Тема расчистки улиц, дорог и дворов: ЖКХ отвечает на вопросы наших читателей

Ваш вопрос - наш ответ

Хоць сёлетнюю зіму пакуль не назавеш снежнай, тэма расчысткі вуліц і дарог заўсёды жыва цікавіць грамадзян.

«Чаму камунальнікі ў першую чаргу чысцяць тэрыторыю ля райвыканкама, а потым бяруцца за іншыя вуліцы і тратуары?»

«У нас на Віцебскай двары ад снегу практычна не ўбіраюцца. Хацелася б пачуць каментарый на гэты конт».

«Па тратуарах на нашай вуліцы Е.Лось падчас снегападу і галалёду немагчыма рухацца. Ці збіраюцца камунальнікі сачыць за іх станам?»

Даць адказы на паступіўшыя ў рэдакцыю пытанні мы папрасілі майстра па добраўпарадкаванні УП ЖКГ Вольгу ШЧЭРБІК.

— У нашай арганізацыі зацверджаны графік чарговасці расчысткі вуліц і прылеглых да іх тэрыторый, у адпаведнасці з якім тэхніка ўбірае ад снегу райцэнтр. Плошча і цэнтральныя вуліцы сапраўды чысцяцца ў першую чаргу, што і натуральна, бо гэта — цэнтр гарпасёлка, дзе раніцай самы вялікі паток руху аўтатранспарту і пешаходаў.

Што датычыцца другога пытання, то для мяне як вадзіцеля аўтамабіля і жыхаркі мікрараёна Віцебскай яно таксама набалелае. Але чысціць тэрыторыю двароў нашай службе замінаюць… самі жыхары. Дакладней, іх транспартныя сродкі, якімі застаўлены не толькі спецыяльныя пляцоўкі, але і дарожкі, і нават тратуары. Камунальная тэхніка проста не можа там праехаць. І нават калі машыны ў асноўным знаходзяцца на стаянцы, няма гарантыі, што, напрыклад, пры рассыпанні пясчана-салянай сумесі ад галалёду каменне іх не пашкодзіць. Снег на прылягаючых непасрэдна да пад’ездаў частках двароў работнікі УП ЖКГ па меры магчымасці чысцяць уручную. Было б добра, каб і самі жыхары раз-пораз бралі ў рукі лапаты, як гэта робяць у дварах многіх ушацкіх дамоў.

А вось па пытанні чысткі тратуараў вуліцы Е.Лось магу патлумачыць наступнае. Будаўніцтва тратуараў на названай і іншых вуліцах мікрараёна яшчэ не скончана, асобныя іх участкі маюць значныя перапады па вышыні пакрыцця, бо знаходзяцца ў рознай стадыі гатоўнасці. На такіх аб’ектах немагчыма выкарыстоўваць тэхніку для расчысткі, што засведчвае адпаведны акт, складзены спецыяльнай камісіяй, згодна з якім у бягучым зімовым сезоне прадпрыемства чысціць названыя тратуары не будзе.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *