Как идёт обмолот участков частников в Ушачском районе

Личное подсобное хозяйство

Малюнак на ўскрайку Матырына нагадваў ідылічны. Нетаропка па ўчастках хадзіў камбайн, стаялі самаробныя трактаркі, на ржышчы  чакала раскладзеная плёнка. Яшчэ пару хвілін – і на яе пасыпецца зерне. “Сухое”, – паспрабаваўшы на зуб, гаворыць Васіль Цішкоў і дастае з прыцэпчыка мяхі. Яшчэ паўгадзіны – і залатая горка перакачавала ў 12 мяхоў. Ураджаем гаспадары, якія гадуюць і парсюкоў, і курэй, задаволены – атрымалі ў чатыры разы больш, чым пасадзілі.

– Вы ж пісалі, што 30 цэнтнераў на круг па раёне – вось і ў нас не горш, – кажа, насыпаючы вёдры, Таіса Цішкова. Яны былі перадапошнімі, каму ў вёсцы зжалі зерневыя на карані.

– Не хваляваліся за ўраджай? – пытаюся ў гаспадыні, паказваючы на хмарнае неба. – Не складалі ў стажкі, а калі б задажджыла?

– Ніколі такога не было, каб зерневыя нязжатыя засталіся, ну а сёлета  наогул не паспелі і паперажываць – абмалацілі раней, чым калі, звычайна ж у верасні.

Для работнікаў “Райаграсэрвіса” аплата за зжаты ўчастак будзе вылічана з зарплаты, у астатніх на полі грошы за паслугу брала малады бухгалтар Маргарыта Жогаль.

Нельга не зазначыць, што  для непасрэдных выканаўцаў і арганізатараў абмалот  не такі просты, як для вяскоўцаў. Літаральна ў кожным сельгаспрадпрыемстве паліва – толькі пад уласныя патрэбы, таму атрыманыя за абмалот сродкі ідуць на набыццё саляркі, каб выехаць на чарговыя ўчасткі. Ва Ушацкім сельсавеце іх сёлета 137, а дапамогу аказваюць “Дземенец” і “Райаграсэрвіс”.

– У лутаўскім баку палоскі прыватнікаў убіралі сіламі “Дземенца”, там мне сачыць не было патрэбы, камбайн запраўлены, спісы вяскоўцаў, каму трэба ўбіраць, складзены, камбайнеры – свае, добра ведаюць мясцовае насельніцтва і заезды – па чарзе, без пераездаў і пайшлі, – кажа старшыня Ушацкага сельвыканкама Васіль Іванавіч Шнітко. – А на палях “Райаграсэрвіса” вёсак больш, малады камбайнер Аляксей Рудзёнак не ўсіх ведае, ды і запраўляемся з колаў – даводзіцца быць побач.

Заканчваецца салярка і памочнік камбайнера, родны брат Аляксея Раман на ўласнай машыне напраўляецца на запраўку.

Для сельгаспрадпрыемстваў абмалот участкаў прыватнікаў, як і ва ўсе часы – не дадатковы від паслуг і адпаведна прыбытак, а сацыяльная падтрымка свайго насельніцтва: расцэнкі невялікія – у асноўным 15 тысяч рублёў за сотку, а калі ўлічыць, што соткі гэтыя засталіся па вёсках лічаныя, а пераезды вялікія – то і ўвогуле. І добра яшчэ, калі зерневыя пасеяны на полі за вёскай, як у Матырыне – убіраць проста, а ў многіх жа ячмень расце пераважна для севазвароту ля дамоў, куды і заехаць праблематычна, і развярнуцца. Улічваючы ж дэфіцыт паліва і адлегласць паміж вёскамі, абмалот патрабуе сёлета як ніколі дакладна  адладжанай счэпкі сельсаветаў, старэйшын і гаспадарак. КУСГП “Глыбачаны” паслугу ажыццяўляе пасля выпіскі квітанцый і абмалочвае, калі камбайны  працуюць блізка на палетках. Ва Усвеі, дзе больш за  іншыя малыя вёскі Глыбачанскага сельсавета ўчасткаў – пяць (!), для зручнасці жыхароў выпіску зрабілі работнікі сельвыканкама, а  жыхарам аддаленых  Лясін яе аформіў старшыня Вялікадолецкага сельвыканкама Алег Леанідавіч Сыс. Увогуле ж зладжана папрацаваў са старэйшынамі вёсак і дырэктарам КУСГП “Вялікадолецкае” і ў выніку першымі ў раёне закончылі абмалот усіх 167 участкаў. Малацілі паралельна з уборкай зерневых гаспадаркі, а калі ў людзей не было магчымасці зрабіць выпіску самастойна – аплату на месцы бралі работнікі бухгалтэрыі.

Старшыні Сарочынскага сельвыканкама Людміле Яўгенаўне Птушка каардынаваць абмалот цяжэй, чым каму, паколькі і самая вялікая колькасць вёсак і ўчасткаў – 190, і раскінуты яны па чатырох не існуючых ужо гаспадарках, ды і асноўнай гаспадарцы-­пераемніцы КУСГП “Арэхаўна” самой аказвалася дапамога. У Канцавых і Федаронках дапамагаў прыватнік В.Прашкевіч, прыхапіў бы і іншыя вёскі, калі б не паломка. У мосарскім баку як заўсёды не кідае аднавяскоўцаў былы фермер М.Рубанік, аднак не абысціся без выезду камбайнаў “Райаграсэрвіса”, у якога  і там ёсць землі, а значыць і нагрузка ў выглядзе палосак прыватнікаў. Уключылася ў абмалот надзелаў вяскоўцаў бліжэйшых вёсак і “Ляснеўшчына”.

– Па вялікіх населеных пунктах, напрыклад, Слабадзе, Сарочыне, дзе многія сеяць зерневыя, абмалот – не праблема, туды нават асобна, толькі для гэтых мэт выдзеліцца камбайн, а вось у Ляхах участак адзін – гаспадарцы выгадней проста зерне адвезці, чым гнаць туды камбайн. Таму і просім людзей ці сеяць на плошчах агульнага севазвароту, ці проста заказваць гатовае зерне, клопату меней і сабе, і гаспадарцы, – гаворыць Л.Я.Птушка.

Сітуацыя тыповая літаральна  для ўсіх, і калі гаспадаркі пачнуць улічваць і праезд да населеных пунктаў, то вяскоўцы самі задумаюцца, набываць ці вырошчваць.

Дарэчы, паралельна з абмалотам па вёсках Ушацкага сельсавета быў арганізаваны і развоз зерня. Старэйшыны склалі спісы, а ў панядзелак “Дземенец” забяспечыў усіх жадаючых жыхароў Угрынак і Цялічына патрэбнай колькасцю кармоў. Лішкамі фуражу могуць падзяліцца з насельніцтвам і іншыя гаспадаркі раёна. Ну а ў цёплы і сухі па прагнозах сіноптыкаў верасень гаспадаркі абмалоцяць палоскі прыватнікаў, што засталіся.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *