
Калі школьныя сябры даведаліся, куды будзе паступаць Міша Хоміч, яны таксама загарэліся яго марай. Але трапіць менавіта на лётчыка-знішчальніка хлопцу не ўдалося. Мог пайсці штурманам, ды гэта яго не задавальняла.
Міхаіл сабраў дакументы і паехаў у Мазыр паступаць у інстытут на аддзяленне фізікі і агульнатэхнічных дысцыплін.
Пасля таго як Міхаіл Хоміч адвучыўся адзін курс у інстытуце, яго прызвалі ў армію. Ён трапіў на Украіну, дзе і адслужыў два гады ў ракетных войсках.
Вярнуўся да вучобы. На трэцім курсе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Галінай. Пачалося сямейнае жыццё, вельмі складанае, але і памятнае, таму што ўсе перашкоды пераадольваліся гарачымі пачуццямі маладых людзей. Вучыліся, здымалі кватэру, нарадзіўся сын. Сацыяльная абстаноўка ў краіне тады была няпростая: талонная сістэма, усюды чэргі…
І вось маладымі настаўнікамі яны прыязджаюць на Ушаччыну. Іх накіроўваюць у Вялікадолецкую сярэднюю школу. Міхаіл Пятровіч уладкоўваецца настаўнікам працы, Галіна Уладзіміраўна вядзе групу падоўжанага дня.
На ўроках працы дзеці што толькі ні рабілі на чале з маладым настаўнікам. У школьнай майстэрні выраблялася шмат чаго, пачынаючы ад карнізаў і кухонных набораў, дзіцячай мэблі. Працавалі нават па заказах, прадавалі. І яшчэ дзеці займаліся мадэлі- раваннем самалётаў, танкаў, караблёў. Гэта за час вучобы і службы ў арміі Міхаіл Пятровіч умудрыўся асвоіць каля дзесяці відаў дзейнасці. Сярод іх, акрамя работы з дрэвам, такарная апрацоўка металу, разьба, чаканка, саломапляценне.
Чатырнаццаць гадоў таму Міхаіл Пятровіч Хоміч стаў дырэктарам Касарской сярэдняй школы. Памятаю, настаўнікі расказвалі, як ён узяўся за рамонт будынка, які здавалі зімой, а таму сцены праз нейкі час сталі шматколернымі, сырымі, дах трэба было перакрыць. Гэта і зрабіў дырэктар. Спатрэбіліся будаўнічыя навыкі, набытыя ў студэнцкім атрадзе. Наогул ён спрабаваў усё. Нават рэдагаваў студэнцкую газету. І на сталай працы ўсё спатрэбілася.
Што датычыцца работы, таксама пайшлі поспехі. На базе школы праводзіўся рэспубліканскі эксперымент па выхаваўчай сістэме. Касарская СШ была апорнай па новай сістэме ацэнак.
Міхаіл Пятровіч скончыў у свой час курсы інфарматыкі, шмат чаго зрабіў, каб настаўнікі і вучні былі ў гэтым плане на ўзроўні.
У мінулым годзе школа заняла першае месца па добраўпарадкаванні.
Пра ўсё гэта даведаліся тыя, хто прыйшоў у адзін з мінулых дзён на вечарыну ў раённы Дом культуры. Яна сабрала на сцэне яркіх прадстаўнікоў народнага клуба творчых сустрэч “Муза”.
І адзін з такіх – Міхаіл Пятровіч Хоміч, які да ўсіх сваіх добрых якасцей яшчэ дадае і здольнасць іграць на гітары, спяваць. Вучням жа Ушацкай школы, якіх было нямала ў зале, дырэктар Касарской СШ параіў абраць справу свайго жыцця і адносіцца да яе вельмі сур’ёзна. Так робіць ён сам. Не атрымалася стаць лётчыкам, дык стаў з захапленнем вучыць дзяцей. А які ён у рабоце, пра гэта прыгожа сказала са сцэны настаўніца, былая завуч па выхаваўчай рабоце Касарской школы Лідзія Гаўрылаўна Ільюшэвіч. І прывяла выказванні вучняў пра свайго дырэктара. Гэта было красамоўней за ўсё.