Около 100 миллионов рублей заработали на республиканском субботнике жители Ушачского района

Благоустройство

Амаль тры мільёны беларусаў прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку, падчас якога зароблена 62 мільярды рублёў. Унеслі свой уклад у агульную справу і ўшачане: сёлета ў нашым раёне ўдзельнікамі працоўнай акцыі сталі 5,2 тысячы чалавек. Зароблена 98,3 мільёна рублёў, якія пойдуць на стварэнне цэнтра звышдакладнай дыягностыкі ў рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі. Аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі (работ, паслуг) склаў 17 мільёнаў, аб’ём падрадных работ, выкананых уласнымі сіламі – 41,7 мільёна рублёў.

Суботняй раніцай, 12 красавіка, ва Ушачах было ажыўлена. Узброіўшыся граблямі, мётламі, лапатамі, ушачане выйшлі на вуліцы населеных пунктаў для навядзення парадку. Як заўсёды, вялікі фронт работы ўзялі на сябе камунгасаўцы: прыбіралі вуліцы гарпасёлка, фарбавалі дрэвы ў скверах, разам з супрацоўнікамі падатковай службы і энергетыкамі займаліся добраўпарадкаваннем гарадскіх могілак. Прадстаўнічы “дэсант” высадзіўся на адной з самых ажыўленых трас раёна – у вёсцы Сарочына. Работы па высяканні хмызнякоў, уборцы і адвозцы смецця тут курыравала старшыня мясцовага сельвыканкама Людміла Яўгенаўна Птушка. Дзякуючы зладжаным дзеянням прадстаўнікоў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, фінансавага аддзела райвыканкама, райспажыўтаварыства, страхавой службы прыгаданы населены пункт прыкметна папрыгажэў.

Напярэдадні святкавання 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў асаблівае значэнне набывае стан мемарыяльных комплексаў, помнікаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны – за іх добраўпарадкаванне ўзяліся прадстаўнікі многіх службаў. Парадак на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, напрыклад, наводзілі работнікі культуры, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Тэрыторыю гэтага знакавага для раёна аб’екта ачышчалі ад кустоўя старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч, яго намеснікі Мікалай Іванавіч Бухалка і Наталля Мікалаеўна Марковіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка. Усе яны ў гэты дзень далучыліся да работнікаў лясгаса і пасадзілі ў дэндрапарку не адно дрэва.

Таксама новыя пасадкі лесу з’явіліся ў Сарочынскім лясніцтве, дзе побач з супрацоўнікамі названай арганізацыі шчыравалі прадстаўнікі сацыяльнай службы райвыканкама.

Работнікі вытворчых прадпрыемстваў і арганізацый у дзень суботніка працавалі на рабочых месцах, а таксама займаліся добраўпарадкаваннем сваіх тэрыторый. Актыўна ўключыліся ў навядзенне парадку ля сваіх дамоў многія жыхары населеных пунктаў раёна. Масавыя суботнікі арганізавалі ў гэты дзень старшыні сельвыканкамаў і старэйшыны вёсак Пятніцы, Старае Сяло.

Аднак яшчэ нямала месцаў, якія па-ранейшаму чакаюць клапатлівых рук і псуюць агульны выгляд ушацкай зямлі. Адной працоўнай акцыі недастаткова, а таму работы па навядзенні парадку на Ушаччыне будуць працягвацца.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *