Вспомним вместе главные моменты в жизни района в прошедшем году

Общество

Вось ужо год, як Глыбачанскі Дом культуры пераехаў у адрамантаванае памяшканне, дзе таксама размясцілася бібліятэка, аддзяленне дзіцячай школы мастацтваў.

З 1 студзеня 2014 года створана адзіная сістэма органаў прымусовага выканання судовых пастаноў і іншых выканаўчых дакументаў, ва Ушацкім раёне гэта аддзел прымусовага выканання, які размяшчаецца ў будынку суда па вуліцы Савецкай.

У студзені быў асвечаны храм Пятра і Паўла ў Кублічах. Невялікае прыстасаванае памяшканне (былы жылы дом) вернікі пераабсталявалі пад храм за ўласныя ахвяраванні і спонсарскую дапамогу прадпрыемстваў, а імя прыходу кублічане далі тое, якое насіў велічны храм, што існаваў у мястэчку яшчэ ў пазамінулым стагоддзі.

Пераможцамі раённага этапу рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года -2014» сталі выхавацель дзіцячага сада №2 Людміла Цімафееўна Севярын і педагог пачатковых класаў Арэхаўскай школы Маргарыта Васільеўна Далжонак.

У чатырох гарадах вобласці адбыліся творчыя выставы Вячаслава і Вольгі Мурашовых.

15 лютага адзначалася 25-годдзе вываду савецкіх войск з Афганістана.

Лаўрэатам «Чалавек года Віцебшчыны 2014» стаў механізатар КУСГП «Вялікадолецкае» Сяргей Аркадзьевіч Філімонаў.

Першага сакавіка споўнілася 85 год з дня нараджэння нашай зямлячкі паэтэсы Еўдакіі Лось.

2 сакавіка, на 80-м годзе жыцця, памёр апошні Народны паэт Беларусі і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна Рыгор Барадулін. Па яго жаданні пахавалі Рыгора Іванавіча на могілках ва Ушачах побач з маці. Развітваліся ўшачане са сваім земляком 4 сакавіка.

23 сакавіка адбыліся выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 27 склікання. Старшынёй раённага Савета дэпутатаў была абрана Вольга Мікалаеўна Захарэнка, а дэпутатам у абласны Савет дэпутатаў ад Ушацкай выбарчай акругі Сяргей Аляксандравіч Даніловіч — генеральны дырэктар Віцебскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання.

Настаўніца біялогіі Ушацкай школы Вольга Анатольеўна Жыткая стала лаўрэатам абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года-2014». Настаўніца гэтай жа школы Клаўдзія Іванаўна Шарыпа заняла першае месца ў рэспубліканскім конкурсе на лепшага выкладчыка факультатыўнага занятку і была ўзнагароджана падарожжам у Італію. Дыпломы першай ступені на абласных конкурсах атрымалі: Святлана Фёдараўна Папко з Арэхаўскай СШ у конкурсе па эканоміі і беражлівасці і Таццяна Мікалаеўна Васілеўская — настаўнік-дэфектолаг дзіцячага сада №2.

Дыпламантамі абласнога этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды сталі 4 школьнікі Ушаччыны, атрымана 8 дыпломаў на вобласці ў даследчых работах, 19 — у творчых конкурсах і праектах, тры — у рэспубліканскіх.

26 красавіка, напярэдадні 70-гадавіны прарыву варожай блакады змагарамі Ушацкай партызанскай зоны (4 мая 1944 года), члены грамадскага аб’яднання «Белая Русь» ААТ «Беларусбанка» высадзілі на комплексе і ў скверы гарпасёлка дэкаратыўныя дрэўцы.

9 мая раён адсвяткаваў Дзень Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ушацкі раён быў вызвалены 29 чэрвеня 1944 года.

40 год таму (30 чэрвеня 1974 года) адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу «Прарыў», падчас якога прысутнічаў легендарны лётчык Аляксей Пятровіч Марэсьеў. З таго часу гэта самае знакавае месца Ушаччыны.

Сярэдні бал па цэнтралізаваным тэсціраванні ў выпускнікоў Ушаччыны склаў 43 балы — гэта найлепшы вынік у Віцебскай вобласці. Таксама вышэй сярэднеабласнога вынікі тэсціравання па нямецкай мове і гісторыі.

22 мая адбылося асвячэнне капліцы імя Мікалая Цудатворцы ў Вашкове.

26 мая на аграсядзібе Мікалаеўскі пасад адбыўся Дзень адчыненых дзвярэй, у Год гасціннасці ва ўсёй краіне прайшла рэспубліканская акцыя, мэта якой — больш шырокая прапаганда аграэкатурызму ў Беларусі.

Атэстаты сталасці атрымалі 93 вучні 11 класаў. Адна з іх Анастасія Арэхва скончыла Ушацкую школу з залатым медалём. Выпускнікі ўсіх школ атрымалі атэстаты на сцэне РДК — падчас раённага балю выпускнікоў, які праводзіўся сёлета ўпершыню.

Ва Ушачах прайшоў першы этап Кубка Беларусі па ралі-спрынту.

19 чэрвеня раён святкаваў 90-годдзе з дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі, нашага знакамітага Васіля Быкава.

3 ліпеня краіна адзначала Дзень Незалежнасці і 70-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напярэдадні, 2 ліпеня на брацкай магіле ў вёсцы Усая адбылося адкрыццё помніка жыхарам вёскі, якія былі расстраляны карнікамі ў студзені 1943 года.

Аварыйная брыгада «Ушачырайгаза» перамагла ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства.

26 ліпеня свой 80-гадовы юбілей адсвяткаваў наш зямляк, Народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук. Генадзь Міхайлавіч летам адпачываў у санаторыі «Лясныя азёры», даў некалькі канцэртаў, у тым ліку 22 жніўня — на сцэне РДК.

Другі этап Кубка Беларусі па вэйкбордзінгу адбыўся на возеры Вечалле. Гэта другія спаборніцтвы, якія адбыліся ў раёне дзякуючы вадналыжніку Сяргею Фаміну, які з’яўляецца уладальнікам водна-аднаўленчага цэнтра.

10 жніўня, на храмавае свята касцёла Святога Лаўрэна, раён святкаваў і 100-годдзе будаўніцтва каталіцкага храма.

Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Ляснеўшчына» набрала абароты, як у прыватнасці і заказы, як буйное будаўнічае прадпрыемства (тут працуе каля 80 чалавек). Яно выйграе тэндары на пракладку дарог па ўсёй Беларусі.

У райцэнтры адкрыліся новыя спецыялізаваныя магазіны — «Тэхнамір», дзе сабрана ўся разумная тэхніка ад халадзільнікаў, тэлевізараў да мабільных тэлефонаў, а таксама «Мясная лаўка», назва якой гаворыць сама за сябе.

На возеры Вечалле прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы выратавальнікаў-плыўцоў.

У апошні дзень ліпеня была ўстаноўлена першая металічная апора на фізкультурна-аздараўленчым комплексе «Юнацтва». На сённяшні дзень там накрываецца дах і абшываюцца сценавыя панелі — асвоена 29,5 мільярда рублёў ці 25 працэнтаў ад усёй будоўлі, на завяршэнне неабходна яшчэ 67.

1 верасня споўнілася 45 год з дня адкрыцця Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў, якую з таго часу скончыла 1057 вучняў.

Сельгаспрадпрыемствы Ушаччыны атрымалі адзін з самых вялікіх намалотаў у гісторыі раёна — 32 тысячы тон зерня. 27 верасня дэлегацыя Ушацкага раёна прыняла ўдзел у абласных «Дажынках» у Гарадку.

4 кастрычніка адбылося ўрачыстае святкаванне 90-годдзя ўтварэння Ушацкага раёна (17 ліпеня 1924 года). На сцэне раённага Дома культуры прайшло тэатралізаванае прадстаўленне, у якім былі задзейнічаны практычна ўсе калектывы Ушаччыны.

Закальцаваны водаправод па вуліцах Полацкая, Каранеўскага, завулку Полацкі і зараз працягваюцца работы па падвядзенні вады ў дамы грамадзян. Завяршэнне аб’екта — добраўпарадкаванне тэрыторыі будзе зроблена пасля пракладкі там газаправода.

Прададзены незавершаныя аб’екты санаторыя «Вечалле».

За дзесяць месяцаў сярэдняя заработная плата ў раёне склала 3973,4 тысячы рублёў. Самую высокую ў рэальным сектары эканомікі маюць агароднінасушыльны завод — 4115, прадпрыемства меліярацыйных сістэм — 4690, санаторый «Лясныя азёры» — 5058 тысяч рублёў.

Закрыта Дубраўская школа-дзіцячы сад.

Падрыхтавана чатыры кандыдаты ў майстры спорту: Мікіта Лёля, Улад Пузатка і Мікіта Галай — па армрэстлінгу і Аня Кандзякова — па кулявой стральбе.

З падтрымкай гандлёвай сеткі «Родная сторона» пабудавана пляцоўка са штучным пакрыццём для гульні ў міні-футбол.

Споўнілася 185 год, як пабудавана Свята-Параскеўская царква ў Арэхаўне. Культавае памяшканне было перададзена вернікам у 1990 годзе і стала першым храмам, куды ездзілі на службы ўсе праваслаўныя веруючыя Ушацкага раёна.

Уведзены ў строй інжынерныя сеткі ў квартале індывідуальнай забудовы па вуліцы Лабанка. Гэта адзіны мікрараён у раёне, дзе спачатку былі пракладзены водаправод, газ, электрычнасць, асфальтавае палатно, тратуарныя дарожкі і нават абсталяваны дзве гульнявыя пляцоўкі, а яшчэ не ўведзены ў эксплуатацыю ні адзін з дамоў.

Пабудавана памяшканне суда Ушацкага раёна, якое стала ўпрыгожаннем гарпасёлка і сабрала пад адным дахам натарыят, адвакатуру і аддзел прымусовага выканання.

В КАРАЛЕНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *