И зимой цветы растут. Егор Викторович Азевич любит заниматься благоустройством в любую пору года

Благоустройство

Калі праязджаеш па вуліцы Калінінскай, позірк міжволі спыняецца на доме нумар 75. Нягледзячы на разгар  зімы днём тут прыцягваюць увагу кветкі ды пальмы, а ўвечары загараецца навагодняя ілюмінацыя.

Займацца добраўпарадкаваннем сваёй тэрыторыі – адзін з самых любімых заняткаў гаспадара Ягора Віктаравіча Азевіча. Як толькі пачаў тут жыць, адразу рашыў, што трэба кардынальна мяняць выгляд старога дома і дваровай тэрыторыі. І калі на рамонт дома неабходны немалыя грашовыя сродкі, то для добраўпарадкавання падворка дастаткова фантазіі ды жадання. Вось і прыняўся за прыгажосць двара. Штосьці прыдумваў сам, штосьці бачыў у інтэрнэце, а многія ідэі прыходзілі ў галаву падчас паездак па раёне. Ягор Віктаравіч працуе вадзіцелем хуткай медыцынскай дапамогі і бываць у розных кутках Ушаччыны яму даводзіцца кожную змену. Так, напрыклад, убачыўшы пальму з пластыкавых бутэлек у адной з вёсак, вырашыў, што такая добра б глядзелася і каля яго дома. Высветліў, як яе змайстраваць і ў хуткім часе ўжо выбіраў месца для яе дыслакацыі. На рэштках старога спілаванага дрэва даўно красуецца невялікі, але прыкметны драўляны домік, які таксама змайстраваў сам. На клумбе пад вакном з’явіўся прыгожы рамонак, сцябло якога зроблена з дрэва, а пялёсткі з пластыкавых бутэлек. Непадалёк размясціліся званочкі. А зусім нядаўна на клумбе расцвіла і чырвоная ружа, хоць і драўляная, але не горш за сапраўдную. Старанна вырабляў яе пры дапамозе лобзіка, а алешыну для яе прывёз аж з роднага Глінішча. Дарэчы, з дрэвам працаваць Ягору Віктаравічу падабаецца, акуратна майстраваў з тоненькіх рэек агароджу, вароты, афармляў ганак. А яшчэ вырабіў драўляных гусей, падвесіў на правады, і калі вецер іх калыша, здаецца, што гэта жывыя птушкі ляцяць у бок Вечалля.

Знайшлося прымяненне пробкам ад пластыкавых бутэлек, з белых ды сініх на агароджы выбіта назва вуліцы і нумар дома, а з рознакаляровых невялікія кветачкі. Тут нават шпакоўні аформлены і пафарбаваны з густам.

Кожны новы год Я.В.Азевіч упрыгожвае дом і двор навагодняй ілюмінацыяй, якую дапоўніла  лясная прыгажуня-елка, а таксама цацачныя Дзеды Марозы і Снягуркі, якія “расселіся” ўздоўж дарожкі.

– Раблю ўсё гэта для свайго задавальнення і для людзей. Прыемна, калі спыняюцца каля дома і нават заходзяць паглядзець не толькі ўшачане, а і госці раёна, якія прыязджаюць адпачываць на Вечалле і суседнюю аграэкасядзібу. Днямі вось адна пара заходзіла і прасіла дазволу сфатаграфавацца. Вельмі прыемна, што мае старанні заўважаюць і цэняць,  – гаворыць Ягор Віктаравіч.

Усе пачынанні і ідэі падтрымлівае, а калі патрэбна дапамагае, жонка Святлана Фёдараўна Лемеш. А яшчэ Ягор Віктаравіч Азевіч удзячны за парады і дапамогу Міхаілу Аляксандравічу Багдановічу.

У Я.В.Азевіча яшчэ мноства самых разнастайных планаў. Ад невялікіх – дзе размясціць глобус, дэкарыраваць агароджу – да больш глабальных: наладзіць праз яр, што за домам, навясную пераправу з дапамогай спецыяльнай лябёдкі і ўстройваць катанне для аматараў экстрыму, заняцца аграэкатурызмам.  А яшчэ мужчына марыць перамагчы ў раённым конкурсе па добраўпарадкаванні. Што ж, спадзяёмся, што ўсе мары і задумы гэтага працавітага чалавека абавязкова здзейсняцца!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *