В первое воскресенье октября педагоги Ушачского района отметили профессиональный праздник

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

Кожная навучальная ўстанова Ушаччыны ў нечым адметная: недзе ўдзяляецца больш увагі ўкараненню інавацыйных тэхналогій, дзесьці — духоўна-маральнаму выхаванню дзяцей. Гэта не значыць, што школа не дае веды, не прапагандуе патрыятызм, не прывучае да здаровага ладу жыцця — гэта абавязковыя функцыі любой установы, але ж пэўны напрамак, няхай і зусім вузкі, павінен быць прадстаўлены ўзорна, для пераймання іншым.

Накірункі дзейнасці Арэхаўскай школы, здаецца, можна пералічваць бясконца. Зараз яна з’яўляецца апорнай у вобласці ўстановай адукацыі па інавацыйным развіцці і экалагічным выхаванні. У гэтым вялікая заслуга былога дырэктара ўстановы (зараз — начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама) Іны Фёдараўны Сыроўчанкі, сённяшняга кіраўніка Ларысы Аляксандраўны Булаўкі, настаўніцы пачатковых класаў Святланы Фёдараўны Папко, прозвішча якой па выніках работы за 2013 год занесена на раённую Дошку гонару, і канечне, усяго калектыву.

Таксама на рэспубліканскім і абласным узроўні ведаюць нашу Вялікадолецкую школу. Пра заўзятага аматара спорту Уладзіміра Мікалаевіча Лапіцкага і шматлікія перамогі яго выхаванцаў на старонках газеты расказвалася не раз. Прапагандай здаровага ладу жыцця займаецца ўвесь калектыў установы. Нядаўна тут створаны раённы рэсурсны цэнтр «Школа здаровага ладу жыцця».

Педагагічныя і вучнёўскія калектывы Вяркудскай і Ільюшынскай школ працуюць у цесным супрацоўніцтве з праваслаўнай царквой, арганізуюць і прымаюць удзел у рэлігійных святах, у тым ліку раённага маштабу. Духоўна-маральнае выхаванне асобы з’яўляецца прыярытэтным накірункам дзейнасці абедзвюх навучальных устаноў.

Аб тым, што ў Глыбачанскай школе на высокім узроўні вядзецца краязнаўчая работа, маглі ўпэўніцца ўсе, хто хоць аднойчы пабываў у музеі навучальнай установы. Інфармацыйна насычаныя экспазіцыі з цікавымі, амаль рарытэтнымі экспанатамі — заслуга настаўніцы Т.П.Чумаковай. Дарэчы, педагагічная дзейнасць Тамары Пятроўны — яшчэ і ўзор належнай работы з адоранымі школьнікамі: два гады запар яе выхаванка Юлія Чыграй была дыпламантам раённага і абласнога этапаў рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

Высокія вынікі на алімпіядах розных узроўняў традыцыйна паказваюць і вучні настаўнікаў Ушацкай школы: Веры Васільеўны Спірчонак, Аксаны Васільеўны Смірновай, Людмілы Іванаўны Даньковай, Ларысы Аркадзьеўны Струй і многіх іншых. Дыпламантам абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года-2014» стала Вольга Анатольеўна Жыткая. Адным з асноўных вектараў развіцця ўстановы з’яўляецца інфарматызацыя. У 2014 годзе тут пачаў функцыянаваць кабінет інфармацыйных тэхналогій, дзе адкрыты рэсурсны цэнтр. Акрамя гэтага, на базе сучаснага кабінета фізікі, абсталяванага за сродкі рэспубліканскай праграмы развіцця адукацыі, функцыянуе раённы рэсурсны цэнтр для падрыхтоўкі таленавітых дзяцей да алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый па фізіцы.

Значныя «рэформы» адбыліся сёлета ў Кубліцкай школе: установа рэарганізавана ў базавую, прыйшло сюды і новае кіраўніцтва. Пад началам дырэктара Галіны Пятроўны Гайко калектывам школы было вырашана разгарнуць работу ў краязнаўчым накірунку. У бліжэйшых планах установы — распрацоўка турыстычных маршрутаў па мясцінах, звязаных з імёнамі нашых славутых землякоў — Васіля Быкава, Арцёма Вярыгі-Дарэўскага.

Сёлета таксама стала базавай Касарская школа. Праўда, тут адыходзіць ад старых напрацовак не сталі — установа працягвае дзейнасць па арганізацыі выхаваўчай работы з улікам рэгіянальных асаблівасцей.

Сваю разынку мае і кожная дашкольная ўстанова Ушаччыны. Так, напрыклад, сельскія дзіцячыя сады (Арэхаўскі, Ільюшынскі, Плінскі) працуюць у экалагічным напрамку, дзіцячыя яслі-сады №1, №2 і №4 г.п.Ушачы спецыялізуюцца на распрацоўцы і ўкараненні інавацый, а яслі-сад №3 гарпасёлка актыўна прапагандуе здаровы лад жыцця — на яго базе працуе санаторная група.

Кадрамі школы раёна ўкамплектаваны. Хапае спецыялістаў, якія могуць выкладаць як звычайную, так і паглыбленую праграму, паколькі 79 працэнтаў маюць вышэйшую і першую катэгорыі. Сёлета да прафесійнага свята двое педагогаў адзначаны Граматамі раёнага выканаўчага камітэта, яшчэ двое — Граматамі раённага Савета дэпутатаў і 24 — Граматамі нашага аддзела. Хачу пажадаць усім педагогам Ушаччыны дапытлівых вучняў, імкнення да самаразвіцця, удачы і спакою ў сем’ях. А нашым ветэранам працы — моцнага здароўя і як мага больш прыемных момантаў.

С.АЎДОШКА, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

МОЦНАЯ СЯМ’Я ПЛІНСКІХ ПЕДАГОГАЎ

Большасць настаўнікаў Плінскай школы ведаюць адзін аднаго не адзін дзясятак гадоў, а сямёра ўвогуле з’яўляюцца яе выпускнікамі. Сярод іх сённяшні дырэктар навучальнай установы Кацярына Фёдараўна Касцюковіч і яе намеснік Галіна Мікалаеўна Сарокіна. На кіруючыя пасады жанчыны прыйшлі ў 2001 годзе: разам будавалі планы далейшага развіцця, разам ператваралі распрацоўкі ў рэчаіснасць. Вядомае выслоўе «Адна галава — добра, а дзве — яшчэ лепш» цалкам сябе апраўдала — школа хутка стала адной з лепшых у раёне. Сёлета, напрыклад, у агульным рэйтынгу навучальных устаноў Ушаччыны яна трэцяя. Ведаюць Плінскую школу і ў краіне: вопыт яе работы неаднаразова вывучаўся на старонках «Настаўніцкай газеты» і іншых рэспубліканскіх выданняў.

З 2007 года ўстанова з’яўляецца базавай па арганізацыі работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Педагогі і вучні рэгулярна наведваюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і ветэранаў працы, віншуюць іх са святамі, аказваюць пасільную дапамогу. Заўсёды ў ідэальным парадку замацаваныя за школай брацкія магілы ў Забораўне і помнік загінуўшым землякам. Не першы год займаецца пошукава-даследчай работай Уладзімір Ільіч Барысёнак: вывучае гісторыі вёсак, якіх ужо няма на карце раёна, збірае інфармацыю аб лёсах жыхароў Пліншчыны. Пашырае і паглыбляе веды вучняў па гісторыі і культуры роднага краю Марыя Васільеўна Ярмош, якая вядзе ў школе экскурсійную работу. Прывівае цікавасць да народных традыцый, ведае кутком «Беларуская хатка» кіраўнік этнаграфічнага гуртка Вера Іванаўна Грак. Напэўна, многія ведаюць настаўніцу нямецкай мовы, творчага чалавека, аматара прыгажосці Галіну Сяргееўну Данілёнак. Штогод яе выхаванцы становяцца пераможцамі і прызёрамі раённага конкурсу міжкультурных камунікацый, а акуратныя, дагледжаныя кветнікі ля Плінскай школы радуюць вока ўсіх, хто тут бывае. З году ў год дыпламантамі раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні, прызёрамі абласнога творчага конкурсу «Лёд. Кветкі. Фантазія» становяцца вучні Ірыны Генадзьеўны Марковіч — толькі летась яны атрымалі 10 дыпломаў. Адказным падыходам да справы адрозніваецца Віталь Васільевіч Карабань, летась па розных відах у камандным і асабістым першынствах яго выхаванцы заваявалі 19 дыпломаў. Як эканомна расходаваць энергію, ад спальвання якіх дрэў атрымліваецца больш цеплыні — на гэтыя пытанні з лёгкасцю дасць адказ настаўніца фізікі Алена Антонаўна Леановіч, вучні якой штогод становяцца ўдзельнікамі і прызёрамі навукова-практычных канферэнцый. Добра спраўляецца са сваімі прафесійнымі абавязкамі настаўнік-дэфектолаг Наталля Уладзіміраўна Васькевіч. Нядаўна прыйшлі ў Плінскую школу, але хутка ўліліся ў калектыў Вольга Віктараўна Ларчанка, Таццяна Анатольеўна Мацвеенка, Алена Уладзіміраўна Філіпчык, Алена Анатольеўна Кірэйчук, Ларыса Аркадзьеўна Струй. Заўсёды прыгожа і кранальна праходзяць у школе мерапрыемствы, у чым заслуга творчага педагога-арганізатара Веры Васільеўны Дрозд. Ні адно свята не абыходзіцца і без удзелу камп’ютарнага майстра Сяргея Захаравіча Яскевіча, які адказвае за агучку, ды і сам любіць спяваць. Дасягненне настаўніка з 45-гадовым стажам яшчэ і ў тым, што яго вучні заўсёды паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах па працоўным навучанні. «Увекавечвае» ж для нашчадкаў важнейшыя падзеі школы настаўніца рускай мовы і літаратуры Тамара Уладзіміраўна Бабянок — падрыхтаваны ёй летапіс стаў другім у раёне.

Аб тым, што педагогі Плінскай школы даюць сваім выхаванцам неабходны багаж ведаў, з’яўляюцца для іх годным прыкладам, можна меркаваць па шматлікіх дасягненнях юнакоў і дзяўчат. Сёлета 9 з 10 выпускнікоў установы сталі студэнтамі ВНУ і ССНУ, прычым чацвёра з іх выбралі педагагічныя спецыяльнасці. Магчыма, праз некалькі гадоў гэтыя маладыя людзі папоўняць калектыў роднай школы.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

ПАТРАБАВАЛЬНАЯ ДА СЯБЕ І ІНШЫХ

Размаўляць з гэтай абаяльнай жанчынай лёгка і проста. Уласцівыя Святлане Васільеўне Лісоўскай пазітыў і добразычлівасць, па словах яе калег, заўсёды зараджаюць іх бадзёрасцю і добрым настроем. Аднак за гэтымі якасцямі — цвёрды характар і вялікая патрабавальнасць, у першую чаргу — да сябе.

Пачынаўся яе педагагічны шлях у лютым 1992 года ў Слабадской васьмігодцы. З цеплынёй успамінае жанчына дырэктара школы Лілію Васільеўну Казлову, завуча Феадосію Мікалаеўну Бурак, настаўніцу біялогіі і хіміі Ганну Ігнатаўну Долгую, якія дапамагалі ёй авалодаць таямніцамі педагагічнай справы. А вопыт працы з дарослымі ў Святланы Васільеўны ўжо меўся, бо некалькі гадоў была сакратаром камсамольскай арганізацыі саўгаса-камбіната «Арэхаўна». Паступала ў педагагічную ВНУ асэнсавана, хаця вагалася паміж гісторыяй і геаграфіяй, якія любіла аднолькава, але са сцен Мінскага педагагічнага інстытута імя М.Горкага выйшла ўсё ж з дыпломам географа. Новы 1998 навучальны год С.В.Лісоўская пачала на пасадзе намесніка дырэктара Арэхаўскай школы па выхаваўчай рабоце, дзе працуе і па сённяшні дзень. Зараз гэта педагог вышэйшай катэгорыі, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў геаграфіі, сааўтар краязнаўчага дапаможніка «Ушаччына сінявокая». Шматгадовы вопыт быў вельмі дарэчы пры стварэнні музея школы — гордасці ўстановы і асабіста Святланы Васільеўны, якая ўклала душу ў напаўненне экспазіцый.С.В.Лісоўская курыруе пазакласную работу, фізкультурна-аздараўленчую, прафарыентацыйную і ідэалагічную, работу з сем’ямі, у тым ліку і нядобранадзейнымі. Знаходзіць намеснік дырэктара час і на грамадскую дзейнасць, з’яўляецца сакратаром пярвічнай арганізацыі РГА «Белая Русь». Святлана Васільеўна адзначае, што выхаваўчая жылка і лідарскія якасці ў яе з дзяцінства, нават зараз браты і сёстры тэлефануюць ёй, малодшай з пяці дзяцей у сям’і, каб параіцца і атрымаць савет.

— З дзецьмі на ўроку я адпачываю, бо зносіны з імі крыху адцягваюць ад асноўнай дзейнасці. У кожным школьніку імкнуся адшукаць штосьці індывідуальнае, бо калі вучню не даецца матэматыка, то ён можа цудоўна маляваць або паказваць выдатныя вынікі ў спорце. На сучасным этапе нельга працаваць са старой базай, таму шукаю штосьці новае, каб зацікавіць вучняў. Для мяне лепшай ацэнкай працы з’яўляюцца моманты, калі раздаецца званок, а дзеці пытаюцца: «Святлана Васільеўна, і ўсё?!»

Надзейны тыл — тое што дапамагае ў працы. «Сям’я — мая крэпасць» — усміхаецца Святлана Васільеўна і дадае, што як бы позна не даводзілася затрымлівацца ў школе, дома да гэтага заўсёды ставіліся з разуменнем.

У рэдкія хвіліны вольнага часу жанчына імкнецца наведаць якую-небудзь выставу або тэатральную пастаноўку ў гарадах, любіць экскурсіі па знакамітых месцах краіны, шукае яркіх уражанняў:

— З парашутам ужо мабыць не прыгну, а вось на верталёце нядаўна пакаталася! Хачу здзейсніць паездку ў Карэлію, але гэта, напэўна, пазней, калі пайду на «глыбокую» пенсію.

Пакуль жа асабістыя планы ў яе на другім месцы, на першым жа, нязменна — школа, вучні, любімы калектыў.

Д.РАМАНОЎСКІ

НА СВАІМ МЕСЦЫ

Звычайна ўся любоў і пяшчота выхаванцаў дзіцячых садкоў дастаецца выхавацелям — іх штодня абдымаюць маленькія ручкі, ім дораць букеты на святы, іх імёны і імёны па-бацьку застаюцца ў памяці на ўсё жыццё. Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада №2 гарпасёлка Ірына Уладзіміраўна Акулёнак такой увагай дзетак не спешчана. Аднак на пытанне, ці засмучае яе гэта, адказвае: «Галоўнае, што мая работа прыносіць малышам карысць».І сапраўды, у тым, што дашкольная навучальная ўстанова мае такі высокі ў раёне рэйтынг, а яе выхаванцы ідуць у першы клас з салідным багажом ведаў і навыкаў, немалая заслуга Ірыны Уладзіміраўны. Яе асноўная задача — накіраваць педагогаў на ўкараненне сучасных сістэм і прыёмаў выхавання, стварэнне інавацыйных распрацовак. Менавіта пры яе ўдзеле сфарміравалася канцэпцыя дзейнасці навучальнай установы, дзе выхавацель і дзіця — раўнацэнныя партнёры, дзе для малыша ствараецца «сітуацыя поспеху», што дае кожнаму выхаванцу веру ў свае магчымасці. Аб тым, што Ірына Уладзіміраўна ўдала спраўляецца са сваёй задачай, сведчаць наступныя факты: пяцёра педагогаў установы — Алена Уладзіміраўна Кавалёва, Алена Рыгораўна Лёля, Любоў Іванаўна Шэўчанка, Мая Леанідаўна Пацэйка і Людміла Цімафееўна Севярын — у мінулым навучальным годзе здалі кваліфікацыйны экзамен на пацвярджэнне вышэйшай катэгорыі, а Людміла Цімафееўна стала пераможцам раённага конкурсу «Настаўнік года» і на абласным яго этапе выйшла ў паўфінал. Выхавацелі вучаць дзяцей не толькі таму, што патрабуе праграма, але і ў даступнай гульнявой форме даюць дадатковыя веды з самых розных сфер жыцця. Бацькам жа застаецца толькі захапляцца, калі іх дзіця, прыйшоўшы з садзіка, бойка пералічвае планеты Сонечнай сістэмы, расказвае, як трэба дзейнічаць пры ўзнікненні пажару, дэманструе новы танец ці гімнастычны элемент.

У дзяцінстве яна была вучаніцай першага набору адкрытай ва Ушачах музычнай школы, і яе педагог па класе баяна Любоў Пятроўна Уласенка настойліва раіла паступаць у музвучылішча, але дзяўчына абрала педагагічнае, пазней атрымала і адпаведную вышэйшую адукацыю. Пэўны час працавала выхавацелем дзіцячага сада ў Чашніцкім раёне і настаўнікам пачатковых класаў у Сарочынскай школе, плённым і знакавым лічыць перыяд работы ў раённым аддзеле адукацыі на пасадзе метадыста па дашкольным выхаванні. У гэты час шмат працавала над сабой, бо імкнулася заваяваць аўтарытэт у выхавацеляў — а іх у пачатку 90—х у раёне было шмат, бо дзейнічала аж 26 дзіцячых садоў. Апошнія ж 14 гадоў Ірына Уладзіміраўна працуе на цяперашняй пасадзе.

— Лічу, што мне ў жыцці пашанцавала, бо штораніцы я іду на работу з добрым настроем, — прызнаецца Ірына Уладзіміраўна Акулёнак. — Я працую поруч з выдатнымі спецыялістамі, знаходжу поўнае ўзаемаразуменне з выхавацелямі, адчуваю падтрымку кіраўніка нашай установы Людмілы Андрэеўны Напрыенкі. А гэта так важна для кожнага чалавека — ведаць, што ён знаходзіцца на сваім месцы.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *