Благоустройство усадьбы семьи Владимира и Марины Козловских является примером для многих односельчан

Благоустройство

Калі праходзіш ці праязджаеш па вуліцы Садовай у Вялікіх Дольцах, міжволі спыняеш позірк на сядзібе Уладзіміра Пятровіча і Марыны Паўлаўны Казлоўскіх. Нават не верыцца, што яшчэ тры гады таму (менавіта столькі сям’я жыве тут пасля пераезду з Малых Долец) замест прыгожага, адрамантаванага дома стаяла звычайная шэрая «каробка», не было кветнікаў і дэкаратыўных элементаў, а разгледзець улетку асаблівасці рэльефу з-за травы ледзь не па пояс было немагчыма.

Муж і жонка ўмеюць цаніць прыгажосць. Ну а ствараць яе сваімі рукамі — для абаіх не толькі «патрабаванне часу», але і занятак для душы. Некалі Уладзіміра Пятровіча, які працаваў настаўнікам працоўнага навучання ў Маладолецкай школе, папрасілі зрабіць для тэрыторыі ўстановы сметніцы. Да пастаўленай задачы мужчына падышоў творча, змайстраваўшы арыгінальныя казачныя домікі. Вось толькі кідаць смецце ў такія міні-шэдэўры ў вучняў і работнікаў школы доўгі час не падымалася рука. Зараз такая сметніца ёсць і ў двары сям’і Казлоўскіх.

У руках майстра любая справа спорыцца. Так, з дрэва Уладзімір Пятровіч зрабіў прыгожыя столік і лаўку — адпачыць тут улетку, схаваўшыся ад спёкі ў цяньку, любіць уся сям’я. Калі жонка вырашыла пасадзіць у двары клімаціс, мужчына змайстраваў перголу — арку са спецыяльнымі рашоткамі для пакручастых раслін. Знайшоў прымяненне і старой плітцы, якую выкарыстаў для ўкладкі садовай дарожкі.

Вырошчваннем кветак займаецца Марына Паўлаўна. Ружы, бархатцы, ліліі, гартэнзіі — на працягу ўсяго сезону двор напоўнены рознымі фарбамі. Праўда, для таго, каб «прапісаць» кветнікі на глінянай глебе, спатрэбілася неаднаразовая падсыпка зямлі. Хапае клопатаў і мужу: абкошваць па контуры гэтыя кветачныя оазісы не так проста.

Зблытаць двор Казлоўскіх з чыім-небудзь іншым проста немагчыма. Асабліва ўвечары, калі запальваюцца разнастайныя агенчыкі: з аркі на ўваходзе гасцей сустракае божая кароўка, дэкаратыўныя ліхтарыкі ўстаноўлены і ўздоўж дарожкі да дома.

— У нас яшчэ вельмі многа планаў па рамонце пабудоў і добраўпарадкаванні тэрыторыі, — кажа У.П.Казлоўскі. — Вось прыязджайце да нас праз год-другі — думаю, будзеце здзіўлены праведзеным «рэформам».

Што ж, абавязкова прыедзем. Ну а пакуль спадзяемся, што прыклад Уладзіміра Пятровіча і Марыны Паўлаўны натхніць нашых чытачоў на навядзенне парадку на сваіх прысядзібных участках.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *