Ушачане плодотворно поработали на районном субботнике

Благоустройство

З самай раніцы суботы пустая клумба ў цэнтры гарпасёлка ўжо здабыла пастаяннага гаспадара – раскідзісты хвойнік, а  крыху пазней яго акружылі зялёныя хосты. Азеляняльнік УП ЖКГ Святлана Ісаева паведаміла, што літаральна ўсе гэтыя купіны хостаў перакачавалі з палісадніку галоўнага архітэктара Галіны Дымман. “Не хапае ў нас матэрыялу на азеляненне гарпасёлка, – патлумачыла работнік камунгаса. – І я сваю расаду з дома пастаянна пераношу на клумбы горада”.

А літаральна за паўгадзіны да гэтага мне тэлефанавала ўсхваляваная чытачка. Яна не магла стрымаць слёз: “Прыйшла са змены, а хосты маёй няма, вялізны куст па-­варварску разварушылі, так неахайна рвалі. Так хочацца, каб ля дома было прыгожа, я многа ўсяго набываю і саджу. Што кветкі рвуць – Бог з ім, ну а вось так, з мясам, што за людзі ў нас…”

Вырваныя хосты ў гэтую суботнюю раніцу таксама некуды перакачавалі – толькі калі першыя з прыватных сталі грамадскімі, то другія, наадварот – з­-пад балкона шматпавярхоўкі – за прыватны забор. Я параіла Алене Ярмош звярнуцца да праваахоўнікаў, паколькі лічу, што ў шматкватэрным доме абавязкова знойдуцца людзі, якія нешта бачылі ці чулі. І таму што пераканана, што без пакарання – пажадана публічнага – з указаннем праз газету асоб нягоднікаў, нам не спыніць вандалізму. А наш грамадзянскі доўг – паведамляць пра крадзяжы, разбурэнне аўтобусных прыпынкаў ці псаванне дарожных знакаў, выкідванне смецця пад вокны суседу  або проста хадзьбу па газонах. Бо інакш у нас ніколі не будзе прыгожа і чыста навокал… А нашы сродкі так і будуць кожны год ісці на адны і тыя ж выдаткі  добраўпарадкавання. Калі б кожнаму было так балюча ад  крадзяжу, як і Алене …

А між тым практычна на кожным метры гарпасёлка ў суботу нехта шчыраваў – прадстаўнікі арганізацый выконвалі запланаваны раней аб’ём работ: банкіры, фінансісты і страхаўшчыкі фарбавалі металічную агароджу, настаўнікі Ушацкай школы клалі дарожку, газавікі ачышчалі звалкі на могілках за Вечаллем, камунальнікі выразалі кустоўе, рабілі дарожную разметку, ачышчалі берагі ўтвораных вадаёмаў па Калінінскай і Камсамольскай, рыхтавалі аснову пад альтанку на апошняй, фарбавалі элементы на зонах адпачынку. Наогул план мерапрыемстваў раённага суботніка быў, як і раней, нацэлены на добраўпарадкаванне, аднак з істотным адрозненнем. Калі дагэтуль мы прыбіралі тое, што на вачах, то зараз пад расчыстку трапілі і тылы гарпасёлка: самыя што ні ёсць аддаленыя і закрытыя будынкамі. З­-за прайшоўшых дажджоў расчыстка тупіка вуліцы Горкага перанесена на больш спрыяльны час, калі высахне вада, ну а Полацкая стала лепш праглядацца, як і тылы вытворчых баз дарожнікаў, аўтабазы, складоў райспажыўтаварыства. Вельмі складаную работу, адпаведна фізічным даным, выконвалі выратавальнікі – дэманціравалі старыя бардзюры і ўкладвалі новыя. Нягледзячы на дажджлівае надвор’е напярэдадні ў пятніцу тэрыторыю вакол мемарыяльнага комплексу ачышчалі супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Праблемныя кропкі былі вызначаны і па кожным сельсавеце, дзе таксама кіпела работа. Асаблівая ўвага напярэдадні купальнага сезона была ўдзелена месцам адпачынку – ад ракі Ушачы да возера Лагі Вялікадолецкага сельсавета. Ушачане ж у хуткім часе змогуць адпачыць і ля новых вадаёмаў, якія зараз прыводзяцца ў парадак. Імі становяцца непрывабныя балотцы, якімі так багаты наш раённы цэнтр: тры ўздоўж Калінінскай, два – на Камсамольскай.  Аб тым, што прасторная зона  адпачынку з некалькімі вадаёмамі, якія ў перспектыве будуць злучаны масткамі, можа з’явіцца за інспекцыяй па насенняводстве – ніхто і не ўяўляў. Балота, кустоўе, тылы сядзіб прыватнікаў – далёкія ад ідэалу. Сёння ўсё гэта расчышчана, меліяратарамі выкапаны вадаёмы, а замест пустазелля ў суботу высявалася газонная трава. Прыбіралі гэты новы на карце гарпасёлка аб’ект  сувязісты і супрацоўнікі насенінспекцыі.

Усё, пра што пералічала –  на вачах ва ўшачан. Не прыкмеціць перамен проста немагчыма. І хоць работы па добраўпарадкаванні будуць працягвацца – галоўнае – захаваць тое, што створана. Задача не менш складаная. Дарэчы, за ноч ужо не стала адной з высаджаных у суботу на клумбе хост…

Вольга КАРАЛЕНКА.


Сродкі, заробленыя на раённым суботніку, трэба пералічаць на разліковы рахунак камунгаса №3132011260137 у АСБ “Беларусбанк” у г.Полацку, код 150801648, УНП 300006248. Яны будуць выкарыстаны на аплату пашыву касцюмаў для ўдзельнікаў хору “Ветэран”, асвятленне міні­футбольнай пляцоўкі і набыццё малых архітэктурных форм для добраўпарадкавання гарпасёлка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *