Сельхозпредприятия Ушачского района готовят технику к уборочной кампании

Сельское хозяйство

Пройдзе зусім нямнога часу – і на палетках раёна пачнецца ўборка ўраджаю. Папярэдняя праца хлебаробаў прынясе плён толькі тады, калі ўборачная кампанія пройдзе хутка і ў аптымальныя тэрміны. А гэта ў сваю чаргу залежыць ад падрыхтоўкі тэхнікі, якую вядуць зараз механізатары і інжынерныя службы гаспадарак. Дробязей тут не бывае, бо любая нядбайнасць пры рамонце тэхнікі, падрыхтоўцы сушыльнай і складской гаспадаркі непазбежна прывядзе да страт ураджаю. Трэба сказаць, што разумеюць гэта, здаецца, ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах, але далёка не ўсюды працэс падрыхтоўкі ідзе гладка.

Фронт уборачных работ сёлета вялікі. Без уліку кукурузы трэба будзе зжаць каля 12 тысяч гектараў зерневых і зернебабовых, чакаюць уборкі і больш дзвюх з паловай тысячы гектараў рапсу. Новых збожжаўборачных агрэгатаў гаспадаркі не атрымалі, а па стане на 7 ліпеня на жніве планавалася задзейнічаць 44 камбайны. Значнасць іх якаснай падрыхтоўкі тым больш узрастае, бо нагрузка на адну машыну – ад 254 гектараў у “Райаграсэрвісе” да 457 у ААТ “Дземенец”. Вось і завіхаліся ў мінулую сераду ўсе без выключэння камбайнеры апошняй гаспадаркі ля замацаванай тэхнікі на мехдвары і ў арачніку, калі мы разам з галоўным спецыялістам райсельгасхарча Міхаілам Аляксандравічам Шуком і начальнікам раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Іванам Мікалаевічам Пухальскім накіраваліся ў рэйд, каб ацаніць стан спраў па падрыхтоўцы тэхнікі да жніва ў гаспадарках раёна.

– Людзі надзейныя, усе свае, для кожнага надыходзячая ўборачная не ў навіну, – расказвае галоўны інжынер гаспадаркі Уладзімір Ягоравіч Хамёнак. – Рыхтуем тэхніку, добра, што сур’ёзных паломак у мінулым годзе не было. Механізатары адказнасць разумеюць, бо ад бесперабойнай працы залежыць іх заробак.

Людна было ў гэты дзень і на мехдвары КУСГП “Вялікадолецкае”, гаспадаркі, якой давядзецца ўбіраць самы вялікі зерневы клін – 2374 гектары.

Зразумела, што і камбайнаў тут будзе задзейнічана ўдвая больш, чым у “Дземенцы” – восем. Ля кожнага з іх працавалі камбайнеры, прычым для паскарэння працэсу рамонту і наладкі тэхнікі на дапамогу ім прыйшлі механізатары, якія ў час уборачнай будуць занятыя на адвозцы зерня і іншых відах работ.

– Значных фінансавых затрат у “Вялікадолецкім” таксама не спатрэбіцца, – адзначае М.А.Шук. – Гэтаму ў вялікай ступені паспрыяла і якасная пастаноўка тэхнікі на захоўванне.

Узнятыя накрыўкі вузлоў і механізмаў, гоман мужчынскіх галасоў, грукат жалеза – нязменныя атрыбуты рамонту. Побач і працаваць весялей, ды і парадай ад таварышаў скарыстацца зусім не лішне. “Лепш зараз папацець, чым потым у полі стаяць! – выціраючы з ілба пот, кажа Васіль Алексяёнак, рупліва перабіраючы дэталі замацаванага КЗС­1218. – Хаця не сумняваюся, што зарабіў бы і на адвозцы: трактар у мяне наведзены!”

Такім жа прынцыпам кіруюцца на падрыхтоўцы тэхнікі і вопытныя механізатары ААТ “Ільюшынскі”. Камбайны тут яшчэ не выехалі на пляцоўку, але пад навесам ва ўсю кіпела работа. На жніве будзе працаваць сем збожжаўборачных машын, а да іх наладкі і рамонту камбайнеры прыступілі на пазамінулым тыдні. Пакуль што ў працоўным табелі ўсіх камбайнераў значыцца рамонт, але з пачаткам жніва бухгалтэрыі гаспадаркі прыйдзецца падлічваць ужо індывідуальныя “дасягненні” механізатараў.

– Каля 300­350 тысяч рублёў у сярэднім зараблялі за дзень на жніве летась нашы камбайнеры, – расказвае бухгалтар гаспадаркі Жанна Васільеўна Клопава. – Тэхніка розная па магутнасці, тэрміне службы, таму пры аплаце працы ўлічваем гэта, а таксама ўраджайнасць, прымяняем сістэму каэфіцыентаў, прэміравання. Ну і якасць уборкі, канечне, абавязкова ўплывае на вынік.

Прааналізаваўшы заробкі камбайнераў за адзін жнівеньскі дзень мінулага года, упэўніўся, што і на “старой” тэхніцы, належным чынам падрыхтаваўшы яе, таксама можна зарабіць. Напрыклад, камбайнер на КЗС­10, які працаваў шосты сезон, намалаціўшы за дзень 36 тон зарабіў амаль на 50 тысяч менш, чым яго калега, які сабраў 35 тон на васьмігадовым камбайне. Трэба адзначыць, што для дасягнення такога ж заробку, У.Лёлю, С.Клопаву і А.Спірыдзёнку на больш магутных КЗС­1218 трэба было намалаціць каля 50 тон. Па бухгалтарскіх дакументах таксама лёгка можна прасачыць тыя дні, калі ў механізатараў узнікалі праблемы з тэхнікай: “443 тысячы рублёў, 489, і…116 – паломка была ў той дзень!” – тлумачыць такую розніцу ў лічбах аднаго і таго ж механізатара Ж.В.Клопава. І хоць заробкі гэтыя пасля ўсіх вылічэнняў паменшылі, але і так бачна цана нават аднаго дня прастою.

– Па вялікім рахунку дробязі засталіся, – дзеліцца планамі пераможца мінулагодняй уборачнай кампаніі Анатоль Спірыдзёнак. – Крыху давесці да толку, памяняць фільтры, заліць масла, паліва – і можна выязджаць!

Тэхнічнае абслугоўванне, дарэчы, трэба прайсці камбайнам усіх гаспадарак, без гэтага адзнаку дзяржтэхагляду яны не атрымаюць. Кошт масла і фільтраў на адну машыну складае каля 2,5­3 мільёнаў рублёў, але ж зусім іншыя сумы давядзецца ўкласці, калі, не дай Бог, выйдзе са строю рухавік. У КУСГП “Глыбачаны”, напрыклад, два з шасці камбайнаў маюць такія непаладкі. Мясцовыя механізатары таксама прыступілі да рамонту тэхнікі.

У іншых гаспадарках сітуацыя з падрыхтоўкай больш напружаная. Акрамя характэрнай для ўсіх аграрыяў праблемы недахопу сродкаў, негатыўна ўплывае на гэта і дэфіцыт рабочых рук. У ААТ “Агра­Селішча” прыступілі да рамонту трох з чатырох камбайнаў, а адзін з механізатараў яшчэ быў заняты на касьбе траў. Толькі палову, тры з шасці запланаваных збожжаўборачных машын, рыхтавалі на той момант у КУСГП “Арэхаўна”, два з чатырох – у “Кублічах”, тры з сямі – у “Райаграсэрвісе”.

– Ужо на гэтым тыдні камбайны будуць праходзіць тэхагляд, – кажа І.М.Пухальскі. – Акрамя тэхнічнай спраўнасці, для работы ў полі яны павінны адпавядаць яшчэ шэрагу патрабаванняў. Неабходна забяспечыць герметызацыю механізмаў з мэтай змяншэння страт ураджаю. Камбайны павінны быць аснашчаны двума вогнетушыцелямі, масай не меней васьмі кілаграмаў, скрыняй з пяском, а пры яе адсутнасці – яшчэ двума вогнетушыцелямі. Абавязкова наяўнасць тэхналагічнага інвентару для ачысткі, камплекта інструментаў, аптэчкі, тэрмасу для пітной вады. Адпаведную катэгорыю трактарыста­машыніста павінен мець кожны, хто садзіцца за руль камбайна.

Вопыт мінулых гадоў сведчыць аб тым, што лёс ураджаю – у руках механізатараў. Непаладкі вядуць да зацягвання сезона ўборкі, а значыць і да павелічэння страт, непазбежных пры ўборцы восенню. У КУСГП “Глыбачаны”, напрыклад, вясной узніклі праблемы з забяспечанасцю насенным матэрыялам менавіта з­за таго, што ў мінулым годзе зернебабовыя і ячмень на значных плошчах прараслі. Хоць і адзначыліся летась самым высокім намалотам ў “Ільюшынскім”, але ён мог быць яшчэ больш важкім – літаральна аднаго тыдня не хапіла, каб у аптымальныя тэрміны ўбраць адно з палёў, дзе па папярэдніх разліках ураджайнасць павінна была скласці пад 40 цэнтнераў з гектара. Задажджыла, прыбіла збажыну і, як вынік, – толькі 15 цэнтнераў. Былі праблемы са своечасовасцю ўборкі каля 100 гектараў ячменю і 60 гектараў зернебабовых у “Райаграсэрвісе”… Таму, вельмі важна, каб кожны ўдзельнік уборачных работ быў загадзя азнаёмлены з умовамі спаборніцтва на жніве, аплатай працы і разумеў, што прастой тэхнікі прывядзе да страт ураджаю, зніжэння намалоту і, адпаведна, – даходаў гаспадаркі і ўласных заробкаў.

Д.Раманоўскі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *