Педагоги района активно приняли участие в фестивале «Песня остаётся с человеком», организованном профсоюзной организацией работников образования и науки

Мир увлечений Творчество наших земляков

Сярод педагогаў Ушаччыны шмат таленавітых людзей – гэтую ісціну пацвердзіў раённы фестываль “Песня застаецца з чалавекам”, прысвечаны 70-годдзю з Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ініцыятарам правядзення мерапрыемства стала раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў адукацыі і навукі.

Некалькі гадзін са сцэны раённага Дома культуры лілася песня. Прысутныя мелі магчымасць не толькі пацешыць свой слых: многія вакальныя нумары ўключалі ў сябе яшчэ і танцавальныя элементы. У выкананні творчых калектываў устаноў адукацыі раёна і асобных педагогаў прагучалі самыя разнастайныя песні – ад народных і рамансаў да сучасных папулярных.

Шквалам апладысментаў, воклічамі “Брава!” падтрымлівалі прысутныя таварышаў па педагагічным “цэху”. Прыемна, што і многія кіраўнікі ўстаноў адукацыі не засталіся ў баку ад творчых спраў падначаленага калектыву. Некалькі разоў выходзіў на сцэну, каб уручыць кветкі і падарункі сваім калегам, дырэктар Ушацкай школы Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі. Дарэчы, творчая каманда гэтай навучальнай установы была найбольш прадстаўнічай – настаўнікі паказвалі клас ва ўсіх чатырох намінацыях, па якіх праводзілася спаборніцтва.

Не мелі патрэбы ў асаблівым прадстаўленні на фестывалі пастаянныя ўдзельнікі культурна-масавых мерапрыемстваў, што праводзяцца ў раёне, Алена Банеўская і Вераніка Герасімава, Вольга Жукава і Сяргей Мядзведзеў. А вось убачыць у якасці вакалістаў, скажам, Дзяніса Шарына з Ушацкай школы, Віктара Шышова з Вялікадолецкай, было даволі нечакана.Нягледзячы на хваляванне, навічкі трымаліся на сцэне ўпэўнена і не горш за прафесіяналаў здолелі “дастукацца” да сэрцаў прысутных.

Вылучыць лепшых выканаўцаў членам журы было няпроста. І ўсё ж у намінацыі “Песня ваенных гадоў” пераможцамі прызнаны Вольга Жукава з Арэхаўскай школы, Таццяна Раманоўская з Арэхаўскага дзіцячага сада і Ганна Пашкова з Вяркудскай школы – першае, другое і трэцяе месцы адпаведна. У намінацыі “Песня на беларускай мове” перамога дасталася Алене Банеўскай з ясляў-сада №2 г.п.Ушачы, дуэту гэтай жа ўстановы ў складзе Алены Банеўскай і Веранікі Герасімавай, а таксама Кацярыне Качан з Кубліцкай школы і ясляў-сада №1 г.п.Ушачы. У намінацыі “Песня-шлягер” не было роўных Марыі Ядрэўскай з Ушацкай школы, на другім месцы – Вераніка Герасімава, на трэцім – Вольга Пугачова, якая прадстаўляла аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і раённы цэнтр дзяцей і моладзі. А ў самай кранальнай, душэўнай намінацыі “Аўтарская песня” “золата” дасталася Уладзіміру Нікіценку з Ушацкай школы, “срэбра” – Сяргею Мядзведзеву з Арэхаўскай, “бронза” – Таццяне Сандзюк з ясляў-сада №4 г.п.Ушачы. За сваю творчасць, смеласць, уменне знайсці час у шчыльным настаўніцкім графіку ўсе яны ўзнагароджаны граматамі, памятнымі падарункамі і – самае галоўнае – удзячнасцю гледачоў.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *