Оздоровительный лагерь «Туросполье» готов встретить детей. У вас ещё есть возможность приобрести путёвку

Наши дети

Радасная ажыўленасць, дзіцячы смех, птушыныя трэлі, гаючае чыстае паветра – так традыцыйна сустракае школьнікаў Ушаччыны аздараўленчы лагер з кругласутачным прабываннем “Турасполле”. Лічаныя дні засталіся да яго адкрыцця: першая змена стартуе ўжо 9 чэрвеня. Дарослыя абяцаюць зрабіць усё магчымае, каб летні адпачынак дзяцей быў камфортным і бяспечным. А для гэтага зроблена вельмі многае.

Так, сёлета праведзены касметычны рамонт будынка спальнага корпуса: пафарбаваны аконныя рамы, падлогі, сцены, дзверы, адноўлена пашкоджаная тынкоўка фасада будынка, выкладзена плітка на ўваходным ганку. У харчаблоку заменены дзве ванны для мыцця посуду. Значная работа праведзена па добраўпарадкаванні тэрыторыі летніка: абрэзаны і пабелены дрэвы, акультурана прыбярэжная паласа ракі Дзіва. Калі раней дзецям даводзілася карыстацца толькі вулічнымі туалетамі (сёлета да іх падведзена каналізацыя), то зараз два дадатковыя з ракавінамі для мыцця рук з’явіліся непасрэдна ў спальным корпусе. Дарэчы, у апошнім арганізавана ацяпленне, што дазволіць у выпадку халоднага надвор’я забяспечыць у пакоях камфортны тэмпературны рэжым.

22 мая спецыяльная камісія прыняла лагер з высокай ацэнкай. Але што і казаць – лепш там пабываць і ўсё ўбачыць на свае вочы! Да слова, набыць пуцёўку ў “Турасполле” яшчэ ёсць магчымасць – для гэтага неабходна звярнуцца ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, кабінет 73 да метадыста Алены Мечыславаўны Жук (рабочы тэлефон 2-74-92). Аздараўленчы лагер традыцыйна будзе працаваць у тры змены, кожная працягласцю 18 дзён. Поўны кошт пуцёўкі сёлета складзе 2 мільёны 970 тысяч рублёў, бацькоўская даплата – 1 мільён 570 тысяч.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *