Наш земляк, писатель Геннадий Петрович Авласенко отметил юбилей

Наши земляки

Вы знаёмы з Генадзем Пятровічам Аўласенкам? Аднакласнікі, сябры канечне прыгадаюць актыўнага хлопца, які, скончыўшы біяфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, застаўся выкладаць біялогію ў Чэрвені. Родныя сёстры і брат ганарліва падымуць вочы, маўляў, лепш чым хто ведаем, бо гэта ж наш славуты брат­пісьменнік. Ну а пераважная большасць ушачан, прызадумаўшыся, адкажа, што чыталі яго цудоўныя патрыятычныя вершы пра Ушаччыну. І будуць мець рацыю, паколькі мы неаднойчы друкавалі як творы Генадзя Пятровіча, так і расказвалі пра аўтара. Аднак да герояў ранейшых артыкулаў неабходна вяртацца з цягам часу, тым больш што ёсць нагода – 16 жніўня наш зямляк адзначае шасцідзесяцігадовы юбілей.

Знайшлася нагода завітаць нядаўна ў рэдакцыю і ў Генадзя Пятровіча. “Прачытаў у “Патрыёце” верш Златы Клачок, зацікавіўся, – паведаміў з парога абаяльны ўсмешлівы мужчына. – Я ж цяпер працую намеснікам рэдактара падлеткавага часопіса “Бярозка”, вяду рубрыку “Верасок”, дзе друкуюцца вершы, замалёўкі, казкі юнакоў і дзяўчат, вось і шукаю таленты. Знаходзіць іх сярод сваіх землякоў асабліва прыемна”.

Мы гутарылі з калегам пра тонкасці журналістыкі, пра няпросты шлях адкрыцця самародкаў. Пра тое, як многа апошнім часам плагіяту і як можна трапіць на кручок “неблагіх” паэтаў, што пазычылі ў класікаў па некалькі радкоў… І пра славутую “Бярозку”, якая з гэтага года зноў стала самастойным часопісам, а не ўкладнікам у “Маладосць”. Падлеткавы часопіс, які не старэе нягледзячы на недзіцячы ўзрост, цяпер уваходзіць у холдынг “Звязда”, галоўны дырэктар якога, пісьменнік Алесь Карлюкевіч, ведаючы калегу па пяры, і запрасіў Г.Аўласенку ўзначаліць творчую работу з юнымі аўтарамі.

Аднак журналістыка хоць і бліжэй па духу Генадзю Пятровічу, чым біялогія, аднак усё ж работа. Захапленне ж душы – уласная творчасць, на якую і траціцца практычна ўвесь вольны час. Дарэчы, траціцца – слова няправільнае. Наш зямляк гэтым жыве і не заўважае над лістом ці за камп’ютарам, як вечар змяніўся глыбокай ноччу, а яна – новым ранкам. Толькі ў гармоніі з сабой, а не па загадзе, можна выпускаць па шэсць кніг у год. Менавіта такі ўраджайны мінулы 2014, тры кнігі ўжо ўбачылі свет сёлета.

Так, наш зямляк адносіцца да той рэдкай кагорты пісьменнікаў, якія ў сённяшні час пішуць не ў стол, не для сябе і родных, а для канкрэтнага чытача, якім з’яўляюцца дзеці і прыхільнікі фантастычных жанраў. Прычым, гэта кнігі і на рускай і на беларускай мовах. Больш таго, ён дазваляе сабе раскошу не цікавіцца ганарарам, тыражамі кніг, бо піша не для заробку, а для душы. Сваёй і чытацкай. Дарэчы, сваімі апошнімі кнігамі Генадзь Пятровіч падзяліўся з Ушацкай цэнтральнай бібліятэкай, так што ёсць рэальны шанс пазнаёміцца і з прозай земляка. Адно з кароткіх апавяданняў мы таксама надрукуем у бліжэйшых нумарах.

І, канечне, Генадзь Пятровіч сапраўдны патрыёт сваёй малой радзімы. На Ушаччыну ён абавязкова праязджае штогод. Палюбавацца краявідамі, наведаць родныя магілы, як і раней, няспешна пагутарыць са сваякамі, сярод якіх, дарэчы, і паэтка Тамара Дзмітрыеўна Барадзёнак – дваюрадная сястра пісьменніка. Можна сцвярджаць пра адоранасць, атрыманую ад продкаў у спадчыну. І пра тое, што беларусы былі і застаюцца чытаючай нацыяй. Творчасць Генадзя Аўласенкі – таму пацвярджэнне.

Вольга КАРАЛЕНКА.

Уп ершыню прачытала вершы Генадзя Аўласенкі ў калектыўным зборніку паэзіі “Першая сустрэча” (1989). Потым былі іншыя яго падборкі ў кніжках. Вельмі падабалася. Спаўна ацаніла творчасць земляка пасля прачытання яго паэтычнага зборніка “Час збіраць камяні”. Ды што я. Памятаю, як захоплена адгукнуўся на паэзію Генадзя народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.

Потым было яшчэ нямала празаічных кніг. Не засталіся па­за ўвагай сцэнічныя творы Г.Аўласенкі. У 1995 годзе яго “Новыя прыгоды Калабка” занялі на першым рэспубліканскім конкурсе драматургіі трэцяе месца сярод п’ес для дзіцячых тэатраў, праз два гады на ім жа таксама бронзу, толькі ўжо сярод п’ес для лялечных тэатраў, атрымаў твор “Снегавік і Вясна”, а на трэцім конкурсе Генадзь Пятровіч быў ужо лаўрэатам, прычым адразу ў трох намінацыях. Калі толькі паспяваў.

Апошнім часам асабліва любіць пісаць фантастыку, фэнтэзі, казкі. Менавіта гэтыя папулярныя зараз творы: раман­фэнтэзі “Нявольнікі Чорнага лесу”, “Дзікія кошкі Барсума” “высвечваюць” імя нашага земляка ў інтэрнэце і стаяць у спісе сярод кніг­бэстселераў.

З юбілеем цябе, Генадзь! Мы, твае землякі, жыхары Ушаччыны і ў тым ліку вёскі Ліпавец – памятаем, што менавіта тут 16 жніўня 1955 года ты крыкам абвясціў наваколле: нарадзіўся яшчэ адзін пісьменнік нашага краю.

Галіна ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *