 — у цэнтральнай аптэцы №65, якая мае чатыры падведамасныя аптэкі: у Вялікіх Дольцах (загадчыца — Наталля Уладзіміраўна Касяк), Глыбачцы (Ірына Пятроўна Пабойкіна), у будынку райбальніцы (Ала Віктараўна Андрыковіч) і ў цэнтры гандлю і паслуг па вуліцы Ленінскай гарпасёлка (Тамара Аляксееўна Спірыдонава). Непасрэдна на касах цэнтральнай аптэкі адпускаюць людзям лекі намеснік загадчыка — правізар Таццяна Уладзіміраўна Полазава, фармацэўты Вера Мікалаеўна Скок і Наталля Уладзіміраўна Касяк — сястра Таццяны Уладзіміраўны. Наогул у гэтай невялікай арганізацыі ярка праяўляецца пераемнасць пакаленняў. Маці Т.Полазавай і Н.Касяк Соф’я Паўлаўна Падольская ўзначальвала аптэку з 1978 па 2005 год. Па слядах бабулі і маці крочыць дачка Наталлі Уладзіміраўны, якая набывае прафесію фармацэўта ў Мінскім медыцынскім каледжы. На чацвёртым курсе фармакалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта вучыцца будучы правізар Марына Жынь, якая свядома зрабіла свой выбар у адрозненне ад маці — яе да прафесіі медыка «падштурхнулі» бацькі.

Можна сказаць, што фармацэўты — другія па ліку людзі (пасля ўрача) да якіх мы звяртаемся, калі ў нас праблемы са здароўем. А бывае, што і першыя, бо многія адразу спяшаюцца ў аптэку замест таго, каб ісці ў паліклініку… Можна доўга разважаць, добра гэта ці не, толькі адзначу, што на прадстаўнікоў гэтай прафесіі такая схільнасць людзей да самалячэння накладае вялікую адказнасць: часта яны становяцца адзінымі спецыялістамі, якія могуць даць хаця б кароткую кансультацыю аб лякарстве і ўтрымаць чалавека ад яўна памылковага выбару. Многія не раз чулі фразу: «адно лечыш — другое калечыш». У нейкім сэнсе задача фармацэўта — падабраць такое лякарства, якое мае мінімальныя пабочныя эфекты, калі, канечне, да яго гэта не зрабіў доктар. Пры гэтым фармацэўт павінен выдатна ведаць, як яно дзейнічае, паведаміць аб магчымых паказаннях і супрацьпаказаннях, назваць лякарствы-аналагі і растлумачыць, чым яны адрозніваюцца.

У сучасным свеце аптэчная галіна, фармацэўтычная прамысловасць развіваюцца хуткімі тэмпамі, з’яўляюцца новыя віды лекаў, таму кожны з работнікаў аптэкі мінімум раз у пяць гадоў праходзіць перападрыхтоўку, павышае кваліфікацыю.

Некаторыя назвы лякарстваў непадрыхтаванаму чалавеку адразу нават цяжка прачытаць, а не тое што запомніць. У памяці ж аптэчных работнікаў — іх тысячы. Фармацэўты павінны выдатна ведаць хімію, батаніку (што датычыцца лекавых раслін), матэматыку.

«Брак» у іх рабоце можа прывесці да сур’ёзных праблем для другога чалавека і нават скончыцца трагедыяй. Гэта патрабуе ад фармацэўта вялікай адказнасці. Павышаныя патрабаванні да захоўвання чысціні робяць працу гэтых людзей зусім супрацьпаказанай чалавеку неакуратнаму, неахайнаму.

— Гэта адносіцца да ўсіх нашых работнікаў, не толькі медыкаў, — характарызуе свой калектыў загадчыца аптэкі. — Вельмі старанна і адказна працуюць нашы тэхнічныя работнікі Галіна Васільеўна Жогаль, Марына Іванаўна Васілеўская, Ірына Анатольеўна Амбражэвіч, бухгалтары Рыма Міхайлаўна Казьяніна і Таццяна Васільеўна Баравая.

Сюды дабаўляем яшчэ самакантроль, увагу, цярпенне і сапраўдную аптэкарскую дакладнасць. А таксама — гатоўнасць да зносін з любым чалавекам, які прыйшоў у аптэку за лякарствамі і іншымі таварамі для здароўя, тым больш, што далёка не ўсе кліенты з’яўляюцца «белымі і пушыстымі».

Нягледзячы на высокую шкляную перагародку фармацэўт заўсёды рызыкуе заразіцца інфекцыяй ад наведвальнікаў, асабліва ў перыяд іх наплыву, які прыпадае на восень і зіму. Але не пустуе аптэка і ў цёплую пару года. «Мабыць з-за таго, што на Ушаччыну прыязджае шмат адпачываючых», — мяркуе І.М.Жынь.

Ім даводзіцца мець справу з самымі рознымі рэчывамі і прэпаратамі, часам з небяспечнымі, некаторыя могуць выклікаць алергію нават у здаровага чалавека. І, канечне, любому работніку аптэкі, незалежна ад пасады, прыходзіцца сутыкацца з тым, што ўсе родныя, сябры, знаёмыя менавіта ім будуць задаваць пытанні пра лякарствы і чакаць парады. Зрэшты, работнікі нашай аптэкі гэта мінусам не лічаць, бо толькі рады такой запатрабаванасці.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *