В день защиты детей по традиции в детском приюте в Ушачах и доме семейного типа в Ореховно встречали гостей с подарками

Наши дети

Яркія, вясёлыя, шустрыя, прыгожыя… Самыя незвычайныя і непрадказальныя. Гэта – нашы дзеці. Усе яны такія розныя і ў той жа час вельмі падобныя. Падобныя сваім жаданнем радавацца і смяяцца, быць шчаслівымі і жыць пад мірным небам. Разам з любячымі мамай і татам…

Такую запаветную мару з вуснаў маленькіх ушачан, якія па розных прычынах пазбаўлены бацькоўскай апекі, не раз давялося пачуць у панядзелак – Міжнародны дзень абароны дзяцей. Менавіта да гэтай даты быў прымеркаваны візіт у дзіцячы сацыяльны прытулак гарпасёлка намесніка старшыні райвыканкама Наталлі Мікалаеўны Марковіч і намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Святланы Уладзіміраўны Аўдошкі, якія разам з віншаваннямі прывезлі выхаванцам салодкія пачастункі і спартыўны інвентар. Наведваць у першы дзень лета хлопчыкаў і дзяўчынак з прытулку стала добрай традыцыяй і для супрацоўнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Вось і сёлета, на некаторы час адклаўшы ўбок службовыя справы, яны павіншавалі дзетак (зараз іх ва ўстанове 7) са святам і пачаткам канікул, уручылі ім ласункі.

Шчырыя пажаданні гучалі ў гэты дзень і ў прыёмнай сям’і Надзеі Ігнатаўны Трэмбач з аграгарадка Арэхаўна. З нагоды Дня абароны дзяцей юныя жыхары дома сямейнага тыпу атрымалі ад кіраўніцтва раёна каштоўныя падарункі. Ну а гаспадыня яшчэ раз падзякавала ўсім за ўстаноўку на прысядзібным участку полікарбанатнай цяпліцы. Частку сродкаў на яе набыццё выдзеліла Віцебскае абласное аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду. Прыклад дабрачыннасці паказала старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка, якая пералічыла на гэтую годную справу ўласныя грошы. Падтрымалі яе пачын індывідуальныя прадпрымальнікі В.Сматроў, В.Пятніца, Т.Пранік. Устанавіць цяпліцу дапамаглі ўшацкія выратавальнікі.

І сапраўды, добрую справу зрабіць лягчэй, калі за яе разам бяруцца многія неабыякавыя людзі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *