Милиционер-водитель Андрей Дрозд — один из лучших работников отдела внутренних дел

Ими гордятся

Быць у патрэбны час у патрэбным месцы – асноўны прынцып работы праваахоўнікаў. Менавіта ад хуткасці іх прыбыцця на месца здарэння ў многім залежыць яго зыход. І тут адказнасць кладзецца на плечы міліцыянера­вадзіцеля. Ушацкаму раённаму аддзелу ўнутраных спраў у гэтым сэнсе пашчасціла: гэтую пасаду тут не першы год займае Андрэй Уладзіміравіч Дрозд, які ўсе нюансы службы ведае як ойча наш, а да любой даручанай справы адносіцца з асаблівай адказнасцю.

Любоў да тэхнікі з’явілася ў героя нашай публікацыі, ураджэнца вёскі Глінішча Ушацкага раёна, яшчэ ў дзяцінстве. Падчас вучобы ў Гарадоцкім саўгасе­тэхнікуме атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. Калі ж у 1995 годзе трапіў на тэрміновую службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, быў вадзіцелем камбрыга.

Пасля дэмабілізацыі А.У.Дрозд вярнуўся на малую радзіму, год працаваў слесарам на агароднінасушыльным заводзе. А калі ў снежні 1997­-га ў райаддзеле міліцыі з’явілася вакансія міліцыянера­вадзіцеля канвойнага падраздзялення, атрымаў запрашэнне яе заняць.

– Шчыра кажучы, дагэтуль не думаў, што некалі давядзецца працаваць у органах унутраных спраў, – прызнаецца Андрэй Уладзіміравіч. – Спачатку перажываў, як сустрэнуць мяне ў новым калектыве, ці спраўлюся з такой адказнай пасадай. Першыя месяцы службы было нязвыкла жыць па строгім распарадку, быць гатовым у любы момант выйсці на працу. Але, як кажуць, чалавек да ўсяго хутка прывыкае…

За 17 гадоў службы ў РАУС акрамя названай пасады А.У.Дрозд займаў і іншыя: быў міліцыянерам­вадзіцелем аўтазака, міліцыянерам-­вадзіцелем групы тылавога забеспячэння і аператыўна­-дзяжурнай службы міліцыі грамадскай бяспекі. Вось і зараз выходзіць на дзяжурствы ў АДС, калі ўзнікае патрэба – садзіцца за руль аўтазака ізалятара для часовага ўтрымання асоб, затрыманых або заключаных пад варту.

Увогуле, у назве сваёй пасады – міліцыянер-­вадзіцель – А.У.Дрозд вылучае першае слова. Менавіта таму, прыехаўшы па выкліку, ён ніколі не адседжваецца ў машыне, а разам з участковым ідзе ў кватэру, дзе буяніць п’яны дэбашыр, удзельнічае ў затрыманні правапарушальнікаў. Найбольш напружанымі, па словах мужчыны, з’яўляюцца дні выплаты заработнай платы ў сельгаспрадпрыемствах раёна, а таксама выхадныя, калі праводзяцца дыскатэкі і іншыя масавыя мерапрыемствы, – менавіта тады ў аператыўна­-дзяжурнай службе рэгіструецца найбольшая колькасць выклікаў. Хапае спраў і ў буднія дні. Вядома ж, ніхто не адмяняў і неабходнасць трымаць службовы аўтамабіль у спраўным стане, своечасова праводзіць яго тэхнічнае абслугоўванне.

– З такім чалавекам хоць у разведку! – сцвярджаюць калегі Андрэя Уладзіміравіча В.Обух і С.Сабін. – Яго працаздольнасці, адказнасці можна толькі пазайздросціць. Бывала, за суткі, калі ён дзяжурыў, выклікі паступалі адзін за адным – часу расслабіцца нават на хвілінку ў міліцыянера-­вадзіцеля не было. Калі ж раніцай трэба было на аўтазаку везці арыштаваных у Полацк, ён не скардзіўся, маўляў, стаміўся і хоча спаць – проста садзіўся за руль і ехаў.

Дома ж А.У.Дразда заўсёды чакаюць любімая жонка і дзве дачушкі. Дарэчы, у “родных пенатах” амаль усё зроблена ўмелымі рукамі гаспадара: нядаўна, напрыклад, сам зварыў і ўстанавіў у двары вароты. Знаходзіць у сабе сілы Андрэй Уладзіміравіч і на тое, каб трымаць падсобную гаспадарку, шчыраваць на немалым прысядзібным участку, дапамагаць бацькам. А ў вольны час, якога, праўда, у мужчыны не так многа, любіць што­-небудзь рамантаваць.

– Андрэй Уладзіміравіч, прапаршчык міліцыі, ва ўсім падае прыклад нашым маладым работнікам, да яго парад прыслухоўваюцца і вопытныя калегі, – гаворыць намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Святлана Іванаўна Ціханёнак. – За гады службы ў райаддзеле міліцыі ён можа запісаць у свой актыў шмат папярэджаных правапарушэнняў, садзейнічанне ў раскрыцці злачынстваў.

Такія адносіны да справы, безумоўна, не маглі застацца незаўважанымі. Так, у мінулым годзе герой нашай публікацыі атрымаў медаль “За бездакорную службу” трэцяй ступені. Дружны калектыў раённага аддзела ўнутраных спраў шчыра парадаваўся, калі летась прозвішча А.У.Дразда ў ліку лепшых работнікаў Ушаччыны было занесена на раённую Дошку гонару.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *