26 июня — День работников прокуратуры

Закон - один для всех К профессиональному празднику Официально

Год таму, таксама напярэдадні Дня пракурорскіх работнікаў, падчас свайго першага інтэрв’ю пракурор Ушацкага раёна М.М.Падворны акрэсліваў задачы, якія лічыць першачарговымі ў барацьбе са злачыннасцю. Сёння мы папрасілі прааналізаваць тое, што ўдалося зрабіць.

— Максім Міхайлавіч, год таму на першае месца Вы ставілі барацьбу з п’янствам, як лічыце, ці ёсць зрухі?

— Так, і гэта відавочна. Калі ў 2012 годзе Ушацкі раён займаў першае месца па злачынствах, здзейсненых асобамі ў нецвярозым стане, то за першы квартал гэтага года мы лічы што апошнія ў гэтым спісе. Менш стала і выклікаў па сямейных скандалах. Зрухі ёсць, хоць да ідэальнага стану, безумоўна, далёка. Лічу, недастаткова працуюць з гэтай катэгорыяй людзей у працоўных калектывах (мала праводзяць гутарак, кадзіруюць і, наадварот, заахвочваюць тых, хто вядзе здаровы лад жыцця). У ЦРБ няма нарколага, які б займаўся пастаянна гэтай праблемнай катэгорыяй грамадзян, аднак у хуткім часе вакансія павінна быць закрыта.

— Як Вы ставіцеся да такіх мер, як абмежаванне продажу таннага віна ў сельскай мясцовасці?

— Станоўча. Па-першае, менавіта такім чынам ствараецца бар’ер да даступных спіртных напіткаў, якія з’яўляюцца самымі распаўсюджанымі ў залежнай катэгорыі. Па-другое, менавіта гэтыя вінныя напіткі, якія немагчыма і назваць віном, выклікаюць хуткае прывыканне. Што датычыцца быццам бы парушэння правоў, то гэта абсалютна законная мера, якая з’яўляецца часткай прафілактычных мерапрыемстваў па спыненні злачыннасці.

— З якімі яшчэ негатыўнымі з’явамі, на Ваш погляд, трэба ўзмацніць барацьбу?

— З парушэннямі прыродаахоўнага заканадаўства, у нашым азёрным краі барацьбе з браканьерствам з боку інспекцый жывёльнага і расліннага свету (Полацкай і Лепельскай) і іншых суб’ектаў надаецца недастатковая ўвага. Непакоіць мяне, канечне, рэцыдыўная злачыннасць, менавіта таму літаральна з кожным ушачанінам, які вярнуўся з месцаў зняволення, праводзіцца прафілактычная гутарка. 25 сакавіка правялі каардынацыйны сход, на якім перад усімі дзяржаўнымі службамі акрэслілі канкрэтную работу з групай рызыкі. Аднак яшчэ больш за рэцыдыўную злачыннасць мяне хвалюе, калі на супрацьпраўны шлях трапляюць новыя, маладыя асобы. Таму прафілактыку лічу нашай асноўнай агульнай задачай.

— З чым часцей за ўсё ўшачане звярталіся за год па дапамогу ў пракуратуру?

— На жаль, па-ранейшаму з парушэннем працоўных правоў: несвоечасовая выплата дапамог, зарплаты. І, на жаль, існуюць яны не таму, што кіраўнікі не жадаюць некаму плаціць, а пераважна таму, што не хапае сродкаў.

— Былы кіраўнік ПМК-66 абскардзіў у судзе накладанне на яго штрафу за неналежнае добраўпарадкаванне замацаванай за прадпрыемствам тэрыторыі. Нашым чытачам будзе карысным ведаць, ці абавязкова падпісваць пратакол і наогул прысутнасць адказнай асобы ў час, калі ён складаецца.

— Не, прысутнасць, як і подпіс пад пратаколам не абавязковыя, у такім выпадку ставіцца адзнака, што чалавек ад подпісу адмовіўся. А вось тлумачэнні асобы, на якую ён складаецца павінны быць запатрабаваны абавязкова. Пратакол — не самамэта, прадстаўнік адпаведнай інстанцыі павінен разабрацца, высветліць усе абставіны і даказаць як віну, так і нявіннасць, калі на гэтым настойвае той, на каго складаецца пратакол.

— Ці частыя выпадкі, калі пракуратуры даводзіцца адмяняць узбуджэнне крымінальных спраў?

— На шчасце — адзінкавыя. Летась адмянілі пастанову аб ўзбуджэнні адной крымінальнай справы, хоць пракурор знаёміцца літаральна з усімі крымінальнымі справамі. Нагляд за дакладным і аднолькавым выкананнем закона — асноўная функцыя пракуратуры, як і прафілактыка правапарушэнняў.

— Дзякуй за інтэрв’ю, віншуем Вас і ўсіх работнікаў пракуратуры з прафесійным святам.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *