Когда человек на своём месте. 20 лет выезжает на пожары водитель ПАСП №13 Двор Плино Андрей Лапёнок

Cлужба-101 К профессиональному празднику

Прафесія пажарнага вельмі адказная і напружаная, патрабуе смеласці, вынослівасці і маральнай устойлівасці. Тут няма выпадковых людзей. Упэўніцца ў чарговы раз у гэтым мне давялося пасля знаёмства з вадзіцелем пажарнага аварыйна­выратавальнага паста №13 вёскі Двор Пліна Андрэем Васільевічам Лапёнкам.

На пытанне, ці памятае ён свой першы выклік, Андрэй Васільевіч, ні на секунду не задумаўшыся, расказаў такую гісторыю:

– Калі дапрацоўваў апошнія дні ў “Сельгастэхніцы” і ўжо збіраўся на новае месца працы, адзін калега пачаў мяне адгаворваць, маўляў, што за работа, ніякага толку, пажарныя толькі спяць там на сваёй службе. І вось першы трывожны выклік паступае з Двор Пліна – загарэлася лазня таго самага знаёмага! Мы ў лічаныя хвіліны прыбылі да месца і патушылі ўзгаранне, пабудова засталася цэлай. Як ён дзякаваў мне за своечасова патушаны пажар! І зараз мыецца ў гэтай лазні, а да прафесіі пажарнага ставіцца ўжо зусім па­іншаму.

З таго дня мінула, без малага, 20 гадоў. Увесь гэты час Андрэй Васільевіч адпрацаваў на Плінскім пасце, за такі ўнушальны перыяд многае давялося пабачыць, пераадолець, многаму навучыцца. У маладосці А.Лапёнак спачатку нават не задумваўся аб такой прафесіі. Жаданне выратоўваць людзей, прысвяціць сябе пажарнай справе прыйшло крыху пазней, калі за плячамі была служба ў арміі і праца вадзіцелем у “Сельгастэхніцы”. Так, у кастрычніку 1995­га года ён першы раз заступіў на баявое дзяжурства і з таго часу думак аб змене сферы дзейнасці ніколі не ўзнікала.

Кожны разумее, што на вадзіцеля ў выпадку пажару кладзецца вялікая адказнасць – як мага хутчэй прыбыць да месца здарэння, не дапусціь збою тэхнікі. І калі ў першыя гады службы ў час выездаў А.Лапёнак вельмі хваляваўся, то зараз ужо прывык да ўсяго і дзейнічае “на аўтамаце”.

Нямала было складаных сітуацый. Ён і зараз добра памятае выпадак, калі гарэла жывёлагадоўчая ферма ў Жарах. Усе адзінкі тэхнікі, у тым ліку і з Двор Пліна былі накіраваны на тушэнне. Зіма, моцная завіруха, снегу намяло столькі, што не бачна дарогі. Каб не збіцца са шляху, камандзір аддзялення пешшу пракладваў след, а А.Лапёнак накіроўваў машыну па ім. Усё ж, пераадолеўшы цяжкую дарогу і дабраўшыся да месца, змаглі аказаць істотную дапамогу сваім калегам.

– Самае цяжкае ў прафесіі – не столькі тушэнне пажараў, колькі бачыць, як гінуць людзі – сцвярджае А.Лапёнак. – Не перадаць словамі, як балюча было, прыехаўшы на падмогу ўшацкім пажарным у Рагуцкія, пераканацца, што 9­гадовага хлопчыка ўжо не выратаваць…

Адзін з нядаўніх нялёгкіх выездаў быў сёлетняй вясной. Агонь хутка бег па сухой траве, ствараючы рэальную пагрозу жылым дамам, пабудовам і электрападстанцыі ў Замошшы. Цэлы дзень Андрэй Васільевіч разам з камандзірам аддзялення Міхаілам Бумажэнкам ўдзельнічалі ў ліквідацыі пажару, а калі вярнуліся на пост, стала вядома, што загарэўся лес за Двор Плінам. З апошніх сіл пажарныя ўжо імчаліся тушыць і гэты пажар.

Дарэчы, камандзір аддзялення намнога маладзейшы за вадзіцеля – праслужыў на пасце крыху больш года, таму вельмі задаволены, што яму пашчасціла працаваць з такім вопытным чалавекам.

Прыходзіцца А.Лапёнку разам са сваімі саслужыўцамі накіроўвацца на тушэнне пажараў і ў суседнія раёны – часцей у Глыбоцкі і Полацкі.

Як адказны вадзіцель, А.Лапёнак заўсёды сочыць за станам пажарнай тэхнікі. На ўзбраенні плінскіх выратавальнікаў іх дзве адзінкі: ЗІЛ, які служыць ужо не менш за свайго вадзіцеля, на ім часцей выязджаюць зімой з­за лепшай праходнасці, а таксама больш сучасны МАЗ, які атрымалі некалькі гадоў таму, ён больш хуткасны і ўмяшчае большую колькасць вады.

За сваю няпростую працу, як расказвае герой нашага аповеду, прыходзіцца чуць не толькі ўдзячнасці, а і прэтэнзіі: доўга ехалі, прыбылі без вады (і ніяк ім не растлумачыш, што некалькі тон з таго ж ЗІЛа выліваецца за 5 хвілін), і нават не так тушыце.

Калі няма трывожных выклікаў, пажарны не сядзіць на месцы – падтрымлівае парадак на посце, асобнае месца займае і прафілактычная работа з насельніцтвам.

Акрамя таго што Андрэй Васільевіч выдатна спраўляецца са сваімі прафесійнымі абавязкамі, ён часта абараняе гонар аддзела і на спартыўных спаборніцтвах – у прыватнасці, на “Беларускай лыжні” заўсёды ўваходзіць у лік лепшых лыжнікаў. Любоў жа да гэтага віду спорту А.Лапёнку прывілі настаўнікі фізічнай культуры яшчэ ў школьныя гады.

Свой вольны час пажарны любіць правесці на рыбалцы, за хатнімі справамі ў акружэнні самых родных людзей – жонкі і двух сыноў.

Службовы стаж Андрэя Васільевіча ўжо дазваляе ісці на заслужаны адпачынак, аднак ён не спяшаецца запісвацца ў рады пенсіянераў і з задавальненнем прадоўжыць працаваць.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *