Работники охраны надёжно охраняют объекты юридических лиц и дома ушачан. Департамент охраны отметил 63-летие со дня образования службы

Общество

29 кастрычніка супрацоўнікі і работнікі падраздзяленняў Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь адзначылі 63-­годдзе з дня ўтварэння службы. Ахова ва Ушачах ажыццяўляе сваю дзейнасць больш за 25 гадоў. За гэты час яна неаднаразова падвяргалася мадэрнізацыі і рэарганізацыі, аднак нязменна трымала курс на забеспячэнне высокага ўзроўню захаванасці дзяржаўнай уласнасці, асабістай маёмасці і бяспекі грамадзян.

У цяперашні час аддзяленне ўваходзіць у склад Полацкага аддзела Дэпартамента аховы і надзейна ахоўвае 89 аб’ектаў юрыдычных асоб, 148 жылых дамоў (кватэр) ушачан, на 59 аб’ектах устаноўлены кнопкі трывожнай сігналізацыі. У судзе і “Белаграпрамбанку” дзяжураць міліцыянеры, райвыканкам і медсклады знаходзяцца пад вартавой аховай. Тэхнічнай службай асвоены навейшыя тэхналогіі, што дазваляе ахоўваць аб’екты і жылыя дамы ў любой кропцы нашага раёна.

Для паспяховага рашэння сваіх задач у аддзяленні маюцца сучасныя сродкі ахоўнай сігналізацыі, транспарт, а таксама верныя памочнікі – службовыя сабакі. Неаднаразова менавіта яны дапамагалі хутка выйсці на след злачынцы, а таму кіналагічная работа тут вядзецца на высокім узроўні. З трыма службовымі сабакамі працуюць Вячаслаў Голік, Дзмітрый Кемстач і Андрэй Лісічонак. У гэтым годзе да іх далучыўся малады супрацоўнік Андрэй Бутоўскі.

Кожныя суткі на маршрут патрулявання заступаюць 2 групы затрымання – адна знаходзіцца на варце спакою і парадку днём, другая – ноччу. Яны імгненна рэагуюць на спробы пранікнення на ахоўваемыя аб’екты. Акрамя гэтага супрацоўнікі аховы спыняюць такія адміністрацыйныя правапарушэнні, як распіванне спіртных напояў у грамадскіх месцах, дробнае хуліганства. Такіх з пачатку года было больш за 300.

Дабіцца поспеху, безумоўна, немагчыма без граматных і падрыхтаваных супрацоўнікаў. Сёння штат аховы складаецца з 35 чалавек. Калектыў вызначаецца згуртаванасцю, узаемавыручкай і ўзаемапавагай, старэйшыя работнікі перадаюць свой вопыт маладым. Зусім нядаўна праводзілі на заслужаны адпачынак Пятра Аляксеевіча Клачка і Валерыя Мікалаевіча Клачка, якія шмат гадоў прысвяцілі службе ў ахове.

– Цяжка нават вылучыць у калектыве самых лепшых, бо ўсе працуюць на добрую адзнаку, – гаворыць начальнік аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Уладзімір Анатольевіч Чумакоў. – Сярод вопытных работнікаў хацелася б адзначыць міліцыянераў­вадзіцеляў групы затрымання Андрэя Хвашча і Дзмітрыя Гірсёнка, на якіх раўняюцца маладыя Максім Аўдошка і Мікалай Шкіндзер (на здымку). Разам з супрацоўнікамі міліцыі штодзень плённа працуе і грамадзянскі персанал, у які ўваходзяць электраманцёры па абслугоўванні ахоўна­пажарнай сігналізацыі, вартаўнікі і ахоўнікі, вадзіцель, інжынер. Лепшымі па прафесіі прызнаны электраманцёры А.Міхайлаў, У.Лёля, В.Сабін, вартаўнікі М.Міцкевіч, С.Лапацін, М.Плікат, С.Хамёнак, вадзіцель У.Гаманёк. Віншую ўвесь свой калектыў, а таксама ветэранаў аховы з гадавінай утварэння службы. Жадаю міру і спакою, здароўя і дабрабыту ў сем’ях!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *