Водитель автомобиля по вывозке леса Олег Харевич — один их лучших работников Ушачского лесхоза

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

Сфатаграфаваць вадзіцеляў лясгаса, якія працуюць на вывазцы лесу – справа не з лёгкіх. Спецыфіка працы гэтых людзей такая, што застаць іх у гаражах можна хіба што вельмі рана або позна ўвечары ці падчас рамонту. Рэйсы вадзіцеляў сартыментавозаў можна параўнаць з фінансавымі патокамі, бо прадукцыя, якую яны адвозяць на чыгунку ў Полацк, ідзе на экспарт і ператвараецца ў валюту.

Алег Мікалаевіч Харэвіч у лясгасе працуе з 1998 года. Спачатку круціў “баранку” на “Урале”, потым вазіў лес на “КАМАЗе” і вось год, як перасеў на айчынную тэхніку – магутны “МАЗ”. Быў праўда невялікі, з паўгода, перапынак, калі спрабаваў змяніць месца працы і ўладкаваўся “дальнабойшчыкам” у сталічную фірму.

– Не спадабалася мне там, – расказвае Алег Мікалаевіч. – Зусім іншая спецыфіка працы: трэба з паперамі вазіцца, мець ледзьве не юрыдычную адукацыю.

За першае паўгоддзе бягучага года А.М.Харэвіч перавёз 8100 кубаметраў драўніны – гэта лепшы паказчык сярод вадзіцеляў лясгаса. 400 конскіх сілаў хаваецца пад капотам новага вялікага аўтамабіля, умяшчальнасць якога разам з загружаным прычэпам дазваляе за адзін раз браць “на борт” амаль 40 кубічных метраў лесу або каля 32 метраў кубічных “двухмятровак” – так на прафесійным слэнгу называе Алег Мікалаевіч кароткі бярэзнік. На такія рэйсы вадзіцеля накіроўваюць часцей за іншых калег, бо гэта абумоўлена асаблівасцямі канструкцыі яго аўтамабіля. Між тым, пагрузка кароткай драўніны патрабуе значнага часу. Хоць і спрытна ўпраўляецца з маніпулятарам Алег Мікалаевіч, але прыходзіцца траціць на гэтую справу каля дзвюх гадзін і столькі ж – на выгрузку ў вагоны. Дадайце сюды час на дарогу, напрыклад, з Мірнага да Полацка, і становіцца ясна, што больш двух рэйсаў за светлавы дзень не зробіш, але іх хапае, каб загрузіць драўнінай цэлы вагон.

Вадзіцель сцвярджае, што кіраваць такім вялікім аўтамабілем цяжка толькі на першы погляд, а калі прывыкнеш – “не складаней, чым легкавым”. Азы прафесіі Алег Мікалаевіч спасцігаў у Вілейскім ГПТВ, замацоўваў падчас армейскай службы ў інжынерна-сапёрных войсках у Польшчы, дзе па іроніі лёсу зараз вырабляюць паперу з драўніны, якую ён вывозіць.

Калі даводзіцца папрацаваць звышурочна, то вадзіцель з разуменнем адносіцца да такіх просьбаў кіраўніцтва, тым больш што гэта аплачваецца. На заробкі Алег Мікалаевіч не скардзіцца, працуе старанна і адказна. Да прафесійнага свята лесаводаў за добрасумленныя адносіны да працы і высокія паказчыкі А.М.Харэвіч узнагароджаны Ганаровай граматай Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.

Д.РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *