Красота для души. Усадьба семьи Гаманёк в Ушачах притягивает внимание благоустроенным и ухоженным видом

Благоустройство

Калі ідзеш ці едзеш па вуліцы Петруся Броўкі ў гарпасёлку, позірк міжволі затрымліваецца на доме нумар 24, які вылучаецца сваёй акуратнасцю, дагледжаным дваром. Усё тут зроблена з густам і ў меру, як кажуць, няма нічога лішняга і ўсё гарманічна спалучаецца. Для гэтага ўсе старанні прыкладваюць гаспадары сядзібы – Уладзімір і Вольга Гаманёк.

– Калі мы амаль 15 гадоў таму набылі дом, усё тут выглядала даволі сумна: старая хата, у якой многае трэба было перарабляць, рамантаваць, нізкі ўчастак, на які нават складана было заехаць. Жонка ледзь не плакала, як жа мы з усім справімся, нават шкадавала, што кватэру не купілі. Зараз жа ніякіх сумненняў ужо няма: вельмі зручнае і добрае месца, праведзены газ, вада, каналізацыя – усе выгоды. Проста не ўсё адразу робіцца, хоць у доме работа ніколі не заканчваецца, але б ні за што не прамяняў яго на кватэру, – расказвае Уладзімір.

Канечне, у адзін момант усё не пераўтварылася ў прыгожую карцінку. Для таго, каб навесці парадак, прыйшлося многа працаваць. Паралельна з рамонтам жылога памяшкання даводзілі да ладу і падворак. І калі для марафету дома патрэбны немалыя грашовыя ўкладанні, то для парадку на двары хопіць энтузіязму, старання і… падручных матэрыялаў. Навошта выкідваць старыя шыны? З іх гаспадар зрабіў разнастайныя вазоны для кветак, выдатна “ўпісалася” ў агульны выгляд і чаша з таго ж матэрыялу. А зараз Уладзімір працуе над вырабам двух лебедзяў – чорнага і белага. Пайшлі ў ход і пластыкавыя бу­тэлькі, якія пераўтварыліся ў прыгожыя званочкі. Выраслі ў двары і грыбкі, хоць і зроблены са звычайных камянёў, а выглядаюць як сапраўдныя. Не так даўно сваімі рукамі гаспадар зрабіў і калодзеж, ля якога сядзіць з вядром і паглядае на вуліцу кот. Гэты насельнік, дарэчы, “жыве” ў сям’і вельмі даўно – яго Уладзімір падарыў Вользе яшчэ да вяселля.

З адходаў ад будаўнічых матэрыялаў змайстраваў Уладзімір і хатку на курыных лапках, якая заняла пачэснае месца каля варот.

Ідэі па добраўпарадкаванні прыдумваюць разам усёй сям’ёй, знаходзяць у інтэрнэце, а потым увасабляюць у жыццё, дапамагае ў гэтым Вользе і Уладзіміру сын Дзіма. І калі на плечы гаспадара кладзецца майстраванне розных малых архітэктурных форм, то гаспадыня з задавальненнем вырошчвае кветкі. З самай вясны да позняй восені тут нешта цвіце: цюльпаны і нарцысы змяняюць ружы, рамонкі, лілеі, зараз яркімі фарбамі прыцягваюць увагу астры, мальва,  іншыя кветкі.

– Пастаянна хочацца зрабіць штосьці новае, упрыгожыць двор цікавымі формамі, пасадзіць новыя кветкі, усё гэта прыемна рабіць. Акрамя добраўпарадкавання муж захапіўся і вырошчваннем вінаграду, адзін з сартоў ужо трывала абвіў і зробленую альтанку, толькі сядзець у ёй і адпачываць мала часу, бо на двары і ў доме яшчэ шмат рознай работы,  – гаворыць гаспадыня.

Акрамя таго што гэтыя людзі старанныя і працавітыя, яны яшчэ і вельмі сціплыя – доўга не згаджаліся стаць героямі публікацыі:

– Здаецца ж нічога асаблівага ў нас няма, ствараем прыгажосць для сябе, для душы, а не для паказухі, хоць, безумоўна, прыемна чуць станоўчыя водгукі ў свой адрас.

Старанні тых, хто займаецца добраўпарадкаваннем і чые сядзібы радуюць вока, безумоўна, заслугоўваюць увагі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *