Будем с гречкой!

Сельское хозяйство

Адкрытае акцыянернае таварыства “Дземенец” мяркуе падзяліцца грэчкай з дзіцячым сацыяльным прытулкам, ушачанам прадаць яе па прымальным кошце, ну а на наступны год забяспечыць нас не толькі гэтымі каштоўнымі крупамі, але проса і нават артапедычнымі падушкамі. 

– Грэчка ўтрымлівае ўнікальныя амінакіслоты, вітаміны, мала вугляводаў. Гадавая патрэба ў год на чалавека – 6 кілаграмаў… А гарох у нас універсальны: і пад закатку, і ў кашу, таксама прадаём – буйны, смачны, – у бухгалтэрыі сельгаспрадпрыемства мы абмяркоўвалі каштоўныя вартасці новых культур гаспадаркі.
І ведаеце, чым адрозніваецца вытворца-прадавец ад проста вытворцы і проста прадаўца? Калі дырэктар Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка і спецыялісты расказваюць пра вырашчаны тавар, у іх гараць вочы. Ды і кошт выстаўляюць па-гаспадарску: каб і людзям не дорага, і самім не згубіць.
А мяхі ядрыцы, прычым хуткаразварыстай, стаяць зараз у сховішчах прадпрыемства. На іх і ГОСТ, і сорт Гомельскага завода, і нават сертыфікат Полацкага цэнтра стандартызацыі і метралогіі аб тым, што ўтрыманне нітрытаў, іншых “прымесяў” намнога ніжэй дапушчальных норм. Ды і адкуль жа ім узяцца, калі грэчку апрацоўвалі… толькі пчолы. Ніякай хіміі яна, як кажуць, і не нюхала.
Выбралі вясной лепшы ўчастак, пасеялі, калі каліна цвіла, і любаваліся ўсё лета на малочную квецень. І не толькі самі, але і ўсе, хто праязджаў.
А пра час уборкі даведаліся… з газет. Прачыталі, што ў суседнім Глыбоцкім раёне грэчку ўжо ўбралі, а ў іх квітнее ў самым разгары. Аказалася, што выспявае грэчка неаднолькава: калі ніжняя завязь ужо асыпаецца, на сярэдзіне – у самым саку, а вяршкі яшчэ ў кветках. Трэба злавіць аптымальны момант. Хоць расіяне, кітайцы апрацоўваюць хіміяй – прымусова сушаць і атрымліваюць ураджайнасць у паўтара раза большую.
У “Дземенцы” задаволены і сваёй – 18,5 цэнтнера з гектара пры сярэдняй па рэспубліцы 15 (летась 8). Праўда, пасля ачысткі і прасушкі з 90 тон атрымалі 50 таварнага, 40 пайшло ў дзяржзаказ – усё гэта пакрыла затраты па набыцці насення, за 3 тоны якога аддалі вясной 60 мільёнаў рублёў. А вось 2,5 тоны круп пойдзе ў чысты даход. Прычым, уласную грэчку мяркуюць прадаць на тэрыторыі раёна, прымаюць нават калектыўныя заяўкі ад арганізацый. І на наступны год 50 гектараў – дзясятую частку ўсіх пасяўных плошчаў – таксама адвядуць пад каштоўную расліну, у ход з якой ідзе не толькі ядро, але і абдзіркі. Менавіта з іх робяцца артапедычныя падушкі, якія ўшачане змогуць пашыць самі, зрабіўшы заказ на напаўняльнік у гаспадарцы.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *