Хлеборобы ОАО «Агро-Селище» с первых дней уборочной в числе лидеров

Сельское хозяйство

Пагутарыць з камбайнерамі на полі зараз можна хіба што падчас абеду або калі агрэгат з загружаным бункерам чакае аўтамабіль. Ды і то гэтыя моманты механізатары выкарыстоўваюць з карысцю – ачышчаюць жняяркі, аглядаюць магутныя машыны, штосьці падпраўляюць у іх жалезных “арганізмах”. Ні хвіліны прастою: перакур на хаду, ежа на нагах, рамонт – на полі. Дзякуючы такой формуле працы ААТ “Агра-Селішча” з першых дзён жніва трымаецца ў ліку лідараў сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна, а механізатары – сярод камбайнераў і вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня. Спрыяюць гэтаму якасная падрыхтоўка тэхнікі, вопыт працаўнікоў і, канечне, неблагая ўраджайнасць.

Чатыры камбайны гаспадаркі на полі непадалёк ад цэнтральнай сядзібы ў сераду “дабівалі” азімыя. Ураджай пшаніцы ўжо ў засеках, жыта таксама стала прадметам клопату работнікаў зернесушылкі і складоў, куды на момант нашага візіту паступала трыцікале.

“Давай хутчэй, няма часу!” – выціраючы пот з ілба і атрасаючы пыл з адзення і галавы, усміхаецца Юрый Юркевіч, які да факта свайго знаходжання на першым радку ў раённым спаборніцтве сярод камбайнераў КЗС-1218 ставіцца філасофскі:

– Сёння трыцікале скончым, каля 500 гектараў застанецца ўбіраць – крыху больш паловы, – разважае Юрый Віктаравіч. – У вялікіх гаспадарках яшчэ значныя плошчы, таму наўрад ці буду напрыканцы ўборачнай у перадавіках.

Сапраўды, колькасць гектараў збожжавых у “Агра-Селішчы” адносна невялікая. У ААТ “Ільюшынскі”, напрыклад, яна большая амаль у тры разы. “Нам бы зямлі паболей, справіліся б!” – упэўнена кажуць механізатары, паглядаючы з-пад далоні ў бок Селішча, адкуль неўзабаве пад’ехаў ГАЗ-53 Сяргея Бараўцова – лідара раённых спаборніцтваў сярод вадзіцеляў. У гэты дзень давялося яму круціцца нібы “вавёрцы ў коле”, бо другі аўтамабіль гаспадаркі з раніцы накіраваўся ў Лепель за запчасткамі і нават дапамога МАЗа з ДЭУ-37 не выратоўвала становішча – хоць і не надоўга, але даводзілася камбайнам прыпыняцца, тым больш што ў самазвале шэфаў зламаўся борт прычэпа і некаторая частка зерня высыпалася на поле.

– Абяцалі зараз “Амкадор” прыслаць, – хвалюецца вадзіцель Віктар Кухта, які да таго часу паспеў адрамантаваць кузаў. – Пагрузім і адвязу – не кідаць жа такое зерне на полі!

А зерне і сапраўды прыгожае – чыстае, буйное. На гэтым участку ў 20 гектараў паспела эліта трыцікале, якая пасля ачысткі пойдзе на насенне.

— Не магу сказаць дакладна, ды і не мая гэта справа, – усміхаецца камбайнер Генадзь Хадасевіч, адказваючы на маё пытанне аб ураджайнасці. – Нам галоўнае хутчэй убраць, а лічыць, вынікі падводзіць па восені будзем.

Кажучы “нам”, мае на ўвазе механізатар і сваіх калег Алега Крывёнка, Дзмітрыя Хамёнка і Юрыя Юркевіча, якія працуюць па аднаму, і свой экіпаж, бо сярод селішчанскіх камбайнераў толькі ў яго на сёлетнім жніве ёсць памочнік – сын Аляксандр.

Хоць сухім было зерне, але дастаўлялі яго з поля спачатку на пляцоўку мехдвара і толькі потым збожжа трапіць у засекі. Справа ў тым, што вароты на складах, дзе будзе захоўвацца ўраджай – нізкія, і машыны з нарошчанымі бартамі туды заехаць не могуць. З пляцоўкі Анатоль Подраз “Амкадорам” грузіў зерне на старэнькі трыццаціпяцігадовы ГАЗ, на якім Віктар Караваенка адвозіў трыцікале на канчатковы пункт прызначэння.

– На пенсіі ўжо і вадзіцель, і машына, – кажа загадчык цэнтральнага склада гаспадаркі Мікалай Паршонак. – Але дапамагаюць нам на ўборачнай, бо людзей і тэхнікі не хапае.

На дапамогу гаспадарцы прыйшлі не толькі былыя працаўнікі і шэфы. На зернетаку і складах старанна працуюць работнікі са Століншчыны. Дзве маладыя сям’і заключылі дагаворы з сельгаспрадпрыемствам на час жніва. Дарэчы, яны і аказаліся тым “амкадорам”, які вярнуў МАЗ да рэйсаў – хуценька падабралі збожжа, што высыпалася з кузава. А дзесьці ля 15 гадзін вярнуўся з Лепеля Аляксандр Пілімон і колькасць машын на адвозцы зерня вырасла да трох.

Ужо зараз, пасля ўборкі азімых, бачна, што сёлетняе жніво стане для іх больш прадукцыйным чым мінулагодняе. Чакаюць селішчанскіх хлебаробаў яшчэ авёс і ячмень, але з вялікай доляй верагоднасці можна прадказаць, што пасля сваіх давядзецца ім папрацаваць і на палетках іншых сельгаспрадпрыемстваў. Але такім працаўнікам будуць рады ў любой гаспадарцы.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *