Белорусский кофе — это не нонсенс — утверждает хозяин «Чайной лавки» Александр Лисовский

Калейдоскоп

Нядаўна давялося стаць сведкай цікавага дыялогу паміж гаспадаром “Чайнай лаўкі” Аляксандрам Лісоўскім (гэта гандлёвая кропка нядаўна пераехала ў больш зручнае памяшканне ў “Цэнтры гандлю і паслуг”) і пажылой жанчынай-пакупніцай. “Сынок, хачу зрабіць падарунак аднаму добраму чалавеку. Парай, якую каву набыць”. “Вазьміце, напрыклад, “Эгаіст” ці “Бушыдо”. “Не, яна нейкая нягеглая: можа сапсавалася ці адсырэла. Давай лепш “Арому”, я яе заўсёды купляю!”

Гэты выпадак стаў нагодай для нашай размовы з Аляксандрам, падчас якой ён расказаў пра сарты і брэнды рынку кавы і пра тое, як пакупнікам у ім зарыентавацца.

– Пачну з названых вышэй марак растваральнай кавы, якія прыйшліся па гусце многім ушацкім аматарам напою бадзёрасці. “Эгаіст” – знакаміты нямецкі брэнд, “Бушыдо”, як бачна па назве – японскі. Абедзве маркі вырабляюцца на нямецкіх і швейцарскіх прадпрыемствах – адпаведна, і якасць у кавы еўрапейская. У пацвярджэнне прывяду факт: для таго, каб вырабіць адзін кілаграм “Бушыдо”, вытворцы перапрацоўваюць чатыры кіло зерняў кавы. Дарэчы, выгляд у гэтай кавы сапраўды даволі незвычайны: гранулы плоскія, розныя па колеры, так што мая пакупніца ў сваіх “сумненнях” мела рацыю.

Як вядома, сапраўдныя гурманы аддаюць перавагу каве ў зернях. І гэта зразумела, бо ў іх захоўваюцца ўсе натуральныя кампаненты, эфірныя маслы, карысныя элементы, якімі валодае прадукт. Я ўжо не кажу пра смак і водар. Аднак не ў кожнага ёсць час і жаданне карыстацца кавамолкай, таму вытворцы прапануюць шмат молатых сартоў. Асабіста мне падабаюцца італьянскі “Лавацца”, нямецкія “Далмайр” і “Паўліг”. Хачу выказаць камплімент і айчынным вытворцам: калі на рынку з’явіўся беларускі брэнд “Барыста”, многія ставіліся да гэтага скептычна, бо наша краіна не мае сур’ёзных кававых традыцый. Аднак магу ўпэўнена сказаць, што гэты айчынны тавар, які знаходзіцца ў адной катэгорыі па кошце з молатай кавай “Жакей”, як мінімум нічым не саступае названаму расійскаму прадукту, хоць многія па звычцы купляюць менавіта апошні, бо проста не ведаюць аб беларускім брэндзе. Дарэчы, працэс абсмажвання зерня “Барысты” наладжаны па італьянскіх тэхналогіях і на адпаведным абсталяванні.

Ну а тым, хто вагаецца ў выбары – молатая ці растваральная, можна параіць “кампраміс” у выглядзе сумесі названых сартоў, і многім спажыўцам такі мікст да спадобы.

Сярод аматараў кавы ёсць тыя, каму гэты напой супрацьпаказаны. Але пэўнае выйсце ёсць і тут: паспрабуйце “ашукаць” арганізм кавай без кафеіну або цыкорыяй – дарэчы, выпуск гэтага тавару таксама наладзілі ў Беларусі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *