Жители белорусской столицы и гости с России и Австрии пожелали провести новогодние и рождественские праздники на Ушаччине в агроэкоусадьбе «Николаевский посад»

Ушаччина туристическая

Сустрэць навагоднія і калядныя святы ў прыгожых лясных мясцінах Ушаччыны пажадалі сёлета не толькі жыхары беларускіх гарадоў, але і шматлікія госці з блізкага і нават далёкага замежжа. Так, не пустуюць у гэтыя дні ўтульныя домікі аграэкасядзібы “Мікалаеўскі пасад”: Новы год тут адзначылі 36 турыстаў, большасць з якіх прыехалі з Мінску, а адна сямейная пара – аж з Аўстрыі. Таксама больш трох дзясяткаў жыхароў Масквы і Падмаскоўя вырашылі правесці ў гэтай аграсядзібе калядныя канікулы. Яе гаспадар Мікалай Дзмітрыевіч Падрэз дапамог гасцям цікава і змястоўна правесці вольны час: прапанаваў прагулкі па зімовым лесе і экскурсію ў старажытны Полацк, масквічы пабывалі на каляднай усяночнай ва ўшацкай праваслаўнай царкве, убачылі ваенны аэрадром і абеліск на брацкай магіле воінам-партызанам у вёсцы Старынка. “Шмат даведаліся пра ваш гераічны край, у тым ліку са старонак кнігі “Памяць. Ушацкі раён”. Былі ўражаны аперацыяй прарыву варожай блакады і колькасцю загінуўшых падчас яе людзей”, – расказала расіянка Таццяна Ермакова. Спадабалася прабыванне ў нашым раёне заўзятым аматарам падарожжаў Юліі і Аляксандру Аляксеевым, якія асабліва адзначылі непаўторную прыгажосць ушацкіх краявідаў і цёплы прыём мясцовых жыхароў. “Адзіная нязручнасць, з якой мы тут сутыкнуліся, – нязвыклыя беларускія грошы, якімі даводзіцца разлічвацца ў гандлёвых кропках”, – пажартавалі расіяне, пакідаючы са шматлікімі пакупкамі гастраном “Цэнтральны”. І хоць, па іх словах, цэны ў нашых магазінах не меншыя, чым у расійскіх, якасць многіх прадуктаў лепшая. Асабліва ж прыйшліся масквічам да спадобы глазураваныя тварожныя сыркі полацкага малочнага камбіната – госці набылі цэлую ўпакоўку гэтых беларускіх ласункаў.

“Многія мае калегі лічаць зіму “мёртвым” турыстычным сезонам, я ж мяркую, што цікава і змястоўна адпачываць у беларускіх аграсядзібах можна ў любы перыяд года”, – адзначае М.Д.Падрэз, які, дарэчы, не чакае з мора надвор’я, а актыўна рэкламуе турыстычны аб’ект, прыцягвае наведвальнікаў дэмакратычным коштам, якасным абслугоўваннем, разнастайнай культурнай праграмай. Вось і госці, якія сустракалі тут зімовыя святы, выказалі жаданне прыехаць у “Мікалаеўскі пасад” яшчэ раз.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *