Не поджигайте сухую траву — не совершайте преступление против природы!

Экология

Вясной, калі сыходзіць снег, людзі нярэдка вырашаюць пазбавіцца ад сухой травы, падпальваючы яе. Спецыялісты перакананы: той, хто мяркуе, што гэта карысная справа, вельмі памыляецца. Наадварот, кожны пал – злачынства супраць далікатнага свету прыроды.

Ад выпальвання сухой травы прыкметна зніжаецца ўрадлівасць глебы: арганічныя рэчывы згараюць, а мінеральныя, што змяшчаюцца ў попеле, лёгка вымываюцца паверхневымі і грунтовымі водамі. Там, дзе прайшоў агонь, становіцца бяднейшым відавы састаў лугавой расліннасці і жывёльнага свету. Не будзе ўжо ранейшага разнатраўя, пустазелле захопіць тэрыторыю. Гінуць многія насякомыя, іх лічынкі. Гараць божыя кароўкі, дажджавыя чарвякі, жужаліцы, якія знішчаюць шкоднікаў у садзе і агародзе і ўдзельнічаюць у працэсе ўтварэння глебы. Агонь пашкоджвае дрэвы, асабліва іх каранёвыя часткі.

У выніку выпальвання травастою знішчаюцца кладкі і месцы гнездавання многіх птушак. Пярнатыя сябры вымушаны пакідаць нас. Пры моцным травяным пажары гінуць усе жывёліны, якія жывуць у сухой траве або на паверхні глебы (зайцы, вожыкі, земнаводныя). На пажарышчах часта знаходзяць згарэлыя птушыныя гнёзды, грызуноў, дробных млекакормячых.

Пажары – галоўная крыніца выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу. Дым ад спальвання травы атрутны і густы. Алергікі яго не пераносяць. Пры спальванні травастою ўздоўж аўтадарог у паветра трапляюць солі цяжкіх металаў. У сельскай мясцовасці ў агні згараюць рэшткі ўгнаенняў і ядахімікатаў, утвараючы лятучыя таксічныя арганічныя і неарганічныя злучэнні.

Выпальванне часта прыводзіць да загаранняў тарфянікаў і лясных насаджэнняў. Кожны год 10-12 працэнтаў лясных пажараў у нашай краіне ўзнікае менавіта па гэтай прычыне. Варта нагадаць, што балоты з парушаным гідралагічным рэжымам адносяцца да найбольш пажаранебяспечных тэрыторый. Калі загарэўся торф, ён будзе гарэць на глыбіні да 1,5 метра, а дым – пераносіць радыенукліды, што прыводзіць да другаснага забруджвання тэрыторыі і негатыўна ўздзейнічае на здароўе людзей.

Калі вы заўважылі пажар – не праходзьце міма. Траву, якая толькі пачынае гарэць, вы можаце патушыць самастойна. Як і можаце спыніць чалавека, які дастаў запалкі.

Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *