Мемориальный комплекс «Прорыв» нуждается в глобальной реконструкции

Общество

Галоўная мэта візіту на мінулым тыдні старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандра Ягоравіча Ацясава ва Ушацкі раён – выпрацоўка схемы арганізацыі работ па рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Прарыў”. Тэма аб захоўванні мемарыяла была ўзнята губернатарам вобласці Мікалаем Мікалаевічам Шарстнёвым на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама. Знайсці сродкі на такую маштабную справу з мясцовых крыніц – нерэальна, таму з прадстаўнікоў зацікаўленых абласных службаў і раённай улады быў сфарміраваны штаб, які ўзначаліў А.Я.Ацясаў. Пытанне захавання мемарыяла, унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, стаіць востра. І зацікаўленасць у гэтым улады на абласным ўзроўні зразумелая, бо Ушацкі музей народнай славы і мемарыяльны комплекс “Прарыў” (адзін з самых значных твораў манументальнага мастацтва БССР) з’яўляюцца знакавымі аб’ектамі не толькі для Ушаччыны, але і для Віцебшчыны.

Адкрыты 30 чэрвеня 1974 года, практычна ў дзень вызвалення раёна і напярэдадні 30-годдзя са дня вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, помнік прыняў сотні тысяч наведвальнікаў, мноства мерапрыемстваў, у 2009 годзе стаў сведкам уручэння раёну вымпела “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. У апошнія дзесяцігоддзі раённыя ўлады прыкладалі намаганні для падтрымання свяшчэннага для ўшачан месца ў належным стане. Сродкаў, якія накіроўваліся, напэўна б хапіла для капітальнага рамонту невялікага помніка або ўстаноўкі новага. Але ў маштабах велічнага комплексу яны дазвалялі толькі падтрымліваць знешні эстэтычны выгляд.

У 2005 годзе быў выкананы касметычны рамонт скульптуры партызана, праведзены работы па ўкладцы тратуарнай пліткі і рамонту бетоннага пакрыцця. На жаль, прыходзілася аднаўляць і скрадзенае, зламанае на свяшчэнным месцы вандаламі: у 2007 годзе праводзілася рэстаўрацыя трох стужак з назвамі партызанскіх брыгад, вінтовак з кампазіцыі “Апошні прывал”, а ў студзені 2012 года аднаўляліся 38 сілумінавых пліт з імёнамі ўдзельнікаў прарыву блакады, стужка з надпісам партызанскай брыгады “Кастрычнік”. Толькі ў мінулым годзе на правядзенне комплексу работ на мемарыяле затрачана звыш 100 мільёнаў рублёў. Але ў лістападзе мінулага года адбылося асыпанне фрагментаў нясучых канструкцый глыб мемарыяла. Райвыканкамам былі прынятыя тэрміновыя меры па ліквідацыі пашкоджанняў. Абследаванне нясучых канструкцый глыб, праведзенае спецыялістамі праектнага інстытута рэканструкцыі і будаўніцтва Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, выявіла іх нездавальняючы стан. Заключэнне экспертызы: “дэмантаж існуючых канструкцый з поўнай іх заменай на аналагічныя, з мэтай захавання аблічча мемарыяла”.

Абавязкам гонару і сумлення назваў гэту справу А.Я.Ацясаў, які, дарэчы, і ўручаў гарадскому пасёлку вымпел “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”, неаднойчы бываў на “Прарыве”, добра ведае гісторыю партызанскага руху на нашай зямлі.

– Многія ў нашы дні не вераць, што такое магло быць, што партызаны маглі арганізавана змагацца з пераўзыходзячымі сіламі рэгулярнай гітлераўскай арміі, супраць артылерыі, танкаў і самалётаў, – казаў Аляксандр Ягоравіч на адкрыцці пасяджэння. – Але гэта гістарычны факт, асабіста ведаю многіх удзельнікаў блакады і прарыву – партызанскія брыгады Полацка-Лепельскай зоны былі сапраўднымі баявымі злучэннямі, дзейнічалі дзёрзка і наносілі значныя страты захопнікам. Партызанская зона са сталіцай ва Ушачах была буйнейшай сярод 23 у Беларусі.

Менавіта дзякуючы адкрыццю “Прарыву” ва Ушачах з’явілася і новы сучасны будынак музея. Сёння ён таксама патрабуе капітальнага рамонту, праект ужо падрыхтаваны. Таму пытанні прывядзення ў належны стан гэтых аб’ектаў трэба вырашаць комплексна, а для гэтага патрэбны дзясяткі мільярдаў рублёў, бо, напрыклад, калі пачынаць рэканструкцыю “Прарыву”, то ў праект мэтазгодна ўключаць усе затраты. Акрамя рэканструкцыі глыб, гэта і рамонт скульптуры партызана, стварэнне ахоўных зон, добраўпарадкаванне, устанаўленне сістэм падсветкі і відэаназірання, што таксама з’яўляецца адным з неабходных патрабаванняў у сучасных умовах. Гэту прапанову старшыні райвыканкама Віктара Віктаравіча Родзіча таксама падтрымалі ўсе прысутныя.

Старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама Ігар Уладзіміравіч Ісачэнка і прадстаўнікі праектных арганізацый выступілі з ініцыятывай раздзялення ўсіх відаў работ на пускавыя лініі, для спрашчэння сістэмы фінансавання і ўзгаднення, бо запланаваныя аб’ёмы стануць справай не аднаго году і рэканструкцыю лепш праводзіць чэргамі. Значны час зоймуць і пытанні шматлікіх узгадненняў, падрыхтоўкі неабходнай дакументацыі. Сваё бачанне вырашэння праблемы агучыў і начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Барыс Валянцінавіч Кічаноўскі, які абгрунтаваў неабход­насць пошуку падтрымкі і ў вышэйстаячых дзяржаўных структурах – ад Міністэрства культуры да Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Абмеркаваны пытанні прыцягнення і пазабюджэтных сродкаў, бо нельга не пагадзіцца са словамі старшыні Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Вольгі Мікалаеўны Захарэнкі аб тым, што “ў год 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне справа аднаўлення святых для кожнага ўшачаніна мясцін павінна ­стаць усенароднай, як абарона Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. З гэтай мэтай будуць праводзіцца раённыя суботнікі, для збору сродкаў далучацца грамадскія і прафсаюзныя арганізацыі, разглядаецца пытанне адкрыцця дабрачыннага рахунку для пералічэння ахвяраванняў, прыцягнення да ўдзелу ў гэтай справе жыхароў іншых рэгіёнаў Віцебшчыны.

Пасля правядзення пасяджэння ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся на “Прарыў”, дзе на месцы азнаёміліся са станам мемарыяльнага комплексу, наведалі музей народнай славы і на свае вочы ўбачылі неабходнасць правядзення рамонту, бо працякаючы дах і адыходзячая нясучая сцяна рэальна пагражаюць захаванню багатых фондаў і экспазіцый – тыя, хто пабываў тут упершыню, былі вельмі ўражаны прадстаўніцтвам музея.

Паэтапныя работы на мемарыяльным комплексе “Прарыў” пачнуцца ўжо сёлета. Задачы агучаны вельмі складаныя, але, як адзначыў А.Я.Ацясаў, галоўная з іх – каб пасля правядзення рэканструкцыі яшчэ некалькі пакаленняў ушачан і іншых жыхароў Прыдзвіння мелі магчымасць наведаць гэтыя легендарныя мясціны, ушанаваць памяць вызваліцеляў і ў сваю чаргу вучыцца беражлівым адносінам да помнікаў гераічнага мінулага сваёй краіны.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *