Ольга Хвастиёнок бросает вызов знатокам из «Что? Где? Когда?»

Мир увлечений

Перадача “Што? Дзе? Калі?” на працягу доўгага часу з’яўляецца адной з самых рэйтынгавых на тэлебачанні. Шмат яе прыхільнікаў і сярод ушачан. Думаю, што многія з іх назіралі за восеньскай серыяй гульняў беларускага клуба і былі прыемна ўражаны, убачыўшы за гульнявым сталом пытанне, дасланае з нашага райцэнтра. Прапаную чытачам пазнаёміцца з яго аўтарам – Вольгай Хвасціёнак.

“Пастаянна гляджу гульні знатакоў і заўважыла, што сярод аўтараў пытанняў нямала жыхароў маленькіх гарадкоў і вёсак, і стала мне крыўдна – чаму з нашага пасёлка лістоў не бывае? Вось і вырашыла я гэтую недарэчнасць выправіць, стала прыдумваць і дасылаць пытанні”, – расказвае Вольга. Аднак высветлілася, што далёка не кожны ліст, які прыходзіць на адрас праграмы, трапляе на гульнявы стол, бо жадаючых праэкзаменаваць знатакоў значна больш, чым сектараў на ім. Пытанне павінна быць цікавым, арыгінальным, не занадта простым і не празмерна мудрагелістым – адным словам, адпавядаць шэрагу патрабаванняў. Таму званок з рэдакцыі наконт таго, што пытанне Вольгі абрана для восеньскай серыі, стаў для яе прыемным сюрпрызам. Тым, хто не глядзеў гульню, паведамлю, што ў ім ішла гаворка пра помнік кошцы па мянушцы Таўзер, якая злавіла за сваё жыццё 28899 мышэй і была занесена ў Кнігу рэкордаў Гіннеса. Помнік устаноўлены на тэрыторыі аднаго з шатландскіх заводаў – знатакам прапаноўвалася здагадацца, што вырабляе гэтае прадпрыемства. Агучыўшы некалькі версій, ігракі здолелі абраць правільную: завод вырабляў віскі, на яго складах было шмат зерня і – як след – безліч мышэй, якіх спраўна знішчала славутая Таўзер. “Нягледзячы на тое, што знатакі выйгралі, для мяне гэта таксама перамога, бо назва майго любімага пасёлка прагучала па тэлебачанні – думаю, многім яго жыхарам і ўраджэнцам гэта было прыемна!” – адзначае Вольга. А яшчэ кажа, што некаторыя пасля эфіру спачувалі, маўляў, не ўдалася выйграць грошы. Але матэрыяльны фактар ніколі не быў для яе істотным. Проста хацелася праявіць сябе, заявіць пра наш раён, у якім вельмі шмат эрудзіраваных людзей.

Напэўна, многіх цікавіць, як да аўтараў прыходзяць ідэі пытанняў: ці гэта плён мэтанакіраванай пошукавай работы, ці выпадковае “азарэнне”? Вось што расказвае на гэты конт Вольга: “Калі пасля нараджэння дачушкі Вікі знаходзілася ў дэкрэтным водпуску, з’явіўся вольны час, які прысвячала чытанню. На гісторыю пра шатландскую кошку натрапіла ў адным часопісе. А прыцягнуў мяне гэты артыкул, бо яшчэ з часоў вучобы ва ўніверсітэце на факультэце замежнай мовы цікавілася брытанскімі краінамі. Акрамя таго з дзяцінства з’яўляюся заўзятай “кашатніцай”, вось і дачку з маленства вучу, каб жывёлу любіла, мы з ёй падчас прагулак бяздомных катоў падкормліваем…”

А яшчэ Вольга прызнаецца: калі над тваёй задачай ламаюць галаву найпершыя эрудыты краіны, гэта дае неперадавальныя эмоцыі. І, вядома ж, хочацца адчуць іх зноў, узяць рэванш, таму ў Вольгі ўжо маецца некалькі паметак наконт новых пытанняў, вось толькі пакуль не стае часу, каб іх аформіць. Сваіх жа землякоў яна таксама заклікае прыдумваць і дасылаць пытанні ў “Што? Дзе? Калі?”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *