Председатель Ушачского райисполкома В.В.Родич поздравил с Новым годом и Рождеством жителей дома семейного типа в агрогородке Ореховно

Наши дети Официально

Здаецца, зусім нядаўна мы расказвалі аб ўрачыстым адкрыцці першага ў раёне дзіцячага дома сямейнага тыпу, а вось ужо і навагодняя ёлка ўпрыгожыла гасціную ўтульнага катэджа, размешчанага ў цэнтры аграгарадка Арэхаўна. У адзін з апошніх дзён года тут прымалі гасцей — пазнаёміцца з дзецьмі, іх маці-выхавальніцай Надзеяй Ігнатаўнай Трэмбач ну і, канечне, павіншаваць усіх са святамі завітаў старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч.

Для кожнага з гаспадароў вялікага дома кіраўнік раёна знайшоў асобныя цёплыя словы, акрамя традыцыйных салодкіх падарункаў уручыў развіваючыя настольныя гульні і спартыўны інвентар. Самы малодшы з жыхароў катэджа — першакласнік Максімка, які пасяліўся тут крыху пазней астатніх дзяцей, з уласцівай для малых непасрэднасцю адразу ж пачаў уважліва даследаваць змесціва пакета, не забыўшыся, зрэшты, ветліва падзякаваць гасцям за падарункі і павіншаваць іх з надыходзячымі святамі.

Безумоўна, год, які мы ўсе нядаўна праводзілі, стаў для гэтай сям’і адметным і хвалюючым. Пераезд у Арэхаўна, наваселле, знаёмства з новымі суседзямі, настаўнікамі і аднакласнікамі, хрышчэнне хлопчыкаў Сашы і Вовы ў мясцовай царкве, увага з боку розных службаў і сродкаў масавай інфармацыі — шмат падзей умясціў у сябе даволі кароткі адрэзак часу. Канечне, працэс адаптацыі, фактычна стварэнне новай сям’і не можа праходзіць гладка і проста. Аднак пры неабходнасці маці-выхавальніца заўсёды можа атрымаць кансультацыю спецыяліста ў сацыяльна-педагагічным цэнтры, з усімі сваімі праблемамі звярнуцца ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Вось і зараз, хоць на двары сярэдзіна зімы, Надзея Ігнатаўна ўжо плануе будучую пасяўную, непакоіцца, што трэба прывезці зямлі, каб падсыпаць градкі, бо інакш яны вымакнуць. «Ведаем вашу праблему і абавязкова пастараемся дапамагчы», — запэўніла падчас сустрэчы начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму І.Ф.Сыроўчанка.

Вельмі прыемна, што зараз дзіцячы дом сямейнага тыпу мае прывабны «жылы» выгляд: цёплыя і чыстыя пакоі поўняцца вясёлымі галасамі дзятвы, па калідоры важна прагульваецца кацяня (днямі з бяздомнага звярка яно ператварылася ў дамашняга любімца), а з кухні даносіцца смачны пах бліноў — па словах маці-выхавальніцы, гэта адна з любімых страў дзяўчынак і хлопчыкаў. Іра і Віка пад кіраўніцтвам вопытнай гаспадыні Надзеі Ігнатаўны самі спрабуюць гатаваць, ну а мыццё посуду і ўборка кухні — абавязковая справа дзяжурных: у вялікай сям’і свае непахісныя законы. І галоўны з іх — пароўну дзяліць і радасці, і турботы.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *