Спортивную форму в подарок получили ореховские школьники за свою лесную деятельность

Наши дети

Новенькі камплект спартыўнай формы атрымалі вучні Арэхаўскай школы. Экіпіроўку колераў дзяржаўнага сцяга, колькасці камплектаў якой хопіць, каб апрануць цэлую футбольную каманду, установе адукацыі падарыў дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў ад нашай выбарчай акругі Сяргей Аляксандравіч Даніловіч. Падчас аднаго з апошніх рабочых візітаў у раён менавіта ў Арэхаўскую школу генеральны дырэктар Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Вольгай Мікалаеўнай Захарэнка завітаў невыпадкова. Прычынай таму – дзейнасць “Лесавічка”.

– Школьнае лясніцтва з такой назвай з моманту заснавання з’яўляецца добрым сябрам Ушацкага лясгаса і дапамагае яму ў вырашэнні шэрагу задач, – расказвае дырэктар установы адукацыі Ларыса Аляксандраўна Булаўка. – Кожны год школьнікі аказваюць дапамогу работнікам лясной гаспадаркі ў пасадцы культур, выходзяць на ўборку месцаў адпачынку, прыдарожных лясных масіваў, выконваюць іншыя віды работ.Агароджванне мурашнікаў, збор шышак, развешванне кармушак, размяшчэнне аншлагаў з агітацыйнымі надпісамі на прыродаахоўную тэму – няпоўны пералік таго, чым займаюцца вучні пад кіраўніцтвам вопытнага педагога Зінаіды Георгіеўны Сяргеевай. Вясной у школьнай майстэрні выраблена і развешана ва ўгоддзях лясгаса 150 сінічнікаў, а ў асобныя гады іх выраблялі нават па 300 штук.

– Работа школьнага лясніцтва з’яўляецца неад’емнай часткай экалагічнага напрамку дзейнасці школы, – адзначае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Фёдараўна Сыроўчанка, якая стаяла ля вытокаў яго зараджэння ў бытнасць дырэктарам установы адукацыі. – Прыемна, што цесныя ўзаемавыгадныя адносіны педкалектыву і вучняў з Ушацкім лясгасам высока ацэньваюцца не толькі ў раёне.

У папярэднія гады С.А.Даніловіч ужо ўзнагароджваў некаторых арэхаўскіх школьных “лесаводаў”, а зараз кіраўніцтвам лесагаспадарчай галіны вобласці адзначана сама ўстанова адукацыі. Новую форму тут жа прымералі старшакласнікі – адны з самых актыўных членаў “Лесавічка”.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *