20 «пожарных» лет Олега Суринова

Cлужба-101 Наш современник

Гэты чалавек яшчэ поўны сіл і энергіі, ёсць мноства задум і планаў, і назваць яго пенсіянерам неяк не паварочваецца язык. Ды і сам Алег Міхайлавіч Сурынаў усміхаецца, калі яго так называюць. А між тым ён, адпрацаваўшы ў аддзеле па надзвычайных сітуацыях 20 гадоў, зусім нядаўна адправіўся на заслужаны адпачынак.

Увесь свой пажарны стаж мужчына правёў на Глыбачанскім аварыйна-выратавальным пасце на пасадзе вадзіцеля. Воляй лёсу ў канцы 80-х гадоў ён трапіў у Глыбачку з Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля Чарнобыльскай аварыі сям’я шукала месца, куды б можна было пераехаць. Ушацкі раён прывабіў сваімі прыгожымі мясцінамі і чыстай экалогіяй. Тады малады чалавек уладкаваўся на працу ў мясцовы саўгас слесарам, а калі атрымаў вадзіцельскае пасведчанне, стаў вадзіцелем. Але папрацаваў непрацяглы час, бо прызвалі ў армію. Два гады службы прайшлі вельмі далёка ад радзімы – на Далёкім Усходзе ў 73 кіламетрах ад кітайскай мяжы. Было складана, але армейскія выпрабаванні толькі загартавалі, зрабілі больш моцным і вынослівым. Пасля арміі Алега Міхайлавіча чакалі на папярэднім месцы працы. А ў 1995-м годзе А.Сурынаву прапанавалі пайсці працаваць на пажарна-выратавальны пост.

– Памятаю свой першы сур’ёзны выезд. Была вясна, ужо ўсталявалася цёплае надвор’е, і нам паступіў сігнал аб пажары ў Калках. Безумоўна, вельмі хваляваўся, бо разумеў, што ад мяне як ад вадзіцеля залежыць, наколькі хутка прыбудзем да месца здарэння. А на пажары не тое што кожная хвіліна, а кожная секунда дарагая! Тады, на шчасце, ніхто сур’ёзна не пацярпеў, толькі пабудова была пашкоджана агнём, – прыгадвае Алег Міхайлавіч.

Ён хутка ўліўся ў новы калектыў і прывык да баявых будняў. Існуе меркаванне, што на пажарных пастах раёна працаваць прасцей з-за невялікай колькасці трывожных выклікаў. Так, выклікаў, магчыма, менш, аднак у поўнай боегатоўнасці тэхніку трымаць трэба заўсёды, сачыць за яе спраўнасцю і чысцінёй, узорны парадак павінен быць на пасту, у час уборачнай кампаніі дзяжурыць на палетках, шмат часу неабходна аддаваць і прафілактычнай рабоце – рабіць абход домаўладанняў аграгарадка і навакольных вёсак. Хоць за свой стаж з агню на плячах выносіць нікога не давялося, але, магчыма, папярэджаннямі, указаннямі на недахопы ў печах, электраправодках выратаваў жыццё не аднаму чалавеку.

За 20 гадоў было нямала надзвычайных здарэнняў, самым запамінальным для А.М.Сурынава стаў пажар у вёсцы Рог, калі гарэла вялізная дача, адбывалася гэта ў начны час, а на вуліцы быў вельмі моцны мароз, працаваць было надзвычай складана, але нельга было дапусціць распаўсюджвання вогненнай стыхіі на суседнія пабудовы і дамы. Наогул, як расказвае мужчына, кожная ноч на дзяжурстве праходзіць у напружанні і чаканні трывогі, бо абсалютная большасць пажараў адбываецца менавіта ў гэты час, калі людзі засынаюць і не заўважаюць узгарання. Выратавальнікам аб пажары часта паведамляюць суседзі ці іншыя аднавяскоўцы, але да гэтага моманту агонь вырываецца наверх і шанцы выратаваць людзей зніжаюцца.

– Вельмі цяжка з маральнага боку, калі гінуць людзі, бачыш іх астанкі. Пасля такіх пажараў дрэнна спіш, не хочацца есці, няма энтузіязму да іншых спраў. І кожны такі пажар застаецца ў памяці. На адзін Новы год мне выпаў выхадны. Калі сядзелі за сталом, нехта пастукаў у дзверы. Падумалася, што хтосьці са знаёмых прыйшоў павіншаваць. Аказалася, што гараць суседзі па вуліцы… Выратаваць іх тады не ўдалося, – з сумам успамінае А.Сурынаў.

Ёсць у “пажарнай біяграфіі” і нестандартныя здарэнні. Напрыклад, некалькі гадоў таму давялося выратоўваць… каня, які праваліўся ў калодзеж. Выратавальная аперацыя заняла некалькі гадзін, у выніку хоць жывёла і перажыла вялікі стрэс, але засталася жывой, вельмі ўдзячны быў яе гаспадар.

Ужо больш месяца, як калегі праводзілі Алега Міхайлавіча на заслужаны адпачынак. Зараз ён займаецца хатнімі справамі – у прыватным доме іх заўсёды хапае. Мужчына выдатны гаспадар! Увесь час усё робіць сам – унутраны рамонт, дах перакрываў, агароджу будаваў і многае іншае. Нядаўна нават ложак для спальні сам змайстраваў нічым не горшы за дарагія фабрычныя. Стараюцца дапамагаць і ва ўсім падтрымліваюць жонка Тамара Мікалаеўна, дочкі Кацярына і Вікторыя. А яшчэ ў А.М.Сурынава ёсць любімае хобі – рыбалка і паляўніцтва. У вольны час ён заўсёды адпраўляецца на возера, рэчку ці ў лес. Дарэчы, яго дом стаіць у маляўнічым месцы каля возера Глыбачка, бераг якога ён добраўпарадкаваў, пабудаваў масткі.

Яшчэ доўга ён будзе прывыкаць, што не трэба спяшацца на службу, па трывожным званку ехаць на дапамагу. А з памяці, канечне, не знікнуць успаміны пра дваццаць “пажарных” гадоў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *