В структурных подразделениях Ушачского райпо продолжается масштабная модернизация

Благоустройство Выясняем ситуацию

Усяго тры месяцы мінула з таго часу, калі практычна на ўсіх прадпрыемствах райспажыўтаварыства былі праведзены праверкі па захаванасці і асартыменце тавараў, стане навакольных тэрыторый. Аб тым, што выяўленыя ў ліпені хібы ўхілены, праўленне райспажыўтаварыства адказвала на старонках газеты яшчэ ў жніўні. Ну а зараз мы наведаліся на бойню, гандлёвую базу, тэрыторыю аўтабазы, каб пераканацца, што праведзены не разавыя мерапрыемствы, а змяніўся сам падыход да справы.

Вока міжволі вылучыла блакітную агароджу з металапрофілю, якая абкружыла літаральна ўсю (і зусім не маленькую) тэрыторыю транспартнікаў. Устанавілі яе сіламі вадзіцеляў, таксама імі падчас 5 суботнікаў разраўняны гравій на тэрыторыі. Дарэчы, на балоцістую некалі нізіну завезлі 100 тон, высечана кустоўе, разукамплектаваны спісаныя машыны: неабходныя запчасткі пакінуты для рамонту, а здадзеныя 36 тон металалому папоўнілі казну прыбытковага галіновага прадпрыемства. Прыбытак, аднак, яно мае невялікі, і ўласных сродкаў не хапіла б на рамонт даху, замену акон, праводкі ў гаражах, дзе і ажыццяўляецца рамонт. Неабходныя 278 мільёнаў выдзеліла праўленне райспажыўтаварыства, аднак усе работы, якія не патрабуюць прафесійных навыкаў, выконвалі самі вадзіцелі.

— Вам нехта падказаў, што трэба памяняць? — пытаюся ў новага дырэктара Генадзя Іванавіча Глінскага і чую гаспадарскі адказ:

— Ды не, самому ўсё бачна. Калі дах быў як рэшата, то як там рабіць рамонт. Калі машына з грузам не магла праехаць па тэрыторыі, то, зразумела, патрэбна падсыпка.

Хоць вельмі многае яшчэ трэба зрабіць для паляпшэння ўмоў працы вадзіцеляў, аднак ужо дасягнута асноўная мэта: каэфіцыент выхаду транспарту на лініі дасягнуў максімальнага — 0,60, на тэрыторыі парка можна застаць 1-2 машыны: рамонт або выхадны час у вадзіцеля. Атрыманы і яшчэ адзін новы аўтамагазін, які адразу абсталяваны двума халадзільнікамі. На яго пакупку райспажыўтаварыства зрасходавала 370 мільёнаў.На размеркавальных складах наогул было зацішна — у параўнанні з летнім часам зніжаецца тавараабарот на вёсках. Не было і адгрузкі тавару, таму не чакалі на рампе ні «малочка», ні каўбасы. Толькі фрукты і агародніна ў падпісаных каробках стаялі ў адным са складоў. Прайшлася па ўсіх і не ўбачыла ні аднаго тавару без паддонаў (на падлозе), як у ліпені. У падсобных памяшканнях, дзе была і зламаная мэбля, і бутэлькі ў каробках без тэрміну даўніны, наведзены парадак, з’явіліся новыя шафы для адзення, ды і чорны сібірскі кот больш не ляжаў, як гаспадар, за рабочым сталом. З ліпеня цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі праведзена чатыры маніторынгі, якія паказалі як захаванне тэмпературнага рэжыму, так і астатніх правілаў Санпіна. Спецыяліст цэнтра Н.М.Мароз правяла «санітарны мінімум» з работнікамі і сцвярджае, што з прыходам новага таваразнаўцы размеркавальных складоў, а гэта цяпер Т.А. Глінская, парушэнняў на базе не выяўлена. Наведзены парадак, у складах абсталяваны месцы для захавання работнікамі асабістай гігіены, набыты шафы для адзення. Перамены, пра якія прыгадала Наталля Мікалаеўна, не патрабавалі вялікіх укладанняў, бо з’явіліся звычайныя рукамыйнікі, сродкі для мыцця рук — ды і парадак у падсобках работніцы базы навялі сваімі рукамі. І толькі 4 халадзільныя камеры ўмяшчальнасцю да 10 метраў кубічных для «малочкі», каўбасных вырабаў і рыбных прэсерваў, якія папоўнілі кожны склад, абышліся ў 136 мільёнаў. Аднак сучаснае абсталяванне намнога эканамічней за старыя халадзільнікі, таму ўкладанні будуць карыснымі не толькі для правільнага захоўвання прадукцыі, але і для скарачэння выдаткаў на аплату электраэнергіі.

Бойня райспажыўтаварыства сустрэла ажыўленай будоўляй — над санпрапускніком з дэзбар’ерам узводзіўся дах. Тут наогул адбыліся самыя відавочныя перамены, і пункт забою жывёлы цяпер адпавядае ўсім неабходным для такога месца патрабаванням.

— Пра тое, што тут некалі з’явіцца асфальт, мы і не марылі, — гаворыць кіраўнік гэтага структурнага падраздзялення С.Ч.Луканевіч, суправаджаючы па тэрыторыі. — А ён пракладзены па ўсіх заездах. Вось месца для мыцця машын… Тут наогул прыбудавалі падсобнае памяшканне для работнікаў і кожнаму ўстанавілі шафы як для верхняга, так і спецыяльнага адзення. Не па адным заездзе, а па трох розных, цяпер ідуць машыны з жывой жывёлай, выходзяць пустыя і вывозіцца прадукцыя.

Наведаліся і ў халадзільную камеру, дзе ўжо не было наледзі на тушах. Каб пазбегнуць гэтага і ў далейшым — над ёй памянялі плоскі дах. Раней, накрыты толем, ён моцна награваўся сонцам. Цяпер надбудавалі скатны і паміж ім і халадзільнікам з’явілася паветраная праслойка.

Менавіта на бойні, куды звозіцца літаральна ўся жывёла, якая потым ідзе на продаж, райспажыўтаварыствам укладзены самыя вялікія сродкі — 373 мільёны. Хаця і не ў іх справа. Перамены паказалі — было б жаданне, тады і сродкі знаходзяцца, і парадак наводзіцца, а прывычнае раней становіцца непрымальным. Дарэчы, за гэты час па суседстве па Ленінскай з’явілася два спецыялізаваныя магазіны: «Мясная лаўка» з пашыраным асартыментам мяса і паўфабрыкатаў з яго, а таксама «Тэхнамір», дзе сабрана ўся разумная тэхніка.

Усяго на пералічаныя вышэй перамены пайшло больш мільярда рублёў. Акупяцца яны, канечне, не адразу. І наогул акупяцца толькі тады, калі будуць спалучацца з граматным падыходам у гандлі літаральна ўсіх службаў. Дарэчы, як ён ажыццяўляецца, мы будзем сачыць на старонках газеты і далей, чакаем заўваг і прапаноў і ад нашых чытачоў.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *