Новости нашего региона

Общество

НАЗНАЧЭННІ

Начальнікам аддзела эканомікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама назначана МОНЧЫК Наталля Эрыкасаўна. Нарадзілася ў 1988 годзе ў г.п.Шуміліна, мае вышэйшую адукацыю: у 2010 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці “эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”. Мае вопыт працы – да назначэння займала аналагічную пасаду ў Шумілінскім райвыканкаме. Не замужам.

ВІНШУЕМ!

За высокія паказчыкі ў працоўнай дзейнасці, узорнае выкананне службовых абавязкаў, асабісты ўклад у правядзенне мерапрыемстваў па прафілактыцы пажараў у жыллёвым фондзе раёна і актыўную грамадскую дзейнасць Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, старшы лейтэнант унутранай службы ПАЦЭЙКА Сяргей Паўлавіч.

У КОШТ АПЛАТЫ КАМУНАЛЬНЫХ ПАСЛУГ

Як паведамілі нам у адміністрацыі УП ЖКГ Ушацкага раёна з 28 ліпеня пачне ажыццяўляцца прыём у насельніцтва другасных матэрыяльных рэсурсаў у залік аплаты за камунальныя паслугі. Прымаць шклобой і макулатуру будуць па адрасе: г.п.Ушачы, вуліца Фрунзе, 31а з 17 да 18 гадзін, а працаваць прыёмны пункт будзе ў панядзелак, аўторак, чацвер і пятніцу. Кошт аднаго кілаграма шклобою – 600 рублёў, адходаў паперы і кардону – 800 рублёў. Таксама ўшачанам карысна будзе ведаць, што змяніўся рэжым работы касіра лазнева-аздараўленчага комплексу ў гарпасёлку. Зараз каса будзе пачынаць працу з 9.30.

АБ’ЯЎЛЕНА СПАБОРНІЦТВА

Пастановай прэзідыўма райкама прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу зацверджана палажэнне аб умовах раённага спаборніцтва за дасягненне найлепшых паказчыкаў на ўборцы збожжавых культур у 2014 годзе. Пераможцы атрымаюць дыпломы і грашовыя прэміі. Экіпаж зернеўборачнага камбайна, які першым у раёне намалоціць 700 тон зерня, атрымае 4 базавыя велічыні, 1000 тон – 5, 1300 тон – 6, 1500 тон – 7 базавых велічынь. Чакаюць узнагароды і перадавікоў, занятых на адвозцы збожжа ад камбайнаў. Вадзіцель, які першым у раёне перавязе 1000 тон, атрымае прэмію ў памеры 3 базавых велічынь, 1500 тон – чатырох. Асобна праводзяцца спаборніцтвы сярод маладзёжных уборачных экіпажаў і маладых вадзіцеляў. Умовы і сумы грашовых прэмій для ўдзельнікаў жніва, не старэйшых за 31 год, такія, як і ў іх больш вопытных калег. Таксама агульнымі ўмовамі для вызначэння пераможцаў з’яўляюцца адсутнасць выпадкаў вытворчага траўматызму і парушэнняў працоўнай дысцыпліны.

У ЛІК ДЗЯРЖЗАКАЗУ

Усе гаспадаркі раёна вядуць здачу рапсу на Віцебскі маслаэкстракцыйны завод. Па стане на 25 ліпеня ў лік дзяржзаказу пастаўлена 800 тон насення. КУСГП “Вялікадолецкае” выканала паказчык на 100 працэнтаў, “Глыбачаны” — больш чым напалову. Набліжаюцца да 50 працэнтаў ад запланаваных аб’ёмаў і аграрыі КУСГП “Кублічы”. У ААТ “Ільюшынскі” дзякуючы магчымасцям новага зернесушыльнага комплексу большасць рапсу пайшло харчовым, тады як астатнія гаспадаркі здаюць яго ў асноўным тэхнічным сортам па прычыне высокай вільготнасці.

ЗАРАБІЛІ НА “СЛАВЯНСКІМ БАЗАРЫ”

Бойка ішоў гандаль на падворку Ушацкага райспажыўтаварыства падчас правядзення «Славянскага базару ў Віцебску». Чарга стаяла ў «рэстаране» на свежым паветры за прадукцыяй грамадскага харчавання, на «ўра» разыходзіліся нашы шашлыкі і кулінарная выпечка. Штодня раніцай з Ушач у горад над Дзвіной накіроўвалася машына са свежым таварам, а за дзевяць дзён райспажыўтаварыства зарабіла 100 мільёнаў рублёў.

АДКЫЦЦЁ НОВАЙ ЛАГЕРНАЙ ЗМЕНЫ

У панядзелак, 28 ліпеня, на базе Ушацкай сярэдняй школы адкрыецца лагер, арганізаваны сумесна з раённым аддзелам унутраных спраў. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакае шэраг цікавых мерапрыемстваў, экскурсій, сустрэч. Лагер будзе працаваць да 20 жніўня.

ПЕННАЯ ВЕЧАРЫНКА

пройдзе ў суботу, 26 ліпеня ў раённым Доме культуры. Гэта ўжо трэцяя такая дыскатэка, арганізаваная ва Ушачах. Пачатак — у 21.00. Культработнікі спадзяюцца, што маладыя людзі не пашкадуюць 50 тысяч рублёў на такі арыгінальны і вясёлы адпачынак.

ПРАМАЯ ЛІНІЯ

У сераду, 30 ліпеня, на “прамой лініі” з чытачамі газеты будзе знаходзіцца старшыня Вялікадолецкага сельскага выканаўчага камітэта Алег Леанідавіч СЫС. Тэлефануйце па нумары 2-70-47 з 10 да 11 гадзін і задавайце пытанні, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі органа мясцовай улады.



1 комментарий по теме “Новости нашего региона

  1. Посмотрел, что там в Шумилинском районе с надоями ;), не радует: 114-ое место из 118 районов республики…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *