Как развиваются личные подсобные хозяйства граждан Ушачского района?

Личное подсобное хозяйство

Які ж вясковец не меў падсобную гаспадарку? Вырашчаныя на ўласных сотках агародніна, садавіна, збожжа, выгадаваная на падворках жыўнасць не толькі забяспечвалі харчаваннем, але і давалі магчымасць прадаваць лішкі і атрымліваць грошы. Так было раней, зараз сітуацыя мяняецца. Як развіваюцца асабістыя падсобныя гаспадаркі грамадзян Ушацкага раёна? Гэтую тэму абмяркоўвалі на апошнім пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, падводзілі вынікі выканання мерапрыемстваў па іх развіцці ў 2012-м годзе і ставілі задачы на новы 2013 год.

Буронак стала менш

Па стане на 1 студзеня 2013 года ў раёне налічваецца 5172 асабістыя падсобныя гаспадаркі, іх колькасць за год зменшылася на 134. На долю іх прыходзіцца каля 35 працэнтаў усёй атрыманай сельскагаспадарчай прадукцыі раёна. Колькасць пагалоўя кароў у насельніцтва раёна таксама знізілася на 85 і складае 596 галоў, 31 з іх прыходзіцца на гарадскі пасёлак.
За 2012 год сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі аказана паслуг насельніцтву на суму 74 мільёны рублёў, у тым ліку па апрацоўцы прысядзібных участкаў – на 29,2 мільёна рублёў, рэалізавана 308 тон зерня па сярэднім кошце рэалізацыі 1800 рублёў за кілаграм, 2,2 тысячы тон сена, 61 тона саломы, 31 тона дробнай бульбы, 987 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы для вырошчвання, прададзена каля тысячы тон арганічных угнаенняў, ПУП “Сарочына” рэалізавала насельніцтву 1367 галоў парасят. Выдзелена 696 гектараў пашаў для выпасу жывёлы, з іх на плошчы 176 гектараў праведзена перазалужэнне. Ушацкай ветстанцыяй у прыватным сектары праведзены супрацьэпізатычныя мерапрыемствы на суму 4,3 мільёна рублёў, аказаны паслугі насельніцтву па лячэнні жывёл на 44,3 мільёна рублёў. Каб забяспечыць насельніцтва харчовай бульбай, агароднінай, пасадачным матэрыялам, было праведзена 29 вясенніх і восеньскіх кірмашоў.
За год з асабістых падворкаў грамадзян закуплена 785 тон малака, а гэта 71 працэнт да задання. Закуп малака на адну карову склаў 1153 кілаграмы. З мэтай кантролю за якасцю здаваемага дзяржаве малака было арганізавана 27 рэйдаў-выездаў.

Лішкі не прападуць

Тых, хто трымае асабістую падсобную гаспадарку, заўсёды хвалюе пытанне, куды здаць лішкі вырашчанай на ўласных сотках прадукцыі. Тут насустрач вяскоўцам ідзе райспажыўтаварыства, нарыхтоўчая дзейнасць якога ажыццяўляецца праз пяць прыёмна-нарыхтоўчых пунктаў і 33 магазіны. За год у насельніцтва раёна закуплена сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны на 4625 мільёнаў рублёў, на аднаго жыхара раёна нарыхтавана прадукцыі на 310 тысяч рублёў. У прыватнасці, закуплена 37 галоў буйной рагатай жывёлы, ад забою якіх атрымана 9,8 тоны мясапрадуктаў, 132,6 тоны бульбы, 113 тон агародніны, 695 тон садавіны.
Для таго, каб павялічыць аб’ёмы нарыхтоўчай дзейнасці праводзіліся абследаванні асабістых падсобных гаспадарак, вывучаліся рэсурсы сельскагаспадарчай прадукцыі, заключаліся дагаворы на закупку і прыём прадукцыі грамадзян. Гэтую практыку плануецца прадоўжыць і ў новым сезоне.

Праблемныя моманты

Нягледзячы на ўсе прымаемыя меры па развіцці асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, ідзе скарачэнне пагалоўя жывёлы, пасяўных плошчаў. З чым гэта звязана? З аднаго боку па-ранейшаму з агульным старэннем насельніцтва, не ва ўсіх сёння ёсць сілы і магчымасці трымаць падсобную гаспадарку. Маладое ж пакаленне не надта імкнецца трымаць карову, курэй ці садзіць агарод, тым больш што ўсё можна купіць у магазіне. З другога боку ёсць і іншыя праблемы, якія негатыўна ўплываюць на развіццё асабістых падсобных гаспадарак. Гэта высокі кошт камбікармоў, мінеральных угнаенняў, сродкаў абароны раслін у магазінах раёна. Праблемным застаецца пытанне вынясення зямельных участкаў грамадзян у агульны севазварот. Калі сяўбу можна правесці малагабарытнай тэхнікай ці ўручную, то сабраць ураджай сучаснымі камбайнамі вельмі складана. У сувязі з гэтым раённы Савет дэпутатаў звяртаецца да грамадзян, якія сеюць зерневыя культуры на прысядзібных участках да 20 сотак, з просьбай па магчымасці вынесці свае соткі ў агульны севазварот гаспадарак. Сельгаспрадпрыемствам вельмі стратна ганяць энерганасычаную тэхніку ў аддаленыя вёсачкі, каб абмалаціць 5-7 сотак, як гэта не раз было ў 2012 годзе. Усім трэба лічыць свае грошы, прымаць меры па скарачэнні страт. Тым больш, што Год беражлівасці абавязвае кожнага думаць пра эканомію.
* * *
Пастановай прэзідыума раённага Савета дэпутатаў адзначана станоўчая работа Жарскага сельвыканкама і ААТ “Ільюшынскі”, Сарочынскага сельвыканкама і КУСГП “Арэхаўна” па аказанні дапамогі жыхарам сельсавета ў вядзенні асабістых падсобных гаспадарак. У 2013 годзе прадоўжыцца работа ў рамках раённай Праграмы развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян Ушацкага раёна на 2011-2015 гады. Таксама зацверджаны мерапрыемствы па выкананні параметраў вытворчасці і рэалізацыі сельгаспрадукцыі ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян на 2013 год.
Падрыхтавала В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *