Провели опрос среди ушачан накануне 23 февраля и попросили вспомнить моменты из армейской биографии

Общество

Колькі б апытанняў ні праводзілі напярэдадні 23 лютага, практыка сведчыць, што атрымліваюцца яны цікавымі і непадобнымі. Столькі розных радоў войскаў, столькі ўнікальных спецыяльнасцяў. Таму і сёлета вырашылі не адыходзіць ад традыцыі і папрасілі землякоў прыгадаць цікавыя моманты сваёй армейскай біяграфіі.

Сямён Аркадзьевіч Байкоў служыў у чыгуначных войсках. Будаваў БАМ. Можа смела сказаць, што ёсць 18 кіламетраў яго імянной дарогі.

– Ля пераездаў сапраўды ўстаноўлены камяні з нумарам нашай часці 51128. Гэта я ўбачыў па тэлебачанні, а вось падчас службы раніцай мы маглі заўважыць шпалы, вісячыя ў паветры. Пасля ліўняў, вельмі моцных, якіх у нас не бывае, насып размывала поўнасцю, пазней пачалі заказваць спецыяльны дзёран, каб мацаваць яго. Самае цікавае там – абсалютна некранутая прырода, з брусніцамі больш чым у нас журавіны, “дыванамі” з грыбоў, процьмай гадзюк. На адным з участкаў у некалькіх метрах плёскаўся Байкал. І вельмі цікавы клімат – зіма ў верасні наступала раптоўна, да 53 марозу, цяжка дыхаць, паколькі 2 кіламетры над узроўнем мора, хаця і без ветру. Вясна прыходзіла таксама на вачах – праталіна разрасталася пахвілінна, а летам увечары быў проста рай. Чыгунку клалі і вольнанаёмныя, сярод іх нават карэйцы, і вайскоўцы, ад часці мы адыходзілі і за 50 кіламетраў, таму начлег часта разбівалі ў палатачным лагеры. За перавыкананне плана нам плацілі, а паколькі ў водпуск не пускалі, бо хуткім цягніком да дому – 11 дзён, а ў самаволку ісці няма куды, то вяртаўся дамоў у Слабаду з грашыма.


Віктар Cяргеевіч Шарыпа службу праходзіў 50 год таму ў кузні інжынерных кадраў Савецкага Саюза – Калінінградскім вышэйшым інжынерным вучылішчы.

– Званні ў нас ніякай ролі не адыгрывалі, хутчэй спецыяльнасць. І я, механік-інструктар – салдат тэрміновай службы, вучыў будучых афіцэраў і цяперашніх курсантаў ваджэнню танка. Была і яшчэ адна адзінка – танкавы мостаўкладчык – спецыяльная машына, якая раскладалася як нажніцы, і магла ў любых умовах тэрмінова наладзіць пераправу буйной тэхнікі. Рыхтавалі спецыялістаў для ракетных войскаў стратэгічнага назначэння, пагранічных, унутраных, спектр спецыяльнасцяў быў вельмі вялікі, ну а нас – інструктараў па ваджэнні – паўгода ў вучэбцы ў Эстоніі.


Аляксандр Цімафеевіч Спірыдонаў службу праходзіў у Кастрамской дэсантнай дэвізіі, а вось прызываўся наш зямляк з Омска, дзе на той час жылі бацькі-ўшачане.

– Раскажу пра свой другі скачок, бо сітуацыя аказалася непрадбачанай. Звычайна першымі адпраўлялі больш цяжкіх па вазе, каб не дагнаць і не прызямліцца на галаву папярэдніку. А тут перада мной пайшоў хударлявы курсант Разанскага дэсантнага вучылішча, скачкі мы адпрацоўвалі разам. А потым я. Сапраўды нагнаў яго, ледзь атрымалася ўзяць убок, разруліўшы сітуацыю з дапамогай часова заклініўшых строп. Прызямляліся разам і побач, і вельмі разгублены выгляд ён меў. Не менш спужаўся і наш выпускаючы прапаршчык. Калі звычайна з самалёта салдат даводзілася ледзь не выпіхваць, то я так рашуча шагнуў у паветра, што пацягнуў за сабой прапаршчыка. Пра гэта мне потым хлопцы расказалі. І хоць я быў вадзіцелем БМД, на шчасце, не давялося прыгаць разам з машынай: гэта намнога страшней, чым калі сам кіруеш палётам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *