Великодолецкие хлеборобы оперативно справились с севом зерновых и зернобовых культур

Сельское хозяйство

Вялікадолецкія земляробы першымі ў раёне справіліся з яравой сяўбой зерневых і зернебабовых культур. Як заўсёды – уласнымі сіламі і аператыўна, нягледзячы на значныя аб’ёмы, праблемы з тэхнікай і капрызы надвор’я. Між тым, работы ў полі хапае, бо культуры патрабуюць догляду. Менш двух тыдняў прайшло з таго моманту, як наведваў вялікія палеткі КУСГП “Вялікадолецкае”, што за цэнтральнай сядзібай гаспадаркі раскінуліся абапал дарогі аж да гарызонту, а змены на іх за гэты час відавочныя. Палі зазелянелі, пакрысе набіраюць моц азімыя, што было б немагчымым без сілкавання культур мінеральнымі ўгнаеннямі. Інакш не атрымаць высокую ўраджайнасць на бедных ушацкіх глебах, таму гэту важную справу, якая дапаўняе працу сейбітаў, робіць яе эфектыўнай, давяраюць правераным, надзейным механізатарам.

Аляксандр Гоман (на здымку) якраз з такіх. У адрозненні ад большасці сваіх калег, якім за вясну даводзіцца працаваць з рознымі агрэгатамі, ён як зачапіў за свой МТЗ­82 раскідвальнік мінеральных угнаенняў РДУ­1,5, пабачыўшы на сваім веку не адзін сельскагаспадарчы цыкл, так і працуе з ім па сённяшні дзень.

Вялікадальчане падкармілі азотам усе 1000 гектараў азімых, і ўжо звыш 300 гектараў яравых зерневых і зернебабовых, унеслі вясной хлорысты калій на плошчы звыш 250 гектараў. У гаспадарцы падкормкай культур займаліся Аляксандр Хамічонак, Мікалай Васілевіч, Юрый Казачонак, зараз на яравых задзейнічаны Генадзь Бука, але менавіта А.Гоман у гэтую справу ўнёс ільвіную долю.

Аляксандр Станіслававіч у мясцовую гаспадарку прыйшоў ледзь не са школьнай лаўкі. Звыш 20 гадоў працаваў з хімікатамі, што не прайшло бясследна для здароўя – пасля апошняга медагляду мець справу з ядамі эскулапы яму забаранілі. А вось на ўнясенні сыпучых угнаенняў працягвае прыносіць карысць.

– У мяне даволі вузкая спецыялізацыя, – кажа А.Гоман, якога з раніцы адшукаў ля былога мехдвара ў Новым Жыцці, дзе ён чакаў, пакуль Сяргей Вусько падвязе карбамід са складоў у Касарах. – Скончу працаваць з угнаеннямі і адразу буду рыхтаваць прэс­падборшчык. Сена пойдзе, потым салому парадкаваць. Толькі калі бліжэй да зімы з плугамі папрацую, а можа сеялку новую давераць?!

Не так даўно ў “Вялікадолецкім” набылі агрэгат СЗ­4,2, што выдатна зарэкамендаваў сябе на палях суседняга ААТ “Ільюшынскі”. Новай сеялцы магутны МТЗ­3022 не патрэбны, яе без праблем можна выкарыстоўваць у пары не толькі з “Беларусь­952”, а нават са звычайнай “восемдзесятдвойкай”. У таго ж А.Гомана яна ў заводскім варыянце наогул ішла з пярэднім мостам ад больш магутнага МТЗ­1221, таму механізатар на сухіх участках адключае яго, каб не разбіваць, ды і паліва эканоміцца.

Старанна працуюць, беражліва адносяцца да тэхнікі і астатнія вялікадолецкія механізатары. Напрыклад, пакуль Аляксандар Александроў наводзіў пад сяўбу кукурузы шасцімятровы пасяўны агрэгат, фронт работ для яго рыхтавалі калегі, некаторыя з якіх зусім нядаўна самі выязджалі ў поле з сеялкамі. Адзін з раённых перадавікоў Сяргей Аркадзьевіч Філімонаў працуе з дыскатарам, а Ягора Мацюша (на здымку), які на старэнькай СЗ­3,6 засяваў родныя маладалецкія пагоркі, сустрэў на полі за Касарамі з плугамі.

– Кожная вясна мае свае асаблівасці, – расказвае галоўны аграном “Вялікадолецкага” Аляксандр Віктаравіч Зянюк. – Сёлетняя была адной з самых складаных з­за праблем з тэхнікай. Што датычыцца падрыхтоўкі ў цэлым, то, здаецца, зрабілі ўсё магчымае, каб арганізавана правесці комплекс веснавых палявых работ. Ды і зараз стараемся – удзячны механізатарам, якім даводзіцца працаваць у полі да позняга вечара, а потым яшчэ і на мехдвары, каб падрыхтаваць сваю тэхніку да работы ў наступны дзень. Кожнаму хлебаробу гэтыя цяжкасці добра вядомыя, таму і скардзіцца на іх яны не ўмеюць, а проста сумленна выконваюць пастаўленыя перад імі задачы.

Разам з догляднымі работамі на першым плане ў “Вялікадолецкім” гэтымі днямі сяўба кукурузы. Не зніжаецца градус напружанасці і ў астатніх гаспадарках, а не за гарамі ўжо і корманарыхтоўка.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *