Владимир Никитенко — педагог и творческий человек: композитор, автор текстов песен и их исполнитель

Наш современник

У вядомай паэтэсы – нашай зямлячкі Еўдакіі Лось ёсць верш, прысвечаны настаўніцы першага класа, да якой вядзе “сваё шчасце” – малога сына. “Разгортвайце шчасцейка крылы, – звяртаецца яна да сваёй гераіні. – Ім памажыце акрэпнуць, іх распраўляйце для лёту”. Гэта і сапраўды асаблівыя педагогі – тыя, якія ўпершыню сустрака­юць хлопчыкаў і дзяўчынак ­дашкалят, уводзяць іх у школьнае жыццё, у свет ведаў. У асноўным прафесію настаўніка малодшых класаў выбіраюць жанчыны, а калі гэта мужчына, то тым больш шанцуе вучням. Ва ўсялякім выпадку такі вывад зрабілі ўсе, хто прыйшоў на вечарыну У.П.Нікіценкі – не толькі педагога, але і вельмі творчага чалавека: самадзейнага кампазітара, аўтара тэкстаў песень і выканаўцы сваіх твораў. Яму ў гэты дзень споўнілася 60 гадоў.

Красамоўна расказала пра Уладзіміра Пятровіча як настаўніка пачатковых класаў былой Матырынскай школы В.В.Васілеўская, якая доўгія гады працавала яе дырэктарам. Як ён прыйшоў у школу, з якой бацькоўскай кранальнай любоўю стаў адносіцца да дзетак, з адказнасцю вучыць, наладжваць экскурсіі для пазнання прыроды. І ўвогуле, як падкрэсліла Вольга Віктараўна, школа стала куды больш прыкметнай намаганнямі У.П.Нікіценкі. А гэта і ўдзел у рэспубліканскім турзлёце, і выступленне на абласной сцэне ў межах конкурсу “Песня мая – Беларусь”, і поспех фальклорнага калектыву.

Вітаць юбіляра прыйшлі В.А.Лапцева, якая ўзначальвае райкам прафсаюза работнікаў адукацыі, і старшыня прафсаюзнай арганізацыі Ушацкай сярэдняй школы Н.М.Герцык (Уладзімір Пятровіч вядзе тут заняткі). Грамату аддзела адукацыі райвыканкама ўручыла юбіляру загадчыца вучэбна­метадычнага кабінета Н.В.Стрыжонак.

Шэраг музычных падарункаў падрыхтаваў для гледачоў да сваёй вечарыны Уладзімір Пятровіч. І першай выканаў, канечне, песню “Настаўнік”, якую паспелі палюбіць ужо многія. Як, скажам, і “Добры, добры дзень”. Песня ў выкананні Іны Клімавай і Тамары Ксянжук выклікала працяглыя апладысменты гледачоў. Пасля заканчэння вечара давялося чуць ад тых, хто паслухаў яе, што гэтым музычным творам можна адкрываць любое сур’ёзнае мерапрыемства. На добрым узроўні выканалі дзве песні У.Нікіценкі ўдзельнікі хору народнага клуба “Ветэран”. Гэта поўнасцю аўтарская “Беларусачка, Белая Русь” і “Просіць дзеўка маці…” на словы Л.М.Карабань.

Асобным блокам ішло прысвячэнне маці і роднаму дому юбіляра. А на сынава свята прыехала аж са Слаўгарада тая, якая дала жыццё яму і яшчэ адзінаццаці дзецям, – Ніна Калістратаўна. Цэлым гуртам з’явіліся родныя на юбілейны вечар. І калі вядучая, Дзіна Пенкальская, паклікала ўсіх іх выйсці да гледачоў, то 90­гадовая маці першая матыльком ускочыла на сцэну. Яна расказала, што нарадзіла сем сыноў і пяць дачок, мае 38 унукаў і 12 праўнукаў. А песню, прысвечаную ёй, Уладзімір Пятровіч спяваў, калі яна сядзела ў першым радзе глядзельнай залы. Ён спусціўся да яе і так кранальна выканаў свой твор, што без слёз успрымаць гэта было немагчыма. Затым з такім жа пачуццём удзячны сын выканаў песні “Маці” і “Стары дом” на словы ўдзельнікаў народнага клуба “Муза” С.Каранеўскага і В.Данішэўскай, а таксама аўтарскую “Родная хаціна”. Выконваць іх дапамагала сваім гучным голасам Іна Клімава – атрымлівалася цудоўна. Не горш праспявала песню “Ля азёрнай сіні” Святлана Муша, якая асабліва парадавала менавіта мяне як аўтарку слоў.

Выступаючыя дапаўнялі і дапаўнялі душэўную атмасферу вечара. Брат юбіляра Віктар прыгадаў, як той вучыў яго двухгалоссю, трохгалоссю. Зазначыў, што родныя цікавяцца творчасцю прадстаўніка свайго роду, але ведалі не ўсё. Пачутае іх узрадавала.

– Творчасць Уладзіміра, – сказаў Віктар, – у вас ва Ушачах выспела. Тут ён дапоўніў шэраг сваіх рускамоўных песень беларускамоўнымі, каларытнымі. Гэта крупінкі нашай беларускай культуры.

Аб дзейнасці У.П.Нікіценкі як акампаніятара калектыву мастацкай самадзейнасці Матырынскага клуба гаварыла Г.С.Рудзёнак, якая тады працавала там.

А песні гучалі і гучалі. Ваеннай тэматыкі – асобна. “Героі нашы – партызаны” выканаў песню зноў сам аўтар слоў і музыкі. Уладзімір Пятровіч расказаў, што калі першы раз пабываў на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, то непадалёк у полі ўбачыў жанчыну, якая пасвіла карову. Яна расказала аб тых падзеях, якія адбываліся ў час вайны на гэтым месцы. І пачутае ўразіла. Цяпер Уладзімір Пятровіч па некалькі разоў за год бывае на гэтым святым месцы. А яшчэ патрыятычная тэматыка блізкая кампазітару, таму што яго бацька быў удзельнікам Вялікай Айчыннай, двойчы паранены.

Юбіляра вітала і сям’я Талалуевых, якія ў свой час пераехалі ва Ушачы з таго ж Слаўгарада. У сваю чаргу Уладзімір Пятровіч з душой выканаў сваю песню ”Людзі ў белых халатах”, якая, па сутнасці, і была напісана як прысвячэнне ім.

Песні “Снежный вальс” і “Замаркоцілася жонка мая” на словы “музаўцаў” Г.А.Лапёнак і Л.М.Карабань праспявала Ганна Краўчонак.

На заканчэнне прагучалі: аўтарская песня “Лясныя азёры” і – на словы В.У.Логінавай –“Приезжайте на Белую Русь”. Уладзімір Пятровіч жа працуе ў санаторыі, займаецца арганізацыяй адпачынку тых, хто наведаў гэтае цудоўнае месца. Гучаць і песні нашага кампазітара. А значыць, творчасць Уладзіміра Пятровіча Нікіценкі вядома далёка за межамі раёна. Творчасць, у якую ён укладвае душу і свой непаўторны талент.

Галіна Варатынская.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *