Николай Рашидович Джураев — русский узбек с белорусской душой

Наш современник

“Планета наша вялікая, а мір – цесны, – з невясёлай усмешкай кажа ветэран афганскай вайны Мікалай Рашыдавіч Джураеў. – Прычым настолькі, што падзеі ў адной краіне часта становяцца лёсавызначальнымі для грамадзян зусім іншых”. З філасофскім падыходам і, разам з тым, звыклай для большасці ўраджэнцаў Усходу жывасцю ў апісанні асобных дэталей воін-інтэрнацыяналіст успамінае гады маладосці, дзе Афганістан стаў паваротным момантам далейшага жыццёвага шляху.

Генадзь, Мікалай, Святлана – сваімі славянскімі імёнамі дзеці Рашыда Джураева, працаўніка чыгункі ўзбекскага гарадка Хамза, абавязаны маці, рускай жанчыне. У гэтым населеным пункце, размешчаным ва ўрадлівай Ферганскай даліне, такі склад сямей быў больш чым звыклым – у гады Вялікай Айчыннай вайны сюды пад пагрозай нямецкай акупацыі эвакуіраваліся вытворчасці і людзі з еўрапейскай часткі Расіі.

У нас быў вельмі шматнацыянальны гарадок, – успамінае Мікалай Рашыдавіч. – Татары, рускія, украінцы, нават этнічныя немцы. Тут я атрымаў базавую адукацыю і адразу паступіў у політэхнічны тэхнікум, дзе набываў прафесію тэхнолага па вытворчасці мэблі. Шчыра кажучы – для далейшых заняткаў спортам, а не для асэнсаванага выбару прафесіі, бо там “закрывалі вочы” на мае рэгулярныя пропускі заняткаў і шматлікія адлучкі на трэніровачныя зборы і спаборніцтвы.

З веласпортам хлопец пасябраваў яшчэ ў пятым класе, займаўся з ахвотай і ўпартасцю. Уваходзіў у склад зборнай вобласці, а потым Узбекскай ССР, паспяхова выступаў на трэку і гонках на шашы не толькі на дамашніх спаборніцтвах, але і ў рэспубліках Закаўказзя – Грузіі, Арменіі. Нарматыў майстра спорту СССР выканаў у 17 з паловай гадоў, калі каманда рэспублікі стала першай на ўсесаюзным юніёрскім чэмпіянаце па веласпорце. І нават пасля аўтамабільнай аварыі, атрымаўшы сур’ёзную траўму, насуперак волі бацькі працягваў трэніравацца нават з загіпсаванай нагой – “з’ездзіў Ферганскую вобласць уздоўж і ўпоперак”. У Фергане яго і прызвалі на тэрміновую службу. Цікава, што больш чым за тры гады да таго ён быў адным з нямногіх сведак уводу савецкіх войск у Афганістан, калі пасля спаборніцтваў разам з сябрамі па зборнай 25 снежня 1979 года не маглі вылецець з аэрапорта Ташкента – ён быў перакрыты, а цяжкія ваенна-транспартныя самалёты адзін за адным узляталі ў неба і бралі курс за Амудар’ю. У тыя хвіліны нават і падумаць не мог, што таксама апынецца там, “за рэчкай”.

Спартыўная загартоўка мне вельмі дапамагла падчас праходжання службы, – працягвае Мікалай Рашыдавіч. – У Савецкую Армію я трапіў пазней астатніх аднагодкаў, дазволілі скончыць тэхнікум, але ўжо праз пару тыдняў пасля дзяржэкзамена ехаў у Тэджэнт на мяжы з Іранам у “вучэбку”, дзе паўгода асвойваў спецыяльнасць механіка-вадзіцеля баявой машыны пяхоты. Хаця спачатку камандзіры казалі, што амаль усе спартсмены будуць служыць у спортроце, вельмі хутка зразумеў, што рыхтуюць нас зусім для іншага месца. Ад выканання інтэрнацыянальнага доўгу можна было і адмовіцца, але цяжка гэта было зрабіць перад таварышамі, таму многія ішлі на хітрыкі. Напрыклад, перад самай адпраўкай у Афганістан раптоўна “захварэла” амаль трэцяя частка роты – ужыванне згушчанага малака з ёдам давала ўсе прыкметы гепатыту…

27 кастрычніка 1982 года верталёт з радавым Мікалаем Джураевым на борце прызямліўся ў горадзе Кундуз у 130 кіламетрах ад савецка-афганскай мяжы. У Афганістан ляцелі на грузавым борце “верхам” на гары бульбы, якую з Савецкага Саюза дастаўлялі байцам абмежаванага кантынгенту. Служыў у часці з багатай баявой гісторыяй – 149-ым Гвардзейскім мотастралковым палку вадзіцелем перасовачнага разведвальнага пункта, ва ўзводзе кіравання дывізіёнам батарэй самаходных артылерыйскіх установак. Асноўнай задачай іх падраздзялення была ахова аэрадрома, моста праз раку і дарог, па якіх караваны з СССР рухаліся ўглыб Афганістана. На баявое дзяжурства заступалі кожную ноч. Удзень жа пры палётах транспартнай авіяцыі выязджалі на ахову прылягаючых да аэрадрома тэрыторый, для таго каб пры ўзлёце ці пасадцы самалётаў іх не збілі ракетай. І калі шлях у Афганістан Мікалай Рашыдавіч прыгадвае з усмешкай, то момант вяртання на радзіму 15 мая 1984 года, апошні дзень на зямлі і ў небе Афганістана – адны з самых цяжкіх успамінаў. Дадому ён ляцеў санітарным самалётам да Ташкента. Хоць і бачыў ­смерць, але выгляд маладых хлопцаў, якія вярталіся на радзіму без ног, з перабінтаванымі кульцямі замест рук, спецыфічны пах крыві ў разагрэтым самалёце міжволі выклікалі нейкае дзіўнае пачуццё віны і сораму перад імі – “а я жывы і здаровы”…

З эвакуацыяй узніклі цяжкасці, бо якраз у гэты час ішла адна з аперацый савецкіх войскаў у Панджэрскай цясніне, былі праблемы з транспартам, таму калі б не паспеў вылецець, то давялося б затрымацца яшчэ на два месяцы. “Дэмбельскім акордам” стала замена рухавіка на БМП, камандзір сказаў: “як зробіш – так і свабодны”.

– 9 мая быў выхадны, а я працаваў, таварышы дапамагалі, – прыгадвае М.Джураеў.– Для таго, каб паспяхова справіцца з задачай, пайшоў нават на злачынства – сагнаў са стаянкі аўтакран для пад’ёму рухавіка, мог за гэта сур’ёзна быць пакараны, але абышлося!

За паўтара года службы давялося неаднаразова выяз­джаць на разведку, удзельнічаць у сур’ёзных вайсковых аперацыях, некаторыя запомніліся асабліва. У снежні 1983 года банда колькасцю звыш 200 чалавек спрабавала прарвацца на тэрыторыю Савецкага Саюза. Пагранічнікі іх затрымалі, а часць Мікалая Рашыдавіча спешна перакінулі для акружэння і ліквідацыі баевікоў, дзе яны паспяхова выканалі задачу, але не гэта было самым складаным.

Здаецца вось яна, радзіма, на тым беразе рэчкі, дзе агні населеных пунктаў, – усхвалявана расказвае воін-інтэрнацыяналіст, – а трапіць туды нельга, трэба вяртацца назад, бо яшчэ больш года службы заставалася. Яшчэ адзін памятны выпадак, калі малады чарнявы таджык Бахадыр пасля абстрэлу каравана вярнуўся са свайго першага выезду поўнасцю сівы – перавозіў на “Урале” поўны прычэп снарадаў для артылерыі і ведаў, што пападанне ў яго машыну азначае немінучую гібель.

27 лістапада 1983 года радавы Мікалай Джураеў разам з малдаванінам Сяргеем Жосанам ля паста затрымалі разведчыка маджахедаў, які нейкім цудам змог прабрацца праз міннае поле да пазіцый падраздзялення. Таварыш быў прадстаўлены да ўзнагароды, а вось Мікалай Рашыдавіч свой медаль “За баявыя заслугі” з-за бюракратычнай валакіты атрымаў ужо пасля дэмабілізацыі, калі працаваў у ваенкамаце і завочна вучыўся ў педінстытуце. Са спортам прыйшлося завязаць – для сур’ёзных заняткаў не хапала часу. Перад распадам Савецкага Саюза, калі ў сярэднеазіяцкіх рэспубліках паўсюдна ўспыхвалі пажары рэлігійных і міжнацыянальных канфліктаў, савецкі ваеннаслужачы з рускім імем, які не валодаў узбекскай мовай і не быў мусульманінам, вымушана пакінуў родны горад – хваляваўся за лёс жонкі і дзвюх дачок.

– 52 гады мне ўжо, а веру так ніякую і не прыняў, – кажа Мікалай Рашыдавіч. – Дзяўчаты ў школе ўсё збіраюцца мяне пахрысціць!

Дзяўчаты – гэта яго калегі з педагагічнага калектыву Вяркудскай школы, дзе зараз Мікалай Рашыдавіч працуе настаўнікам фізічнай культуры. У наш раён ён трапіў больш дваццаці год таму. У Оршы яшчэ з 70-х гадоў жылі родныя, таму хацеў перабрацца спачатку бліжэй да іх, уладкавацца ў ваенкаматы Лёзна або Талачына, але месца было ва Ушачах, ды і давалі жыллё. Два гады працаваў адказным выканаўцам па ўліку афіцэраў запасу, а пасля скарачэння дарэчы прыйшлася педагагічная адукацыя.

Наш раён для Мікалая Рашыдавіча стаў сапраўднай другой радзімай. Тут у яго выраслі дочкі і сын, тут знаходзіцца магіла рана пакінуўшай сям’ю жонкі. Шчыры і па-усходняму гасцінны чалавек набыў новых сяброў, сярод якіх і многія воіны-інтэрнацыяналісты з нашага раёна. Сёлета, на жаль, 26-гадавіну з дня вываду савецкіх войск з Афганістана яму давядзецца сустрэць у бальніцы – абвастрылася хвароба. Але ён не сумуе, кажа “сябры мяне не забудуць” і з жартам дабаўляе: “Я самы сапраўдны “інтэрнацыяналіст” – напалову рускі, напалову узбек, а адчуваю сябе беларусам!”

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *