Ушачская школа вошла в условный рейтинг «Топ 100 лучших учреждений образования Республики Беларусь». Итоги работы и планы обсуждали на традиционной педагогической конференции

Общество

Пэўна, не адно мерапрыемства не збірае ў адным месцы такую колькасць настаўнікаў, як жнівеньская педагагічная канферэнцыя, якая традыцыйна праходзіць напярэдадні новага навучальнага года. Гэта своеасаблівы педагагічны старт для новых ідэй. Падводзяцца вынікі, намячаюцца новыя перспектывы і планы.

Сёлетняя канферэнцыя была арганізавана ў новым фармаце. Першая яе частка прайшла ва Ушацкай школе ў выглядзе прэзентацый работы ўстаноў адукацыі раёна, дзе кожны педагог мог пазнаёміцца з матэрыяламі з вопыту работы, узяць для сябе патрэбныя і цікавыя ідэі.

Аб павышэнні якасці навучальнага працэсу, пра поспехі і праблемы ішла размова ў другой частцы мерапрыемства ў вялікай зале Дома Саветаў. У сваім справаздачным дакладзе начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І.Ф.Сыроўчанка спынілася на ўсіх накірунках работы навучальных устаноў, нішто не засталося па­за ўвагай.

Вялікая работа праведзена па падрыхтоўцы ўстаноў да навучальнага года – ва ўсіх зроблены касметычны рамонт. Сістэма адукацыі павінна служыць прыкладам ва ўсім, таму кожная ўстанова імкнулася быць лепшай.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца дашкольнай адукацыі. 79 працэнтаў дзяцей ад 1 да 6 гадоў наведваюць дашкольныя ўстановы (абласны паказчык – 77,5%). У раёне адсутнічае і чарга ў дзіцячыя сады. Актыўна прымяняюцца ў дашкольных установах новыя тэхналогіі і методыкі работы – лідарам у гэтым накірунку з’яўляецца яслі­сад №2 г.п.Ушачы. Адным з першых у вобласці ў нашым раёне сталі выкарыстоўваць электроннае меню, якое дазваляе дакладна аналізаваць харчаванне ў дашкольных установах, забяспечваць выкананне і суадносіны  натуральных і грашовых норм. Яно ўстаноўлена ў шасці дзіцячых садах.

– Падводзячы вынікі прайшоўшага навучальнага года, хочацца адзначыць стабільнасць якасці ведаў школьнікаў. Вышэй раённага паказчыка якасць ведаў у Вялікадолецкай, Вяркудскай, Ільюшынскай школах,  – адзначыла Іна Фёдараўна. – Нашы навучэнцы павысілі ўзровень дыпломаў, заваяваных на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, ужо другі год запар выдатна выступіла на алімпіядзе па беларускай мове Ганна Герцык, не было роўных у вобласці па нямецкай мове Паўлу Гардзіёнку.

Удала здалі нашы выпускнікі і цэнтралізаванае тэсціраванне, паказаўшы выдатныя вынікі: больш за 90 балаў набралі выпускнікі Ушацкай школы па фізіцы, рускай мове, матэматыцы, больш за 70 балаў – па біялогіі, вышэй 60 – па хіміі і беларускай мове. Прыемна адзначыць, што рэйтынг “Топ 100 лепшых устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь” увайшло 14 устаноў адукацыі Віцебскай вобласці, у тым ліку і Ушацкая сярэдняя школа!

– Гэта вынік мэтанакіраванай работы і плённай працы ўсяго калектыву. Трапіць у лік ста лепшых, вядома, няпроста! Жадаю вам не спыняцца на дасягнутым і заўсёды быць на вышыні! – адзначыў старшыня райвыканкама В.В.Родзіч, уручаючы “незапланаваную” грамату дырэктару Ушацкай школы В.І.Клімашэўскаму за такі высокі паказчык і прызнанне дзейнасці.

Дарэчы, Віталю Іосіфавічу выходзіць за ўзнагародамі прыходзілася не адзін раз – па многіх накірунках установа знаходзіцца ў лідарах.

Сёлета быў складзены рэйтынг і сярод навучальных устаноў Ушацкага раёна, які ўлічыў асноўныя паказчыкі работы педагагічных калектываў. Сярод дашкольных устаноў першае месца заняў яслі­сад №2 г.п.Ушачы, другое – яслі­сад №1, трэцяе – яслі­сад №3. Сярод устаноў адукацыі на лідарскіх пазіцыях аказаліся Ушацкая, Вялікадолецкая, Арэхаўская і Ільюшынская школы.

Шчырымі апладысментамі ўсе прысутныя сустракалі і пераможцаў раённага агляду­конкурсу па падрыхтоўцы адукацыйных устаноў да новага навучальнага года. Сёлета імі сярод школ сталі Ушацкая, Вялікадолецкая і Кубліцкая. Сярод дашкольных устаноў першынство за Арэхаўскім яслямі­садам, другое месца прысуджана яслям­саду №3 г.п.Ушачы, трэцяе заняў Ільюшынскі яслі­сад, для якога, дарэчы, падарунак падрыхтавала раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”.

Павіншаваць педагогаў з пачаткам новага навучальнага года, прадэманстраваць свае таленты прыйшлі на ўрачыстасць выхаванцы дашкольных устаноў і школьнікі. Іх выступленне, а таксама арганізаваная выстава “Свет захапленняў педагога” стварылі на мерапрыемстве па­сапраўднаму святочны настрой.

Па добрай традыцыі на сустрэчу былі запрошаны і ветэраны педагагічнай працы. Хоць і прадстаўлялі кожнага з іх, але ўсе прысутныя вельмі добра ведаюць тых, хто прысвяціў сваё жыццё рабоце ў школе, а таму віталі іх працяглымі і шчырымі апладысментамі. Малодшыя школьнікі ў знак пашаны і ўдзячнасці ўручылі ветэранам кветкі і падарункі.

З пачаткам працоўнай дзейнасці віншавалі ў гэты дзень і маладое папаўненне педагогаў, якія прыйшлі працаваць у школы Ушаччыны.

Шмат узнагарод атрымалі ўшацкія педагогі за сваю працу. Ганаровыя граматы абласнога ўпраўлення адукацыі ўручаны Н.А.Шарыпа і В.І.Карчэўскаму, Ганаровая грамата абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі – Л.К.Кішулька, раённага выканаўчага камітэта – Л.А.Напрыенка, раённага Савета дэпутатаў – Н.В.Стрыжонак. Ганаровымі граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама адзначаны М.В.Варава, В.В.Венжык, А.Л.Крывёнак, В.В.Муша, Т.А.Пахолак. Ушацкі райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ўзнагародзіў граматай А.П.Клопаву.

Старт новаму навучальнаму году на канферэнцыі быў дадзены пасля сімвалічнага званка. Скончылася ж мерапрыемства яшчэ адным прыемным момантам – дырэктарскі корпус устаноў адукацыі раёна падтрымаў ініцыятыву старшыні райвыканкама па стварэнні сквера на тэрыторыі Ушацкай школы і адразу ж пасля ўрачыстасці кіраўнікі школ і дзіцячых садоў прынялі ўдзел у пасадцы зялёных насаджэнняў у новым месцы адпачынку.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *