Открытый диалог Президента Республики Беларусь Александра Лукашенко с журналистами

Общество

Прэс-канферэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з журналістамі доўжылася рэкордны па працягласці час – 7 гадзін 8 хвілін. І была, бясспрэчна, адметнай. Не толькі тым, што адышла ад традыцыйнай формы: пытанне-адказ, а праходзіла ў форме адкрытага дыялогу, абмену думкамі, вылучалася яшчэ і асаблівай атмасферай канструктыўнай размовы. У самым пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы адзначыў, што закрытых тэм няма, і выказаў гатоўнасць адказаць на ўсе пытанні, якія цікавяць прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ. Усяго журналісты задалі некалькі дзясяткаў пытанняў, якія датычыліся самых розных тэм. На ўсе пытанні Прэзідэнт, як заўсёды, адказваў шчыра і эмацыянальна. Ніжэй мы прывядзём вытрымкі з адказаў Аляксандра Рыгоравіча на самыя цікавыя для нашых чытачоў тэмы.

Сацыяльна арыентаваная мадэль развіцця

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, тым, хто чакае перамен, ён можа прапанаваць як мінімум дзве, вельмі жорсткія мадэлі эканамічнага развіцця. Але пры гэтым падкрэсліў, што беларускае грамадства іх не вытрымае. «Калі я вам прапаную самую эфектыўную амерыканскую мадэль, заўтра вуліцы будуць запоўнены баевікамі, рознымі членамі пятай калоны. З усіх бакоў нас будуць вучыць, нам устройваць майданы. Але самае галоўнае – людзі застануцца галоднымі і без работы. Таму шлях шокавай тэрапіі нам непрымальны.

Тая мадэль, якая была ў нас з вамі і існуе да гэтага часу, мы ад яе ні ў якім разе не адмаўляемся. Мы называем яе сацыяльна арыентаванай, гэта значыць у цэнтры знаходзіцца чалавек. Мы гэту мадэль намацалі, мы гэту мадэль стварылі, мы гэты шлях вызначылі і па ім трэба ісці, не шарахаючыся, асабліва ў перыяд крызісу», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Я таксама хацеў бы перамен, здзівіць я магу любой мадэллю. Але ці гатовы вы ўспрыняць гэту мадэль? Ці гатова грамадства да тых вялікіх навацый, якія могуць прапанаваць палітыкі, у тым ліку і я? Думаю, што не заўсёды», — падкрэсліў ён.

У канцы мінулага года Беларусь сутыкнулася з сур’ёзнымі выклікамі ў эканоміцы і як вынік – на фінансавым рынку. «Гэта сітуацыя была абумоўлена знешнімі прычынамі, паколькі ў нас эканоміка экспартна арыентаваная, абсалютна адкрытая. Нашы важнейшыя партнёры — гэта Расія і Украіна. Вядома, праблем нямала. Ёсць пытанні і да работы эканомікі, дзяржаўнага апарату, аграпрамысловага і будаўнічага комплексаў. Кіраўніцтва краіны і абноўлены ўрад у тым ліку займаюцца вырашэннем гэтых пытанняў».

Бяспека дзяржавы

«Калі я не забяспечу бяспеку дзяржавы, народ мне не даруе. Гэта мой кроўны абавязак», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і зазначыў, што для гэтага важна ўлічваць шырокі спектр меркаванняў і спыняць тых, хто распальвае канфлікты ўнутры краіны. «Калі на ўсходзе Украіны прадоўжацца ваенныя дзеянні, у гэтым балоце збярэцца дрэнь з усяго свету. А потым гэтыя наёмнікі папаўзуць у Расію і да нас – вось што мяне больш за ўсё хвалюе. Для мяне ўсё роўна, хто будзе ваяваць супраць Беларусі. Калі ён прыйдзе да нас з мячом, мы адкажам тым жа», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Знешняя палітыка

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не дапускае «шарахання» ў знешняй палітыцы паміж Усходам і Захадам. Беларусь ніколі не паддобрывалася да Захаду, ніколі ні перад кім не схілялася. «Мы ніколі не стаялі на каленях ні перад кім – ні перад Захадам, ні перад Усходам. Я адстойваю сваю дзяржаву, свае інтарэсы. І я ні перад кім на калені не стану – пакуль я Прэзідэнт, я не магу. Калі гэта датычыцца мяне, маіх дзяцей — я магу стаць на калені, але як я магу стаць на калені, калі я кіраўнік дзяржавы? Значыць, я вас усіх паставіў на калені. Таму я ўсюды гавару: на Лукашэнку немагчыма націснуць (амерыканцы, вы кажаце, спрабуюць). Ніколі амерыканцы, асабліва ў гэты час, не націскалі на нас».

Суверэнныя і незалежныя

Аляксандр Лукашэнка не дапускае думак аб магчымасці вайны паміж Беларуссю і Расіяй. «Калі мяне пачынаюць насцярожваць такім чынам або гаварыць аб тым, што пасля Крыма Пуцін прыйдзе ў Беларусь, я наогул уявіць сабе, дапусціць гэтага не магу. Ну як рускі чалавек прыйдзе ў Беларусь ваяваць – родны, на сваю родную зямлю… Трэба супакоіцца, выкінуць усе гэтыя гадасці з галавы. У нас вельмі многа іншых праблем, якія трэба вырашаць», – адзначыў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што некаторыя людзі лічаць беларускую зямлю часткай расійскай тэрыторыі. «Беларусь – гэта суверэнная і незалежная дзяржава. Бываючы тут, ніхто нам не прад’яўляў прэтэнзій. Мы заўсёды былі гасціннымі да любога чалавека, але прымусім любога, хто заяўляе аб тым, што такой дзяржавы раней не было, паважаць наш суверэнітэт і незалежнасць. Мы свае землі нікому не аддадзім.

Спыніць кровапраліцце

На пытанне аб тым, якім чынам можна прадухіліць кровапраліцце, Аляксандр Лукашэнка адказаў: «Неабходна адпаведнае жаданне ўцягнутых у гэты канфлікт кіраўнікоў дзяржаў і гэтых рэспублік (ЛНР і ДНР). Трэба пераадолець усялякія рознагалоссі і помніць, што там гінуць дзеці. Гінуць мірныя, ні ў чым не вінаватыя людзі, якім дзявацца няма куды. З васьмі мільёнаў на тэрыторыі Данецка і Луганска ўжо засталося тры з палавінай — чатыры мільёны чалавек. Ды пераступіце вы праз гэтыя амбіцыі, сядзьце і дамоўцеся!» «Прыязджайце ў Мінск на любым узроўні, я гатовы ў гэтым удзельнічаць. Калі ёсць воля кіраўнікоў, вызначаецца лінія, літаральна за некалькі дзён адводзіцца цяжкае ўзбраенне і пачынаюцца далейшыя мірныя працэсы. Трэба спыніць гэту вайну, і не шмат для гэтага трэба. Я ў гэтым проста ўпэўнены», падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнцкія выбары

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час адкрытага дыялогу з журналістамі заявіў, што не мае права самастойна адмовіцца ад прэзідэнцтва, калі па-іншаму не вырашыць народ. Ён таксама адзначыў, што яму было б непрыемна прайграць прэзідэнцкую кампанію, але не баіцца гэтага. «Я ўжо тлумачыў: калі абрушыцца краіна, а я пайшоў сам, то мяне абвінавацяць у баязлівасці. З мяне спытаюць. І яны будуць мець рацыю», – сказаў кіраўнік дзяржавы. «Я палітык. Я павінен змагацца, як гэта прынята па законах палітыкі. У мяне ёсць нейкі багаж. Мяне цяжка ў нечым абвінаваціць, зачапіць за што-небудзь», дадаў ён. Знімаць сваю кандыдатуру на выбарах або не ісці на выбары я не маю права, калі ў мяне няма на гэта падстаў… Калі я буду жывы і здаровы ў 2015 годзе, вы, магчыма, мяне ўбачыце ў спісах кандыдатаў у прэзідэнты».

Пра зарплату

«Цэны ў дзяржаве мы ўзялі пад кантроль, робім гэта разумна. У доларавым эквіваленце зарплата ўпала, ну і што? Вось калі б цэны выраслі на 30-40 працэнтаў, тады іншае пытанне, тады сапраўды можна гаварыць аб зніжэнні дабрабыту людзей», сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у мінулым годзе ўпершыню за апошнія гады ўдалося дабіцца таго, што рост прадукцыйнасці працы быў вышэйшы, чым рост заработнай платы. «Апераджальны рост зарплаты над прадукцыйнасцю працы ў нас зацягнуўся недапушчальна доўга на чатыры або пяць гадоў. Цяпер мы прывялі гэтыя параметры ў адпаведнасць, і нам трэба што б там ні было гэта ўтрымаць. Калі мы будзем з’ядаць больш, чым вырабілі — у грашовым выражэнні, зразумела, то якая будзе эканоміка?» задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. Разам з тым, дадаў ён, гэта не азначае, што зарплата ў краіне не будзе расці. «Ёсць у прадпрыемства даходы плаціце, ніхто не будзе стрымліваць. У бюджэтнай сферы прынцып такі: ёсць грошы плацім, няма грошай трэба пацярпець. Ніякяй папулісцкай палітыкі пад выбары не будзе, — падкрэсліў Прэзідэнт. Мы ўжо забыліся, дзе друкарскі станок стаіць. Выключана, каб мы яго ўключылі і пачалі друкаваць грошы».

…і рост цэн

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў вывучыць стан цэн на прадукты харчавання ў Беларусі ў параўнанні з расійскімі. «Быў перыяд, калі цэны ў Беларусі на тавары былі ў 2-3 разы ніжэйшыя, чым у Расіі. І нам каштавала страшных намаганняў пераадолець такую з’яву, як вываз прадукцыі з краіны, асабліва з прыгранічных раёнаў, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Мы былі вымушаны ў сувязі з гэтым трымаць парытэт цэн». Не думаю, што цяпер можа быць вельмі вялікая розніца ў цэнах у Беларусі і Расіі. Мы трымаем цэны крыху таннейшыя, чым у вас (у Расіі). Вы не можаце кантраляваць цэны у вас няма такіх рычагоў і такой структуры, вы іх даўно ліквідавалі. А мы можам кантраляваць цэны, аж да сельскага магазіна. Улада заўсёды трымае гэтыя пытанні пад кантролем і рэгулюе іх». «Калі цэны ў нас будуць ніжэйшыя, тавар вывезуць, калі будуць вышэйшыя — нашы людзі паедуць да вас за таварам», – сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да расійскага журналіста, які задаваў пытанне. Прэзідэнт даў даручэнне вывучыць існуючае становішча і далажыць яму параўнальны аналіз цэн у Беларусі і Расіі.

Эканоміка запрацуе

Беларусь зможа пераадолець цяжкасці, якія ўзніклі ў эканоміцы краіны.

Прэзідэнт адзначыў, што ў некаторых СМІ прапануюць правесці ў краіне так званыя структурныя рэформы. «Я разумею, на што яны намякаюць. На тое, каб мы парэзалі, раздалі прадпрыемствы, неэфектыўныя — закрылі. Закрыць —розуму многа не трэба. Але заўсёды трэба думаць аб наступствах», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Незалежная Беларусь узяла са свайго мінулага лепшае для эканамічнага развіцця. «Я гэта ў першыя прэзідэнцкія выбары сказаў: мы пакінем толькі лепшае. Мы пакінулі: запусцілі прадпрыемствы. Яны працавалі і нядрэнна працавалі. І будуць працаваць. Мы вырвемся з гэтага складанага становішча, у якое трапіла наша эканоміка», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы нагадаў аб важнай задачы, якая была актуальнай у першыя гады яго прэзідэнцтва і не страчвае актуальнасці цяпер. Размова ідзе аб дыверсіфікацыі экспарту, у тым ліку прадуктаў харчавання. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларуская прадукцыя запатрабавана не толькі ў Расіі, але і ў краінах далёкага замежжа.

Кадравы голад?

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка адмаўляе наяўнасць у Беларусі кадравага голаду на кіруючыя кадры. «Іерархія выбудавана такім чынам, што ключавымі ў краіне з’яўляюцца, акрамя прэзідэнцкай, пасады прэм’ер-міністра, міністраў і губернатараў. І людзі прасоўваюцца па службовай лесвіцы знізу ўверх». Паводле яго слоў, новыя назначэнні не з’яўляюцца паказчыкам голаду на кадры.

«Існуе меркаванне (не столькі ў нас, колькі ў іншых краінах), што ёсць нейкія групоўкі, групы па інтарэсах, якія прасоўваюць сваіх ва ўладу. У Беларусі гэта немагчыма, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Прасунуць можна толькі да ўзроўню Прэзідэнта: прыйдзі і пакладзі на стол плюсы і мінусы (свайго пратэжэ. — Заўвага БЕЛТА), а потым я тром ведамствам даручу пераправерыць. Атрымаўшы ад іх інфармацыю, сам усё перачытаю, падлічу. У мяне ёсць вопыт, каб вывучыць чалавека пры назначэнні, ёсць інтуіцыя за столькі гадоў. Я магу тысячу разоў раіцца, задаваць пытанні перад назначэннем, але прымаю рашэнне сам. Таму няма ніякага лабіравання ў плане падпісання ўказаў па кадрах».

Прыярытэт — за будаўніцтвам жылля

У бягучым годзе запланавана пабудаваць каля 5 млн кв.м жылля. Хацелася, магчыма, і больш, але пры фарміраванні бюджэту было відаць, што ні банкі, ні мы больш не пацягнем. Але і гэта нямала. Можа, і нельга перанапружвацца ў гэтых адносінах, сказаў Аляксандр Лукашэнка. Тыя важныя інфраструктурныя аб’екты, якія пачалі ўжо будаваць, прадоўжым узводзіць. У новыя лезці не будзем, каб не павялічваць нагрузку на бюджэт. Але прыярытэтам пры гэтым застанецца ўсё роўна жыллё». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што «і тут перабору не будзе». Ён адзначыў, што грамадзяне могуць спакойна будаваць жыллё, таму што нядбайныя прыватнікі з рынку пайшлі. «Мы пакінулі толькі магутныя, моцныя арганізацыі і дзяржаўныя прадпрыемствы, якія ад адказнасці нікуды не дзенуцца. Таму махінацый тут не будзе шмат», запэўніў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў асаблівым прыярытэце будзе будаўніцтва арэндных кватэр, якіх у Беларусі налічваецца амаль 30,5 тыс.

Аб адукацыі

«У адукацыі трэба навесці парадак, а не нейкія рэформы пыліць. Трэба вызваліць выкладчыкаў і настаўнікаў ад неўласцівых ім функцый і даць ім магчымасць займацца адукацыяй і выхаваннем. Якія палітычныя, эканамічныя і фінансавыя справаздачы могуць быць у настаўнікаў?» — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў тэму беларусізацыі адукацыі. «Не навязвайце настаўнікам, на якой мове ім гаварыць і выкладаць. Цяпер беларускай мовы ў школе хапае. Я ўжо вам гаварыў, што аднойчы паглядзеў — англійскай мовы пяць гадзін у чацвёртым класе, а беларускай — тры або чатыры. Як так? Дадалі».

Карупцыя

Міжнародныя эксперты прызнаюць сур’ёзнасць барацьбы з карупцыяй у Беларусі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нельга сказаць, што ў Беларусі карупцыю «не спрабавалі выпаліць гарачым жалезам». «Нават міжнародныя эксперты, якія да нас адносяцца не вельмі, гэта прызнаюць», сказаў Прэзідэнт.Пазбавіцца ад яе ўраз немагчыма, але можна звесці да мінімуму. Паводле яго слоў, не трэба верыць тым, хто сцвярджае, што Прэзідэнт нібыта рэжысіруе барацьбу з карупцыяй. «Калі я рэжысёр, то вы абавязкова павінны знайсці факты маёй карупцыі. Калі я карумпаваны чалавек, то я буду маўчаць, ніколі пра карупцыю не гаварыць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама зазаначыў, што трэба ўстанавіць парадак, каб Генпракурор раз у квартал інфармаваў СМІ аб фактах карупцыі.

Палітзняволеныя

Прэзідэнт у час адкрытага дыялогу з журналістамі расказаў аб сваім стаўленні да пытання так званых палітзняволеных. “У нас няма палітзняволеных, таму што ў нас няма палітычнага артыкула ў Крымінальным кодэксе, і гэта сапраўды так». Паколькі журналіст задаў канкрэтнае пытанне адносна Мікалая Статкевіча, то ў сувязі з гэтым Прэзідэнт сказаў: «Ён для мяне не палітык. У мяне ёсць відэакадры, дзе ён павёў людзей на штурм, ёсць запісы яго каманд, яго перагавораў. Гэта ж злачынства, і ў любой дзяржаве караецца яшчэ больш строга. Гэта было, таму не трэба гаварыць, што ён палітычны зняволены. Ён учыніў злачынства. Суд прыняў рашэнне на аснове закона. Закон ёсць закон, і яго трэба выконваць. Таму не трэба мяне папракаць, што гэта нейкі палітычны канкурэнт Прэзідэнта». «Мы ведаем, хто грошы заплаціў, я ведаю, пад што давалі грошы, я ведаю, чаго ад кандыдатаў патрабавалі. Ад іх патрабавалі майдана ў Беларусі – пад гэта грошы дадзім. І я не мог гэтага дапусціць».

«Зарплата ў канвертах» з’ява ненармальная. Такая праблема існуе, будзем разглядаць гэта пытанне, сказаў Аляксандр Лукашэнка. Я даў распараджэнне падумаць аб тым, як вывесці з ценю плацяжы і заработную плату. І мы гэта зробім». Прэзідэнт запэўніў, што ў выпадку падрыхтоўкі адпаведнага нарматыўнага дакумента ён не будзе «скрыты ад людзей, без публічнасці гэта пытанне не вырашым».

Аптымізацыя

У кампактнай Беларусі не павінна быць лішніх чыноўнікаў, а працэс аптымізацыі дзяржапарату будзе прадоўжаны. «Аптымізацыя – бесперапынны працэс. Гэта датычыцца ўсіх, хто на бюджэце, – не толькі дзяржслужачых, але і ваенных, міліцыі і іншых. Аптымізацыя праводзіцца для таго, каб убраць непатрэбныя функцыі». Ён прызнаў, што зарплата ў дзяржслужачых мізэрная. «Але мы трапілі ў такія нажніцы, што не можам сабе падняць заработную плату, бо людзі ў нас небагата жывуць, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Трэба скарачаць функцыі, скарачаць дзяржапарат, а грошы пакідаць. Калі да сярэдзіны года сітуацыя палепшыцца, што-небудзь дабавім».

Пенсійны ўзрост

Пытанне павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі знята з парадку дня, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Беларусі на аднаго пенсіянера прыпадае 1,5 працуючых, а павінна быць мінімум 2-3. «Дык трэба ці не трэба? Трэба. А людзі не хочуць. Ну чаго ж я пайду супраць? Гэта важнае пытанне. Я зняў яго з парадку дня».

Моўнае пытанне

«Пытанне «мовы» вырашана раз і назаўсёды на рэферэндуме беларускага народа. У нас ёсць дзве родныя дзяржаўныя мовы беларуская і руская. «Я катэгарычна забараніў усялякі націск па моўнай прыкмеце». Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што руская мова нараўне з беларускай з’яўляецца здабыткам нацыі. Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што падтрымлівае беларускую мову. «Яна робіць адметнымі нас ад расіян. Наяўнасць сваёй мовы — гэта прыкмета нацыі. Мы ні ў якім разе не павінны загубіць беларускую мову. Мы павінны ведаць яе, як і рускую. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трагічныя падзеі ва Украіне пачаліся з бязмозгай нацыянальнай палітыкі і перш за ўсё з пытання па мове. «Я ўмею рабіць высновы. І я сёння рады, што ў свой час мне ўдалося спыніць шалёны нацыяналізм, які быў да майго прэзідэнцтва.

«Грошы не люблю»

Адказаў Прэзідэнт і на пытанне аб тым, у якой вылюце ён захоўвае свае зберажэнні. «Я атрымліваю заработную плату ў беларускіх рублях. Гэта лёгка праверыць. Я напісаў заяву, каб палавіну маёй зарплаты бухгалтэрыя пералічвала на адкрыты ў ашчадным банку спецыяльны рахунак малодшага сына. Як толькі яму споўніцца 18 гадоў, ён зможа атрымаць гэтыя грошы. Астатнія грошы ў канверце захоўваюцца у кабінеце загараднай рэзідэнцыі ў левай скрыні ўверсе. Я не ведаю, колькі ў мяне там. Ну, можа, Br50 млн. у скрыні гэтай ляжыць». Прэзідэнт Беларусі дадаў, што адзіная валюта, якая можа быць у яго дома, – камандзіровачныя. Яны выдаюцца ў валюце той краіны, куды ён накіроўваецца з рабочай паездкай. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, акрамя таго, малодшы сын збірае грошы на розныя сацыяльныя праекты: будаўніцтва хоспіса і іншыя. «Сумленна скажу, я больш за ўсё не люблю грошы. Яны столькі бед прыносяць. Вядома, без іх не абысціся. Але я не вельмі напружаны куды дзяваць іх. Некаму дапамагу, куплю нешта або пазычу. Мне дораць да тысячы падарункаў. Я іх размяркоўваю да адзінага сярод знаёмых і сяброў. Дзяржаўныя падарункі захоўваюцца ў рэзідэнцыі».

Не рабілі глабальных памылак

«Я часта аналізую тое, што раблю. І вельмі часта займаюся самаедствам. Але мне здаецца, што мы не рабілі нейкіх глабальных памылак, мы ніколі не развязвалі войнаў, ны нідзе не зрабілі так, каб пацярпела мора людзей», канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне аб рашэннях, пры прыняцці якіх на сённяшні час паступіў бы інакш. Пры гэтым Прэзідэнт прызнаў, што, магчыма, у некаторых складаных эканамічных сітуацыях была недакладная або няправільная рэакцыя. «Але гэта таму, што ў нас вопыту няма такога, таму што ў нас не было дзяржавы, мы гэта ўсё не праходзілі. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час гаварыў аб ядзернай зброі, якая была выведзена з тэрыторыі Беларусі, і аб тым, што быў вымушаны выконваць прынятае не ім рашэнне. «Я прама і шчыра сказаў, за што мяне крытыкавалі: калі б гэта была мая воля, асабліва цяпер, я ніколі б гэтага не зрабіў. Вы бачыце, што адбываецца ў свеце: у каго сіла той і мае рацыю».

Самае прыгожае месца Беларусі

Адказваючы на пытанне, якія месцы ўвайшлі б у ТОП лепшых мясцін для наведвання і адпачынку ў Беларусі, калі б яго давялося складаць кіраўніку дзяржавы, беларускі лідар адказаў: «Я люблю сваю краіну — ад наваколля Оршы, дзе я нарадзіўся, да Белавежскай пушчы, дзе пабываў толькі будучы Прэзідэнтам. «У нас, куды ні кінь, паўсюль цудоўныя мясціны. Я як Прэзідэнт не магу нават вылучыць: недзе горш, недзе лепш. Я вельмі ганаруся тым, што мы зрабілі шмат, каб падняць з каленяў раённыя цэнтры. У нас цудоўная, зручная, прыгожая краіна з пэўнымі недахопамі, так будзе заўсёды. Але мы будзем працаваць над гэтымі недахопамі пачынаючы ад клумбы і завяршаючы карупцыяй, пра якую сёння ўжо гаварылі. Мы ўсё роўна праб’ёмся, зробім нашу краіну яшчэ прыгажэйшай. Што датычыцца парады, куды варта з’ездзіць найперш таму, хто яшчэ не паспеў аб’ехаць Беларусь, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Падыдзіце да карты, заплюшчыце вочы і тыкніце пальцам куды трапіце, туды і едзьце. Там будзе прыгожа. У нас прыгожая краіна і не толькі таму, што нам Бог падарыў яе такой, а таму што мы нямала зрабілі апошнім часам. Я люблю сваю краіну ў цэлым. Гэта добрая зямля з добрымі людзьмі.

Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *