На отчётно-выборном собрании Ушачского райпо подведены итоги работы за пятилетку, определены дальнейшие планы развития торговой отрасли района

Выясняем ситуацию Официально

Райспажыўтаварыства – адно з буйнейшых прадпрыемстваў раёна. Гэта не толькі гандаль, але і прамысловасць, паслугі, перавозкі грузаў. Гэта некалькі структурных падраздзяленняў і калектыў амаль у паўтысячы чалавек, які два апошнія справаздачныя перыяды ўзначальвае У.М. Круглік. Днямі ўпаўнаважаныя райспажыўтаварыства правялі свой справаздачна-выбарчы сход.Падводзячы вынікі работы за 2009-2013 гады, старшыня райспажыўтаварыства засяродзіў увагу прысутных на станоўчых зменах у развіцці спажывецкай кааперацыі раёна. За адзначаны перыяд рэнтабельна спрацавалі ўсе галіны прадпрыемства, атрымана 6,1 мільярда рублёў чыстага прыбытку, 11,1 мільярда склаў прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг, і ўсё ж выканаць даведзенае заданне не ўдалося. На думку старшыні райвыканкама В.В.Родзіча, гэта звязана найперш з выкарыстаннем састарэлых, малапрадуктыўных падыходаў пры арганізацыі дзейнасці. Райспажыўтаварыству неабходна больш актыўна выкарыстоўваць рэкламу, вывучаць попыт спажыўцоў з дапамогай анкетавання, прадумваць асаблівасці выкладкі тавараў на паліцы магазінаў. “Думаю, мэтазгодна часцей праводзіць у гандлёвых кропках акцыі са скідкамі і дэгустацыяй прадукцыі, – зазначыў Віктар Віктаравіч. – Прычым, гэта павінна ўвайсці ў практыку не толькі ў райцэнтры, але і на сяле”.

За апошнюю “пяцігодку” ў развіццё галіны таварыствам укладзена чатыры мільярды рублёў. У 2009 годзе ў райцэнтры адкрыты магазін “Раніца”. Павялічана гандлёвая плошча магазіна “На Віцебскай”. У 2012-м адчыніў дзверы ўніверсам “Родны кут”.

Палепшылася абслугоўванне пакупнікоў і ў сельскай мясцовасці: набыты новы павільён для выязнога гандлю, два аўтамагазіны, праведзена мадэрнізацыя гандлёвых аб’ектаў у аграгарадках Кублічы, Арэхаўна і Глыбачка, у апошнім яшчэ адкрыты магазін “Прамтавары”.

Для стымулявання пакупніцкага попыту арганізоўваўся продаж тавараў у крэдыт, праводзіліся акцыі з “прыемнымі” скідкамі, а пайшчыкі ўвогуле маглі набыць тавар без падатку на дабаўлены кошт. Дарэчы, апошняя прапанова карысталася ва ўшачан асаблівай папулярнасцю – за мінулы год пайшчыкамі набыта нехарчовых тавараў на суму чатыры мільярды рублёў.

Усё гэта дазволіла павялічыць на тэрыторыі раёна рэалізацыю тавараў, найперш харчовай групы. Так, Ушацкае райспажыўтаварыства ў сістэме аблспажыўсаюза займае першае месца па продажы хлеба і хлебабулачных вырабаў, безалкагольных напіткаў, другое – па продажы прадуктаў з мяса, сыра, мінеральнай вады, трэцяе – цукру, сметанковага масла, кансерваў і прэсерваў з рыбы. Па словах У.М.Кругліка, спыняцца на дасягнутым у райспажыўтаварыстве не збіраюцца. Ужо запланаваны рамонт з устаноўкай новага абсталявання на трэцім паверсе ўнівермага, у магазінах “Будматэрыялы” і “Мэбля”. Вядомыя ўшачанам гандлёвыя кропкі “Сельгаспрадукты” і “Ветэран” зменяць сваю спецыялізацыю – у памяшканні першага размесціцца магазін па продажы нехарчовых тавараў “Тэхнасвет”, а ў другім – “Дары прыроды”. Запланаваны рамонт магазіна ў вёсцы Старае Сяло Жарскага сельсавета, набыццё яшчэ аднаго аўтамагазіна. Для стварэння ў гандлёвых кропках прыемнага мікраклімату плануецца купля і ўстаноўка чатырох кандыцыянераў.

Прадпрыемствы грамадскага харчавання нашага раёна за адзначаны перыяд па паказчыку рэнтабельнасці сталі лепшымі ў вобласці. Безумоўна, для гэтага было многае зроблена. У прыватнасці, праведзены бягучы рамонт кафетэрыя “Спадарожнік”, закусачнай “Піражковая”, кафэ “Еўропа”. Новае абсталяванне з’явілася ў кандытарскім цэху. У аграгарадку Глыбачка ў 2010 годзе адкрыўся ўтульны кафетэрый. За 2013 год рэалізавана ўласнай прадукцыі на 7,4 мільярда рублёў. Найбольшай папулярнасцю ў спажыўцоў нязменна карыстаюцца кандытарскія вырабы, мясныя паўфабрыкаты і абедзенная прадукцыя. Па словах спецыялістаў райспажыўтаварыства, асартымент будзе павялічвацца. З мэтай умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы галіны плануецца набыццё лініі раздачы, правядзенне касметычнага рамонту ў сталовай райцэнтра, мадэрнізацыя кафетэрыя “Усмешка” з заменай абсталявання і іншае.

За апошнія пяць гадоў жыхары раёна за здадзеныя ў райспажыўтаварыства лішкі сельскагаспадарчай і дзікарослай прадукцыі зарабілі больш за трынаццаць мільярдаў рублёў. Актыўна “дзяліліся” мясам, пушнінай, мёдам, агароднінай, зернем, макулатурай. У той жа час знізіліся аб’ёмы здачы лому чорных і каляровых металаў, шклабою, грыбоў, садавіны.

Як адзначыў у дакладзе У.М. Круглік, нарыхтоўчыя аб’ёмы ў 2014 годзе трэба значна павялічыць. Гэтаму могуць пасадзейнічаць прывабныя ўмовы конкурсу на лепшага здатчыка, а таксама своечасовая выдача грамадзянам, з якімі заключаны дагаворы аб здачы сельскагаспадарчай прадукцыі, неабходных саджанцаў, насення, угнаенняў.

У год эканоміі і беражлівасці, якім быў аб’яўлены 2013-ы, для супрацоўнікаў райспажыўтаварыства востра паўстала пытанне пошуку новых шляхоў арганізацыі сваёй дзейнасці. У большай ступені гэта датычылася аўтабазы, што звязана найперш з ростам цэн на паліва. “Трэба пераабсталёўваць машыны на дзешавейшы газ або пераходзіць на “дызель”, – падкрэсліў дырэктар названай арганізацыйнай структуры Віктар Генадзьевіч Літвінаў. – Апошні хаця і каштуе даражэй, аднак расходуецца эканомней”. І першы крок у гэтым накірунку ўжо зроблены. Так, у нядаўна запушчаным аўтамагазіне было ўстаноўлена менавіта газавае абсталяванне. Дарэчы, прыгаданы транспартны сродак – таксама “эканом-класа”: замест куплі дарагога аўтамагазіна (яго кошт зараз складае каля 430 мільёнаў рублёў) работнікі аўтабазы ўзялі стары фургон, адрамантавалі яго, абсталявалі ўсім неабходным, навялі знешні “марафет” – атрымаўся аўтамагазін, не горшы за новенькі. І гэта пры тым, што затрачана на ўсе работы было ўсяго 140 мільёнаў.

У сістэме гандлю па-ранейшаму маюць месца недастачы. Нягледзячы на распрацаваныя сумесна з райаддзелам міліцыі прафілактычныя меры не ўдалося папярэдзіць і крадзяжы з гандлёвых кропак раёна. Так, за мінулы год зламыснікі “пачысцілі” магазіны райспажыўтаварыства тройчы, адно са злачынстваў раскрыць дагэтуль не ўдалося. Праблемным пытаннем з’яўляецца рэалізацыя ўшацкага хлеба і хлебабулачных вырабаў па-за межамі раёна: некаторыя пастаўкі ў Полацк і Наваполацк часткова прыпынены.

– Нягледзячы на існуючыя недапрацоўкі Ушацкае райспажыўтаварыства – адно з лепшых у вобласці, – адзначыў у сваім выступленні першы намеснік старшыні праўлення Віцебскага абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў Віктар Аляксандравіч Шуляк. – Мы бачым паступальнае развіццё, разумнасць і дальнабачнасць рашэнняў кіраўніцтва, а гэта – надзейны фундамент для далейшага развіцця прадпрыемства.

Па выніках сходу работа праўлення райспажыўтаварыства прызнана здавальняючай, а яго кіраўнік Уладзімір Мікалаевіч Круглік выбраны старшынёй і на наступную пяцігодку.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

За 2013 год райспажыўтаварыствам у Расійскую Федэрацыю прададзена харчовых тавараў на суму 59 тысяч долараў, агульны аб’ём экспарту прадпрыемства

Летась ушацкі хлебапякарны цэх парадаваў грамадзян 1614 тонамі хлеба і хлебабулачных вырабаў

За мінулы год райспажыўтаварыствам кожнаму жыхару раёна ў сярэднім аказана платных паслуг на суму 52 тысячы рублёў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *